НАВАГОДНІ АНОНС

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

анонс

У госці да князёў

Пачаць Новы год з пахода ў госці да князёў Радзівілаў усіх жадаючых запрашае Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”. З 2 па 8 студзеня 2017 года шаноўныя госці Радзівілаўскага палаца змогуць акунуцца ў атмасферу свят і пацех ХVІІІ стагоддзя.

У надыходзячым годзе будзе адзначацца юбілей гаспадара Нясвіжа, гетмана Вялікага княства Літоўскага князя Міхала Казіміра Радзівіла “Рыбанькі”, і з самых першых дзён 2017 года вы можаце пачаць знаёміцца з ім і яго яркай сям’ёй.

Гасцей будуць чакаць небывалыя сюрпрызы і святочныя забавы — дрэсіраваны мядзведзь цыркавой школы Смаргонскай мядзве-джай акадэміі Радзівілаў, вулічныя палацавыя гульні вакол ёлкі. У самім палацы кожны зможа пазнаёміцца з сям’ёй князя Міхала Казіміра “Рыбанькі”: яго жонкай княгіняй Францішкай Уршуляй з роду Вішнявецкіх, з іх дзецьмі — сынам Каралем Станіславам “Пане Каханку” і дачкой Тэафіліяй. Гаспадары падрыхтавалі самыя яскравыя і радасныя сюрпрызы, падарункі і віншаванні ўсім гасцям. Незабыўныя ўражанні чакаюць і самых маленькіх гасцей — пры палацы створана “Дзіцячая майстэрня”, дзе можна будзе сваімі рукамі ўпрыгожыць палацавы падарунак і забраць яго на памяць. У часы князя “Рыбанькі” Нясвіж называлі малым Версалем, і ў святочныя дні мы зможам перанесціся ў гэту эпоху!

Музыка, жарты, гульні і сюрпрызы падараць вам яркія эмоцыі, падсілкуюць энергіяй і пакінуць самыя цёплыя ўспаміны аб падарожжы ў палац. У мерапрыемствах таксама прымуць удзел музыканты, танцоры і акцёры Музычнага дома “Класіка”, супрацоўнікі музея і самі госці.

 

“Зімовыя забавы”

Дзіцячы адукацыйны цэнтр Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” з 25 снежня гэтага года па 15 студзеня будучага года запрашае дзяцей, бацькоў і педагогаў на “Зімовыя забавы” ў кафэ “Салодкая батлейка”.

“Зімовыя забавы” — гэта вясёлае свята з незвычайнымі героямі, захапляльнымі заданнямі, яскравымі эмоцыямі і незабыўнымі ўражаннямі. У яго праграму ўваходзяць старадаўняя калядная інтэрмедыя батлеечнага тэатра “Цар Ірад”, вясёлыя гульні і конкурсы — рухомыя, танцавальныя і на кемлівасць, навагоднія падарункі, магчымасць сфатаграфавацца з персанажамі свята і пачаставацца ў кафэ “Салодкая батлейка”.

“Зімовыя забавы” ў кафэ “Салодкая батлейка” будуць праходзіць у названы тэрмін кожны дзень у 17.00 па папярэднім запісе.

Тэлефон для даведак 2-39-55.

У гэтыя ж дні ў кафэ “Салодкая батлейка” будуць праходзіць майстар-класы па вырабе навагодніх і калядных ёлачных цацак.

 

Таямніцы старой Ратушы

Сапраўды незабыўнымі стануць калядныя святы для тых, хто вырашыць наведаць у гэты час Нясвіжскую ратушу, дзе вас чакаюць навагоднія інтэрактыўныя праграмы. Гэта святочны квэст «Таямніцы старой Ратушы», які будзе праходзіць для дапытлівых і ўважлівых з 26 снежня гэтага года па 6 студзеня наступнага, і анімацыйная праграма “Немагчымае магчыма: на аўдыенцыі ў войта!” з 2 па 8 студзеня 2017 года, на якую чакаюць актыўных і знаходлівых.

Першая праграма разлічана на сямейную аўдыторыю і дзіцячыя групы, другая будзе цікавай для ўсіх узроставых катэгорый.

Займальныя конкурсы, інтэрактыўныя заданні, праходжанне музейнага лабірынта і шмат іншага чакае вас у ратушы горада. Свята, праведзенае ў ёй, забяспечыць масу прыемных эмоцый і не пакіне абыякавым ні аднаго госця!

Вас чакаюць незабыўныя прыгоды, прызы і падарункі!!!

Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць па тэлефонах: 2-52-83, 2-21-47.

“НН”.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.