Паклікала Каменка

Поделитесь с друзьями
  • 1
  • 7
  •  
  •  
  •  
  •  

5013585603_9 131008075920

Пра Ніну Іванаўну Нагорную, цікавага, нераўнадушнага чалавека, улюбёнага ў сваю малую радзіму, газета ўжо неяк расказвала. Пра створаны ёю музей роднай вёскі Каменка, пра ўшанаванне народных звычаяў, беларускасці. Ужо два гады, як Ніна Іванаўна пайшла з жыцця. Але людзі, удзячныя за тое, што яна рабіла для сваіх аднавяскоўцаў, памятаюць яе  адкрытую душу, шчодрае сэрца. Добрая справа энтузіясткі працягваецца.

У свой час закончыўшы сярэднюю школу, Ніна Нагорная паехала з роднай Каменкі ў расійскі горад Тальяці. Атрымала вышэйшую адукацыю, працавала там. Але сумавала па сваёй Беларусі. Пайшоўшы на заслужаны адпачынак, яна вярнулася назад у родныя мясціны і пачала займацца карыснай справай: стварыла альбом “Гісторыя вёскі Каменка”. Збірала, як кажуць,  па крупіцах, выпісвала звесткі з архіва, шукала, дзе пражываюць землякі. Разам са сваёй сястрой Марыяй Іванаўнай стварыла музей вёскі. Тут з любоўю і стараннасцю былі сабраны і выстаўлены старадаўнія прадметы: калаўрот, сячкарня, ступкі, маслабойка, прас, розныя даўнейшыя вышыванні ў рамках, абрусы, ручнікі і нават старадаўні  гармонік, пад які некалі танчыла моладзь.

Людзі, якія пражывалі раней у Каменцы, калі прыязджалі наведаць сваякоў або пабыць на магілках родзічаў ці блізкіх сяброў, ніколі не міналі гэтай хаціны. Ніна Іванаўна запрашала ў альтанку пагаварыць, выпіць кубак гарбаты, частавала яблыкамі, слівамі. Здаецца, мы і цяпер чуем яе вясёлы гучны голас. Яна любіла спяваць і весяліць людзей сваім гумарам. Многія ішлі  да яе па дапамогу. Яна ўмела падтрымаць маральна, падбадзёрыць у хвіліны няўпэўненасці, супакоіць у роспачы, супыніць лішнія эмоцыі.

Жыхароў вёскі і гасцей вабіла гэтая хата, якая патанала ў кветках. Увогуле, расліннае царства на ўчастку ўладкавана такім чынам, каб цвіценне ў ім працягвалася ад ранняй вясны да позняй восені, пакуль пялёсткі кветак не астудзяць першыя  маразы. Калі хто прыходзіў з дзецьмі, то і для малых былі  створаны ўмовы: зроблена пясочніца з лаўкамі, многа цацак, гушканка.

Ніна Іванаўна арганізоўвала святы, згодна з народнымі традыцыямі: Калядкі, Масленіцу, Купалле. У цёплую пару сюды збіралася шмат людзей — выхадцаў з Каменкі — з розных куточкаў Беларусі і блізкага замежжа. А сённяшнія жыхары вёскі прысутнічалі  ўсе як адзін, хіба што толькі  самыя нямоглыя заставаліся дома. Спявалі песні,  пускалі на ваду вянкі (за вёскай ёсць сажалка).

Ніна Іванаўна была ўлюбёная ў гэтыя мясціны. “Калі за дзень напрацуешся, або які смутак ахі-не душу, — гаварыла яна, — пойдзеш да сажалкі, ляжаш на траву і думаеш, думаеш… А вакол — такая цішыня, такі пах зямелькі… І некуды дзенецца стомленасць, адыдзе маркота. Становішся бадзёрым і здаровым. Я кожны вечар любіла хадзіць да сажалкі”.

За такі кароткі час яна так многа  зрабіла для сваіх землякоў. Бо лічыла: любую справу трэба выконваць з душой. Любіць сваю вёску, яе жыхароў.

Справа Ніны Іванаўны Нагорнай мае свой працяг. Цяпер усіх, хто хоча наведаць музей вёскі Каменка, вітае ля парога  Марыя Іванаўна Драчан, яе сястра. Яна з мужам, дзецьмі і ўнукамі прыязджае ў родную Каменку з Баранавіч, з ранняй вясны да позняй восені  працуе музей. І тут па-ранейшаму частуюць землякоў чаем, фруктамі. Нетаропка вядуцца гутаркі. Музей і цяпер напаўняецца рэчамі. Прынеслі, напрыклад, прасніцу з верацяном і льняныя ніткі, дамашнія жаронцы, некалішнюю вопратку і іншае.

З часам экспанаты зношваюцца, і муж Марыі Іванаўны Іван Мікалаевіч паабяцаў, што ўсё падрамантуе. Вось такая ў іх сямейная адказнасць.

Дарэчы, у музеі вёскі Каменка захоўваецца прадмет беларускага нацыянальнага  адзення — саматканая спадніца маёй бабулі, Вольгі Вікенцьеўны Акулік, па-мясцоваму — Дзіваковай.

А вось гармонік свайго дзядулі Дзям’яна Кірылавіча Акуліка аддала сюды яго ўнучка Таццяна Іванаўна Краўцова, настаўніца англійскай мовы Аношкаўскай сярэдняй школы. Дзям’ян Кірылавіч быў самавучка, але вельмі любіў іграць. Расказвалі: жонка сварыцца, маўляў, касіць трэба, а ты граеш-граеш. А Дзям’ян Кірылавіч клікне хлопцаў, тыя скосяць яго дзялянку, а за гэта гарманіст вечарам  ладзіў ім танцы.

Малая радзіма вабіць, прыцягвае, родная зямля кліча да сябе сваіх сыноў і дачок. Часта наведваюцца ў Каменку Т.В. Міхнавец  і І.М. Драчэнка з Аношак, М.І. Акулік і Г.М. Слабко з Тарэек, І.В. Паўлоўская з Новага Снова, Л.А. Туціна, І.А. Зялёнка са Снова, А.В. Клімовіч з Друцкаўшчызны. Прыязджаюць і здалёк. З.П. Алешка са Стоўбцаў, А.М. Марук з-пад Мінска, М.В. Андросік з Клецка, Д.І. Чарнабай з Брэста, М.І. Акулік з Мінска, А.А. Чарвякоў з Масквы,  А.В. Юруць з Ліды і тры яе сястры і брат з Самары, Н.А. Рыштоўская з Віцебскай вобласці,          І.А. Була з Нясвіжа, а таксама  Ж.В. Андросік з Крыма  і В.І. Дабрыльянт з Германіі. Прыязджаюць з дзецьмі, з унукамі. Малым жа ўсё ў музеі цікава, тым больш, што можна і за прасніцай пася-дзець, і калаўрот  пакруціць. Дзеці шмат чаго ведаюць і ўжо самі расказваюць пра экспанаты.

У 2016 годзе ў вёсцы прайшлі святы “Гуканне вясны”, “Купалле”, Дзень пажылога чалавека, Дзень маці. У гонар матуль пасадзілі  бярозавую алею.

Калі збіраюцца людзі, хоць і не  ў святы, яны ўспамінаюць былыя гады, спяваюць песні, чытаюць вершы, якія самі складаюць, як, напрыклад, А.М. Марук. М.С. Саленік прывезла свой зборнік вершаў пра Каменку. А.В. Клімовіч — маці 8 дзяцей, якія ўжо дарослыя, — склала гімн роднай  вёскі.

Каменскія жанчыны любяць спяваць беларускія песні: “Колькі ў небе зор…”, “Цячэ рэчанька”, “Коціць удаль Нёман чыстыя воды”, “Слуцкія ткачыхі”, “Касіў Ясь канюшыну”, “Купалінка”…

Ніна Іванаўна Нагорная ў свой час узрушыла трапяткія струны душы, паслала ў блізкія і  далёкія пасяленні шчырае  прывітанне ад родных ніў. І адклікнуліся сэрцы землякоў на покліч сваёй Каменкі. Таму людзі і ўдзячныя гэтай жанчыне, памятаюць яе, успамінаюць добрым словам. А ўнук стрыечнай сястры Ніны Іванаўны і Марыі Іванаўны, 11-класнік з Баранавіч Юрый Саванец, стварыў тры відэафільмы, прысвечаныя памяці Н.І. Нагорнай: “Каменка — сэрца маё”, “Раскіданыя пялёсткі Каменкі”, “Душа і сэрца Каменкі”. Пагля-дзець іх можна ў інтэрнэце ў аднакласніках, група “Каменка”.

Зінаіда ШЫМАНОВІЧ,
ураджэнка вёскі Каменка,

жыхарка аграгарадка Сноў.

 


Поделитесь с друзьями
  • 1
  • 7
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.