Па старонках “Нясвіжскай газеты”

Поделитесь с друзьями
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

008

(Працяг. Пачатак у № 97)

Супрацоўнікі дзяржаўных і камунальных устаноў былі аб’яднаны ў кааператыў, сябры якога маглі бесперашкодна набываць муку, цукар, цукеркі, рыс, каву, запалкі, соль, мыла. Таксама дзяржслужбоўцы мелі іншыя ільготы. Напрыклад, жанчыны, што працавалі ў дзяржаўных установах, а таксама жонкі службоўцаў маглі карыстацца бяс-платнымі паслугамі акушэркі Наталлі Шыманоўскай. Прыём ажыццяўляўся на вуліцы Студэнцкай (адрэзак сённяшняй вуліцы Ленінскай ад 1-га Савецкага завулка да вуліцы Чкалава), у доме Каплана. На гэтай жа вуліцы ў доме № 14 дзяржслужбоўцаў бясплатна аглядаў доктар-стаматолаг Бамштэйн.

Яшчэ адной прыкметай таго цяжкага часу былі шматлікія акцыі па зборы ахвяраванняў на грамадскія патрэбы, якія шырока асвятляліся на газетных старонках. У № 9 (18 лютага 1922 г.) змешчана невялікая нататка аб зборы для рэпатрыянтаў: “Па ўсёй Польшчы Таварыства Чырвонага Крыжа арганізавала збор сродкаў на патрэбы рэпатрыянтаў, якія вяртаюцца з Расіі. Сярод іншага, ухвалены зварот да гандлёвых прадпрыемстваў ахвяраваць на гэтыя мэты 10 % прыбытку, атрыманага на працягу тыдня 29.І — 5.ІІ. Нясвіжскі ад-дзел Таварыства Чырвонага Крыжа звяртаецца да ўсіх уласнікаў магазінаў з просьбай унесці адпаведную суму ў канцылярыю Таварыства ў Нясвіжы (вул. Студэнцкая, 18). Памятайма пра тысячы няшчасных і не прамарудзім ні хвіліны з аказаннем ім дапамогі, якая з’яўляецца нашым святым абавязкам”. Напрыканцы 1923 г. несвіжане збіралі сродкі нават на ўтрыманне арыштантаў у мясцовай турме. У кастрычніку 1922 г. на старонках газеты была надрукавана адозва пад загалоўкам “Дзень студэнта”, якая заклікала ахвяраваць грошы і прадукты для навучэнцаў адноўленага Віленскага ўнівер-сітэта. У рэдакцыйным каментарыі супрацоўнікі “Нясвіжскай газеты” нагадвалі: “…у нашай гімназіі вучыцца цэлы шэраг асоб, якія не маюць сродкаў нават на штодзённую лыжку гарачай стравы…” і прасілі чытачоў не забываць пра гэта. Амаль у кожным нумары змяшчаліся спісы ахвярадаўцаў на абеды для незаможных вучняў. Сярод іх і прыватныя асобы, і цэлыя калектывы. У красавіку 1922 г. рэдакцыя газеты перадала на гэтыя мэты 2 000 марак1, яшчэ 1 000 унёс асабіста Зыгмунт Даманьскі. Па 1 000 марак перадалі павятовы стараста Ежы Чарноцкі і ксёндз Ян Гродзіс.

У красавіку 1922 г. мясцовы Гурток полек (грамадская жаночая арганізацыя) наладзіў збор грошай і прадуктаў на арганізацыю велікоднага пачастунку жаўнераў Нясвіжскага гарнізона (у горадзе было раскватаравана каля 1 500 салдат і афі-цэраў).  За кароткі час сабралі 222 503 маркі, 4 200 яек, 152 фунты пшанічнай і 40 фунтаў жытняй мукі, 152 фунты мясных і каўбасных вырабаў, 18 1/2 галоў сыру. Сярод ахвярадаўцаў сустракаюцца самыя розныя асобы. Напрыклад, князь Радзівіл унёс 20 000 марак, ягоныя службоўцы разам сабралі          6 200, настаўнікі Нясвіж-скай гімназіі перадалі 7 800 марак, жыхары Ланскай гміны — 666 яек, 24 фунты мясных вырабаў і 5 з паловай фунтаў сыру. Дарэчы, імя Альбрыхта Антонія Радзівіла, як ахвярадаўцы, згадваецца на старонках газеты неаднаразова. У красавіку 1923 г. ён перадаў 100 000 марак мясцоваму аддзелу Саюза інвалідаў вайны. Яшчэ раней — бескарысліва аддаў больш за 500 гектараў зямлі ў сваім маёнтку Сталавічы на на-дзелы для былых вайскоўцаў.

nesvizh_vilenskaya_ul

Хаця газета ўсяляк прапагандавала польскую ідэю, у цэлым з шэрагу публікацый паўстае не надта прывабны вобраз “крэсовага” паляка. У карэспандэнцыі аб адкрыцці гарэлачных крамаў (№ 9 ад 18 лютага 1922 г.) канстатавалася, што былыя вайскоўцы, якія мелі ільготы ў гэтай справе, за пэўнае ўзнагароджванне дазвалялі дзейнічаць ад свайго імя пабочным асобам: “…пры падачы заяў аб канцэсіі на адкрыццё ма-       газінаў па продажы алкагольных напіткаў амаль кожны зазначыў, што з’яўляецца былым вайскоўцам. Не будзем абмяркоўваць, наколькі гэта добра, калі людзі, якія служылі ў войску і тым самым давялі свой патрыятызм, цяпер аддаюць свае сілы на распаўсю-джванне алкаголю, хоць маглі б знайсці ім лепшае прымяненне. Але абуральным фактам з’яўляецца тое, што былы вайсковец дазволіў выкарыстаць сваё імя асобе, якая сама ніколі б не атрымала канцэсію…” Аўтар матэрыялу, прысвечанага польскаму землеўладанню і падпісанага “D”, абураўся тым, што большасць асаднікаў — былых вайскоўцаў, якія атрымалі зямлю, не ў стане весці нармальную гаспадарку.

Нягледзячы на асобныя крытычныя матэрыялы, у цэлым на газетных старонках пераважала ўхвальна-патрыятычная танальнасць. З асаблівым захапленнем і падрабязнасцямі апісвалася правядзенне афіцыйных урачыстасцей, такіх, як імяніны2  Начальніка дзяржавы Юзафа Пілсудскага або Дзень канстытуцыі 3 мая3.

У 1922 г. імяніны Пілсудскага (дзень ушанавання Святога Юзафа, 19 сакавіка) прыпалі на ня-дзелю. Яшчэ ў суботу марознае і ветранае надвор’е зусім не спрыяла нейкім публічным урачыстасцям. Але назаўтра, “нібы па загадзе, выглянула сонца, а на невялікі мароз можна было і не зважаць.” У 11 гадзін раніцы на ўсходнім баку рынка, перад палявым алтаром, пашыхтаваліся ганаровыя аддзелы двух кавалерыйскіх палкоў з аркестрамі. Тут жа прысутнічалі прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, урадавых і навучальных устаноў, цікаўныя месцічы. Луналі шматлікія сцягі. Пасля імшы з патрыятычнымі прамовамі выступілі камандзір брыгады палкоўнік Вараксевіч і стараста Чарноцкі. Потым адбыўся парад. У магістраце прайшло ўрачыстае пасяджэнне і канцэрт, дзе сярод іншага быў паказаны спектакль “Заручыны пад кулямі”, пастаўлены мясцовымі аматарамі. У той жа дзень адбыліся дзве ўрачыстыя вечарыны: адна, арганізаваная навучэнцамі настаўніцкай семінарыі, — у замку князя Радзівіла, другая — у гарадской ратушы.

Святкаванне Дня канстытуцыі 3 мая пачалося яшчэ напярэдадні вечарам, калі па вуліцах Нясвіжа праехаў аркестр 27-га ўланскага палка, пад гукі музыкі абвяшчаючы пра заўтрашняе свята. Апоўначы з ратушнай вежы ўрачыста загучалі трубы, сімвалізуючы надыход памятнага дня. У 11 гадзін 3 мая на Рыначнай плошчы перад палявым алтаром ксёндз Рокаш адправіў урачыстую імшу. На набажэнстве прысутнічалі прадстаўнікі цывільнай і вайсковай улады, дэлегацыі ад грамадскіх арганізацый, школ, паліцыі, пажарнай аховы, ганаровыя аддзелы 26-га і 27-га ўланскіх палкоў. Пасля патрыятычных прамоў адбыўся парад. Прычым, адметна, што прайшоў ён двойчы. Спачатку вайскоўцы, рэкруты, гімназісты, паліцэйскія, пажарнікі  і прадстаўнікі вае-нізаваных суполак маршыравалі перад ратушай. Потым калона, да якой далучыліся ўсе ахвочыя, прайшла праз Рыначную плошчу, вуліцы Ратушную, Студэнцкую і Віленскую (сёння — вуліца Савецкая ад скрыжавання з Чкалава да 1-га Савецкага завулка), пасля чаго зноў вярнулася да ратушы. Днём у памяшканні гімназіі адбыўся канцэрт спявачкі Алены Здановіч. Вядомая зорка оперы, уладальніца чароўнага меца-сапрана, неаднойчы выступала ў Варшаве, Пецярбургу, Мілане, Рыме і вось трапіла ў Нясвіж. Увесь прыбытак ад канцэрта быў ахвяраваны на абеды для гімназістаў. А пятай гадзіне вечара ў парку пачалося гулянне пад акампанемент двух ваенных аркестраў.

Андрэй БЛІНЕЦ,

загадчык сектара

навукова-экспазіцыйнай

дзейнасці ДУ “НГКМЗ “Нясвіж”.

  1. 1. Польская марка — грашовая адзінка адноўленай Польскай дзяржавы. Знахо-дзілася ў абарачэнні ў 1917—1924 гг.
  2. 2. Імяніны — штогадовае свята, якое выпадае на дзень, калі царква адзначае памяць аднайменнага святога

3 3 мая 1791 г. была прынята Канстытуцыя Рэчы Паспалітай — другая ў Еўропе пасля французскай. У Польшчы гэты дзень з’яўляецца дзяржаўным святам

(Працяг будзе).


Поделитесь с друзьями
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.