План на пяцігодку

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

президент

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016 —2020 гады. Праграма падрыхтавана ўрадам на базе асноўных яе палажэнняў, ухваленых раней пятым Усебеларускім народным сходам.

У дакуменце дадзена ацэнка развіцця нацыянальнай эканомікі ў 2011—2015 гадах, сфармуляваны мэты, задачы, прыярытэты і чаканыя вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў 2016 — 2020 гадах. Нараўне з захаваннем пераемнасці курсу і базавых асноў беларускай мадэлі развіцця вызначаны новыя інструменты і механізмы рэалізацыі эканамічнай палітыкі.

Павышэнне якасці жыцця насельніцтва на аснове росту канкурэнтаздольнасці эканомікі, прыцягнення інвестыцый і інавацыйнага развіцця вызначана Праграмай як галоўная мэта развіцця Беларусі. Для яе дасягнення ўстаноўлены актуальныя пры існуючых глабальных тэндэнцыях прыярытэты.

Па-першае, гэта інвестыцыі — як крыніца тэхналагічнага абнаўлення базавых і фарміравання новых інавацыйных галін эканомікі. Па-другое, эфектыўная занятасць на новых рабочых месцах з высокай прадукцыйнасцю — як сродак выкарыстання працоўнага патэнцыялу і сацыяльнай ста-більнасці. Па-трэцяе, экспарт — як галоўны пункт прыкладання намаганняў для збалансаванага эканамічнага развіцця.

Асновай росту канкурэнтаздольнасці будзе інавацыйнае развіццё, фінансавае аздараўленне рэальнага сектара эканомікі, зніжэнне ўсіх відаў выдаткаў, павышэнне ўкладу малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Гэта непасрэдна звязана з прыярытэтамі пяцігодкі «Інфарматызацыя» і «Моладзь». Інфарматызацыя ўнясе сістэмны ўклад у развіццё высокатэхналагічнага сектара эканомікі, пераход да лічбавай эканомікі, фарміраванне спрыяльнага інстытуцыйнага і бізнес-асяроддзя. Менавіта маладое пакаленне заклікана адыграць вырашальную ролю ў пераходзе Беларусі ад індустрыяльнага да інавацыйнага шляху развіцця, эканомікі ведаў. Таму Праграмай прадугледжваецца комплекснае пашырэнне мер падтрымкі моладзі.

У дакуменце таксама змяшчаюцца канкрэтныя галіновыя задачы, пры гэтым акцэнт зроблены на паскоранае фарміраванне новых высокатэхналагічных сектараў эканомікі.

Акрамя таго, задаецца вектар развіцця рэгіёнаў, падкрэсліваецца ўзрастанне іх ролі праз фарміраванне цэнтраў росту. Раскрываюцца меры інвестыцыйнай, інавацыйнай, бюджэтна-падатковай, грашова-крэдытнай і знешнеэканамічнай палітыкі.

Захоўваецца сацыяльная накіраванасць эканамічнай палітыкі. Для грамадзян забяспечваюцца даступнасць паслуг аховы здароўя, адукацыі, навукі, культуры і спорту незалежна ад месца іх пражывання. Узмоцніцца адраснасць і мэтавы характар дзяржаўнай падтрымкі. Будуць прынятыя меры і па стрымліванні кошту квадратнага метра жылля, які ў 2020 годзе павінен адпавядаць сярэдняй заработнай плаце па краіне. Павышэнне сацыяльнай абароненасці работнікаў плануецца забяспечыць за кошт штогадовага ўстанаўлення памеру мінімальнай заработнай платы на ўзроўні мінімальнага спажывецкага бюджэту ў сярэднім на аднаго члена сям’і з чатырох чалавек.

Вызначаны новыя інструменты і механізмы рэалізацыі эканамічнай палітыкі. Сярод іх неабходна вылучыць разняволенне дзелавой ініцыятывы, удасканаленне адносін уласнасці, кантрольнай дзейнасці і стварэнне рэальных умоў па паляпшэнні вядзення бізнесу.

У мэтах выканання пастаўленых Праграмай задач урадам будзе распрацаваны Комплекс мер па яе рэалізацыі, які ахоплівае ўсе напрамкі экана-мічнай і сацыяльнай палітыкі. Рэалізацыя запланаваных мерапрыемстваў забяспечыць структурнае ўдасканаленне і павышэнне канкурэнтаздольнасці эканомікі, устойлівы эканамічны рост на збалансаванай аснове. У прыватнасці, тэмп росту валавога ўнутранага прадукту за пяцігоддзе прагназуецца ў дыяпазоне 112,1—115 %. Гэта больш чым у два разы вышэй у параўнанні з мінулай пяцігодкай (105,9 %). Інфляцыя як паказчык унутранай збалансаванасці да канца пяцігодкі не перавысіць 5 %, паказчык знешняй збалансаванасці — сальда знешняга гандлю — пачынаючы з 2017 г. прагназуецца ўстойліва станоўчым.

Адначасова тэмп росту рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва ў 2020 годзе па адносінах да 2015 года складзе 109,5 — 111,6 %.

Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.