“Перад Табой стаю…”

Поделитесь с друзьями
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Фото 1

Фото 1

Чалавек прыходзіць у гэты  свет не сам па сабе, а  праз бацькоў. Бацькі яго выхоўваюць, навучаюць, адпраўляюць у вялікае жыццё. І па якіх шляхах не павёў бы лёс, кожны разумее, што  абавязкі перад бацькамі застаюцца, а таксама знаходзяцца новыя: перад сям’ёй, перад блізкімі людзьмі, перад Радзімай. Але найперш кожны з нас стаіць перад Богам, з усімі вартасцямі і недахопамі, думкамі, помысламі, справамі, а таксама талентамі. У гэтым галоўны сэнс кнігі паэзіі і прозы “Перад Табой стаю…”, прэзентацыя якой адбылася не так даўно ў Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы. Яе аўтар —  сябра раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі”  Зоя Капуста  (Кулік) (фота 1).

Творы Зоі Мікалаеўны ў свой час увайшлі ў калектыўныя зборнікі паэзіі “Букет валошак” і “З адценнем любові”, яны неаднаразова гучалі на раённым і рэспубліканскім радыё, друкаваліся ў раённай газеце “Нясвіж-скія навіны”, часопісе “Жыві як гаспадар”, дзе яна вяла цэлую рубрыку. Многія з гэтых твораў склалі аснову кнігі.

Знаёмства з выданнем  няс-віжскай аўтаркі мы пачалі з яе вершаванай малітвы, праз якую  паэтка прызывае Божае благаславенне на ўсю сваю творчасць. А затым прагучала яшчэ шмат вершаў у выкананні Зоі Мікалаеўны, сяброў раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” Веры Мацневай і Наталлі Бордак, супрацоўніцы друкарні імя Сымона Буднага, дзе і пабачыла свет кніга,  Зоі Клішэвіч, вучняў 11 “А” класа СШ № 1 г. Нясвіжа, якіх рыхтавала да выступлення іх настаўніца Вольга Варэнік.

Фото 2

Фото 2

Многія творы  аўтаркі (вершы “Васілёк на замежку”, “Ці то голасам клічаш” і іншыя) запрашаюць чытача ў яе  дзяцінства, туды,  дзе мама маладая, туды, дзе гучыць яе песня, а  бацькава слова самае трапнае і яго дапамога самая надзейная. Шчырыя словы паэтка дорыць Нясвіжу, роднай вёсцы, знаёмым і блізкім, сябрам,  аднакласнікам, якія, дарэчы, з’явіліся на прэзентацыю з розных мясцін Беларусі ў вялікім складзе (фота 4).

Хвалюецца аўтарка і пра мір ва ўсім свеце, з сумам успамінае складаныя моманты гісторыі.

Зборнік З.М. Капусты (Кулік) уключае і празаічныя творы, прысвечаныя яе  бабулі Наталлі, дзеду Васілю, сябрам-аднакласнікам, роднай школе, людзям, чые лёсы ўражвалі, вёсцы, якая памірала, але не хавала надзеі на адраджэнне… Як паэтычныя, так і празаічныя творы З. Кулік — гэта сапраўдны падарунак несвіжанам і не толькі, бо яны і сталі галоўнымі героямі гэтай кнігі. А падарункам для самой Зоі Мікалаеўны стала выступленне народнага ансамбля “Аношкаўскія музыкі”, каманды КВЗ “Бакс” (фота 2), якую ў свой час стварыла Зоя Мікалаеўна ў Нясвіжскай ЖКГ, Аксаны Круглік і Аляксандра Горынава, а таксама кампетэнтная ацэнка яе творчасці намеснікам галоўнага рэдактара газеты “Нясвіжскія навіны” Соф’яй Любанец,  цёплыя словы ўдзячнасці благачыннага Нясвіжскай царкоўнай акругі протаіерэя Аляксандра Данчанкі, шчырае захапленне яе творчасцю першых чытачоў  Таццяны Лясніцкай і Віталія Раманчука, усхваляваныя словы  загадчыка дзіцяча садка № 4 г. Нясвіжа “Караблік дзяцінства” Вольгі Пуляк, і канечне ж, кветкі ад дачкі і мужа.

Фото 3

Фото 3

Кніга Зоі Капусты  (Кулік) “Перад Табой стаю…” (фота 3) ўжо з’явілася ў фондах бібліятэк раёна і вы, шаноўныя чытачы, можаце самі ацаніць творчасць аўтаркі, магчыма, прачытаць і  пра саміх сябе, бо героі гэтай кнігі зусім побач.

Фото 4

Фото 4

Валянціна ШЧАРБАКОВА,

бібліятэкар 1 катэгорыі аддзела абслугоўвання

і інфармацыі Нясвіжскай цэнтральнай раённай

бібліятэкі імя П. Пранузы.

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.         

 


Поделитесь с друзьями
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.