Планета Вайніловіча

Поделитесь с друзьями
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

vaynilovic

Бываючы ў сталіцы, дзівімся Чырвоным касцёлам. З пашанай прыгадваем імя фундатара Эдварда Вайніловіча (1847 — 1928) — чалавека ўзорнага ў Божай веры, стаўленні да людзей і зямлі. Скрушна разважаем аб трагічным лёсе яго дзяцей — Сымона і Алены…

І не прыходзіць у галаву, што  гэта ж усяго праз  кіламетраў пятнаццаць ад нашых нясвіжскіх Вайнілавіч — рукой падаць! — яго Савічы, дзе ён правёў свае лепшыя гады жыцця. Едучы з Нясвіжа на Цімкавічы, збочваем з  яблыневай Раёўкі (а гэта ўжо Капыльскі раён) направа. Праз   кіламетр  палявой дарогі  звыклы агракраявід істотна мяняецца: старасвецкая ліпавая алея можа падацца нечаканай фантастыкай — своеасаблівым тунэлем часу. Глыбіня і перспектыва  звабліва прыцягваюць. І не зможаш ужо спыніцца ці павярнуць назад. Нібы трапіў у гравітацыйнае поле нейкай магутнай і  невядомай табе планеты. А так яно і ёсць! Ты ў гравітацыйным полі планеты Вайніловіча.

Вёска Савічы выпрасталася адной доўгай вуліцай уздоўж рачулкі Мажа, цяпер, на жаль, цалкам меліяраванай. Аднак напаткаць тут чалавека — лічы, шанец. А калі гэта будзе трактарыст гадоў сарака ў гумовых ботах з гронкай вінаграду, што кідае ў рот бобку за бобкай, нібы лузгае гарбузныя семкі, ты — шчасліўчык. Ён табе пакажа, куды кіраваць далей. Ён табе і скажа, што на ўсю вялікую, колісь шматлюдную  вёску толькі чатырнаццаць “жывых” хат.  І там жыццё сядзібы  цепліць хіба што адзінокая бабулька ці зрэдку дзядок. Пахіленыя платы, збуцвелыя брамкі, вокны без шыбаў, хаты без дзвярэй — заходзь, глядзі.

І паглядзі, і прыгледзься: у раўнюткіх, ідэальна падагнаных бярвёнах, у калодзежных трубах  з умураванымі металічнымі лесвіцамі, у выштукаваных і пафарбаваных птушачках  на ліштвах вокнаў, у верандах з выхадам у сад, у глянцавых печках-стаячках, у фасоністых шафах (як цяпер кажам, поўны эксклюзіў) — паўсюль прыкмеціш рупнасць, гаспадарлівасць і сціплую шляхетнасць даўнейшых вяскоўцаў. Гэта вам што, не ген Вайніловіча? Менавіта!

vaynilovic-2

Некалі тут, у Савічах, ён на ўзор паспяхова ладзіў сваю гаспадарку. Мала сказаць “ладзіў”. Дзяліўся ўдалымі напрацоўкамі з беларускімі землеўладальнікамі. Кансультаваў па гаспадарчых пытаннях (каля дзесяці гадоў!) суседзяў Радзівілаў. Запрашаў яго ў намеснікі і прэм’ер-міністр Расіі Сталыпін. Вайніловіч адмовіў. Не з гонару, вядома, а з вялікай занятасці. Сваё разуменне земляробчых парадкаў заўзята даводзіў грамад-скасці Беларусі праз зямельнае таварыства. Прапаноўваў і дамагаўся ўвядзення такіх эканамічна-фінансавых пачаткаў (цяпер гэта часцей называюць рэформамі), што спрыялі б поспеху беларускіх гаспадарнікаў на сялянскай ніве.

Тут, на савічаўскім пагорку,  капаў ён і магілу Сымону, любаму сыну, які пайшоў з жыцця ў 14 гадоў. Праз колькі часу гэтак жа глядзеў у неба з магілы і дачкі Алены (дня не дажыла яна да свайго 19-годдзя). Не зняверыўся і паўтараў: “На ўсё воля Божая”.

Шкада, развітацца са сваёй зямлёй, дарагімі магіламі, жыхарамі ваколіц давялося амаль на дваццаць гадоў раней за Радзівілаў. Хоць і рабіў Вайніловіч захады (“ездзіў недзе ў свет”, як і сёння кажуць мясцоўцы), каб мяжа, што мелася  падзяліць  Беларусь, пасунулася на ўсход. Шмат якія смелыя і дзёрзкія яго задумы, найчасцей — дзяржаўнага ўзроўню, станавіліся амаль дзівоснай рэальнасцю. Але на гэты раз — не.

У Савічах і суседніх Цімкавічах дагэтуль пачуеш, як плакалі-развітваліся вяскоўцы са сваім гаспадаром, прасілі вяртацца (нібыта тое ад яго залежала!..). Не кінуліся рабаваць, калі маёнтак застаўся без гаспадара. Як з гонарам пасведчыла жыхарка Цімкавічаў, ніхто анічога не ўзяў! І дадала: “Толькі мой дзед прынёс на памяць дугу ад воза, дый тую пасля пасёк і спаліў, пабаяўшыся новай улады”. Раскажуць, якім добрым і абыходлівым быў Вайніловіч у стасунках з вяскоўцамі, як выдаткоўваў сродкі на вучобу здольных сялянскіх дзяцей, назавуць імёны тых, хто вывучыўся ў замежных універсітэтах, выйшаў “у вялікія людзі”, пакажуць нават даўнія фотаздымкі. Удзячная трывалая памяць. Таму зусім не здзівішся, што і сёння тут шануюць і даглядаюць родавае пахаванне Вайніловічаў. Яно воддаль ад вёскі, на другім беразе Мажы, пры лесе. Называюць яго, як і некалі,  ласкава-пяшчотна — “паненкі”.

Дарога ад Савічаў да магільнага кургана пралягае якраз праз колішнюю сядзібу Вайніловічаў.  Апроч дыхтоўнай сыраварні з чырвонай цэглы,  не ацалела  больш ніякай пабудовы. Хіба што падчас ворыва плугі трактара скрыгочуць па мурах-камянях даўняга  магутнага фундамента.

Вяртаючыся з-пад тых выносных крыжоў, зноў кінула вокам на хатку і двор васьмідзесяцігадовай савічанкі, што адзінока дажывае тут век (пазнаёміліся і разгаварыліся з ёй, калі шукалі сядзібу). З вуліцы пры брамцы заўважаю пасаджаны сёлетняй вясной, падвязаны матузком з белага паркалю, сантыметраў на восемдзесят у вышыню дубчык бэзу. Уважаная гаспадыня ўсміхаецца: сама саджала. Міжволі думаю, ці разрасцецца бэзік, ці пацешыць каго сваім водарам? Зусім яшчэ кволы, але порстка прыняўся, пракінуўся вялікім цёмна-зялёным лісцем. Нашчадак па-старасвецку ўладкаванага беларускага жытла. Нашчадак з аддаленай у часе планеты Вайніловіча.

Зацвіце, абавязкова зацвіце!..

Наталля ПЛАКСА,

краязнаўца.


Поделитесь с друзьями
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.