МАРЫСІНА СЭРЦА

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

paeziya

Над возерам плыла лёгкая дымка, якая здавалася светлым туманам. Восеньскае лісце палымнела на дрэвах, ціха ападала на зямлю і стварала непараўнальную карціну. Марыся глядзела на гэты цуд прыроды праз вакно і міжволі ўздыхнула: “Такая прыгажосць, а майго каханага няма… Мы б пайшлі з ім да парку дальняга, палюбаваліся на наш явар, на лугавыя кветкі. Якое вакол хараство, з Божай ласкі.”  Яе думкі перапыніла пакаёўка, якая зайшла і сказала: “Панічка, трэба ж ужо на баль збірацца, людзі  з’язджаюцца, вунь колькі карэт ля моста, а кавалеры якія выходзяць гжэчныя…” Марыся не вельмі радавалася гэтаму святу, бо яно было для яе нежаданым без любага сэрцу хлопца. Але дзе дзенешся, бацька князь не любіць, калі яму пярэчаць.

Яго характар, уладны і жорсткі, ведаюць усе, таму ніхто не смее нешта рабіць ці думаць сваё. Помніцца, калі адзін слуга апусціў мост без дазволу князя і на двор замка ўехаў сярэдняй рукі госць, яснавяльможны загадаў усыпаць халопу дваццаць удараў нагайкай. Ды ці мала  падобных выпадкаў!?  Не лепшым быў ён і да сямейнікаў, калі хто  спрабаваў парушыць яго волю. І жонка князя, ціхмяная і пакор-лівая, заўжды была ў яго волі. Тое ж унушала і дачцэ, адзінай і прыгожай, светлавалосай і добрай у душы. Марыся не ведала сама, як здарылася, што ёй палюбіўся княжацкі конюх Янка, прыгожы юнак, малады і яснавокі, быццам з  нішы Неа Моні на Хіосе, славутай мазаіцы старажытных майстроў. Толькі той быў суровы, няўмольны, а гэты — зусім юны. Але дужы целам, высокі, сарамлівы. Ён, калі даводзілася бачыць князёўну, зрэдку кідаў на яе гарачыя пагляды, затым апускаў вочы. Дзяўчына адчувала, што падабалася хлопцу, і сама гарэла тым агнём, які ў маладосці апякае кожнага. Ды што ж з таго, калі ведаеш, што няроўныя яны, не дасць ім ніхто злучыць свае сэрцы і рукі. А так хацелася кахання, гэтага светлага і чыстага пачуцця, якое ўдыхнуў у іх Гасподзь.

Аднойчы Марыся ў адсутнасць бацькі зайшла на канюшню, дзе заўсёды было чыста і прыбрана, бо князь любіў сваіх пародзістых коней больш, чым людзей. Нават дываны ў праходзе былі ўсланыя, а насельнікі стайні блішчэлі, чыстыя, сытыя. прымацаваныя да сцяны факелы мудрагелістымі  ўзорамі  асвятлялі памяшканне. Янка хадзіў па канюшні, падкідваў сваім падапечным корм, чысціў стойлы, ласкава гладзіў рысакоў па шыі, нешта гаварыў. Убачыўшы князёўну, збянтэжыўся і нясмела прамовіў:  “Вы прыйшлі паглядзець ці, можа, Вам асядлаць каня?”  “Не,— адказала Марыся, — я проста хачу паглядзець на новага каня, што бацька нядаўна купіў”.  Хлопец з хваляваннем падвёў яе да высокага гнядога жарабца, які неспакойна стрыг вушамі і касіў вокам на людзей. “Сапраўды прыгажун, — прамовіла дзяўчына, — але ж ён, мабыць, наравісты, такі ганарлівы пагляд мае”. “Ну, бываюць такія коні, — адказаў Янка, — але іх можна аб’ездзіць, тады яны становяцца больш рахманымі”. Маладыя людзі пагаварылі пра коней, нечаму пасмяяліся, і Марыся пайшла. А хлопец стаяў і як заварожаны глядзеў ёй услед. Яму хацелася дагнаць яе, сказаць яшчэ што-небудзь, але не хапіла смеласці.

У думках ён марыў пра спатканне дзе-небудзь у засені векавых дрэў парку, ды не верыў у такое: “Хто я? Бедны конюх, а яна — княжацкая дачка, прыгажуня, багатая, але такая прывабная, светлая, як анёл…”

Недзе праз тыдзень Янка ўбачыў Марысю ля канюшні, яна паволі ішла, задумлівая і заклапочаная. Хлопец адважыўся і падышоў: “Прабачце, паненка, Вам што-небудзь паказаць?” “Не, хаця я хацела б убачыць малады явар, што нядаўна пасадзілі дзесьці ў парку. Ты ведаеш, дзе гэта?” У Янкі застукала сэрца хутка-хутка, і ён радасна азваўся: “Так, ведаю, пойдзем, я пакажу”.

І павёў дзяўчыну ў канец парку, на паляну, вакол якой раслі маладыя дрэўцы і цвілі розныя кветкі. Па дарозе расказваў пра іх, што ведаў, стараўся трымацца на адлегласці. Нечакана Марыся спатыкнулася і ледзь не ўпала, але хлопец падтрымаў яе. І нібы гарачы прысак апёк абодвух, прабегла іскра, яны паглядзелі адзін на аднаго, і Янка сказаў: “Я хацеў бы з Вамі сустрэцца тут у суботу вечарам…” Дзяўчына маўчала, а потым сказала:  “Як пацямнее крыху…” І пайшлі да замка. Развіталіся ля варот, а хлопец, шчаслівы і ўзбуджаны, пабег у канюшню.

З таго часу пачалося іх каханне, таемныя сустрэчы, нясмелыя пацалункі, роднасць душ. Як хацелася хлопцу ўкрасці сваю любімую і павезці туды, дзе ніхто іх не ведае, і жыць удваіх, без князя і яго слуг, якія ўжо ведалі пра сустрэчы ў парку.  Аднойчы князь паклікаў да сябе Марысю і грозна спытаў:

— Табе што, кавалераў мала? Звязалася з конюхам. дзе гэта бачна, каб  княжацкая дачка ды так нізка апусцілася! І думаць забудзь пра гэтага халопа, бо па-шкадуеш, калі не паслухаеш. Вунь колькі сватоў было вясной, дык ты  адвярнулася ад шляхетных жаніхоў, а я не ведаў, чаму. Цяпер усё, бацькоўскай  волі супярэчыць не смеееш, а то гора будзе табе і твайму конюху.

Дзяўчына маўчала, засмучаная, у душы было горка і крыўдна. “Як жыць, калі не маеш права ні на што, і на каханне…”

— Ідзі ў свой пакой і падумай добра, я ўсё сказаў.

Тым часам Янка, нічога не падазраючы, марыў пра каханую, бачыў яе вочы ў доўгіх, пушыстых вейках, тонкія, далікатныя рукі, свежы тварык, цёмныя вочы, і на сэрцы станавілася соладка ад успамінаў. Іх прагулкі ў парку, Марысіны аповеды пра род Радзівілаў, які быў вядомы не толькі ў Нясвіжы, але і ў Еўропе, пра рэдкія дрэвы і кветкі, завезеныя з-за мяжы для ўпрыгожання ля замка. “Вось так бы жыць і жыць, быць побач з ёй, маёй зорачкай яснай, больш нічога не трэба…” Яго думкі перапыніў служка, які загадаў ісці ў замак да князя. У юнака задрыжэлі ногі і рукі, ён прадчуваў, што яго чакае нешта нядобрае. Спыніўся ля парога княжацкага пакоя і адразу пачуў:  “Ты што гэта сабе надумаў, пся крэў? Маю дачку збіваць з толку? Паглядзі на яе, а потым на сябе! Запомні, халоп: з сённяшняга дня ты не смей набліжацца да Марысі, калі хочаш жыць! Прэч з вачэй маіх!”

Янка выйшаў з пакоя як нежывы, сумны і прыгнечаны — у яго забіралі самае дарагое, яго каханне, яго Марысю. “Няроўныя, — горкая думка сціскала сэрца. —  Убачыцца б хоць апошні раз і развітацца назаўсёды. Я не забуду цябе, мая светлая”.

Халодным вечарам ён па-прасіў напарніка, каб той наказаў Марысі прыйсці апошні раз у парк на месца іх сустрэч. Але той вырашыў вызначыцца перад князем, Марысі сказаў, а потым  данёс на Янку. Князь клікнуў слуг і загадаў кінуць хлопца ў глыбокую яму, каб не выбраўся, і ежы не даваць.Так і зрабілі. А Марыся на балі ў замку толькі і думала, каб вырвацца ў парк, але яе бацька загадаў пакаёўцы не спускаць вачэй з князёўны і схаваць яе  адзенне. Дзяўчына была ў роспачы, а потым рашылася на адчайны крок. Калі пакаёўка выйшла, яна выбегла ў святочнай сукенцы ў марозны вечар, пабегла ў парк і села на лаўку чакаць каханага. Ішлі мінуты, гадзіны, а Янкі не было. Марыся не заўважыла, як пачала замярзаць, вочы за-жмурыліся, яна легла на лаўку і  вечны сон ахінуў яе…

Яна ўжо не чула крыкаў слуг, якія з факеламі шукалі яе ў парку, не бачыла слёз адчаю бацькі і маці, не ведала, што з каханым сустрэнецца хутка там, дзе няма ні гора, ні слёз. Яе знайшлі пад раніцу, князь ірваў на сабе валасы ад гора, ён не мог і ўявіць, што яго дачка так магла кахаць, што рызыкавала жыццём. Не дадзена сэрцу халоднаму і ганарыстаму зведаць чыстыя пачуцці  і радасць  любові, паверыць, што ўсе людзі роўныя перад Богам. Толькі сэрца Марысі было здольна на ахвяру ў імя кахання, светлага і радаснага, як памяць пра яе ў вяках.

Раіса ХВІР,

 г. Нясвіж.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.