Складана. Але цікава і высакародна

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Настаўнік — прафесія цікавая, высакародная, але ў той жа час надзвычай складаная, якая патрабуе поўнай аддачы ад чалавека.  Ён павінен не толькі выдатна ведаць свой прадмет, але і валодаць такімі чалавечымі якасцямі, з дапамогай якіх ён змог бы зацікавіць дзяцей, павесці  за сабой, закрануць іх душу, а галоўнае — выхаваць іх на ўсё жыццё. Нездарма яшчэ Платон сцвяр-джаў: “Калі шавец будзе дрэнным майстрам, то дзяржава ад гэтага не пацерпіць, а вось калі       грамадзян будуць выхоўваць дрэнныя, недасведчаныя настаўнікі, то мы пацерпім ад гэтага ўсе”…

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, заслухоўваючы даклад аб ходзе прыёмнай кампаніі і падрыхтоўцы сістэмы адукацыі да новага 2016/2017 навучальнага года, у чарговы раз звярнуў увагу на  ролю настаўніка ў грамадстве: “Пытанне статусу педагагічнага работніка, скажу дакладней — настаўніка, перш за ўсё сярэдняй школы, ужо набыло не проста грамадскае гучанне, а палітычнае”. Кіраўнік дзяржавы рэзюмаваў:  “Хопіць рэформ у адукацыі, трэба даць нармальныя падручнікі школам… трэба ўдасканальваць тое, што ёсць”. А трэба сказаць, што беларускія школы назапасілі агромністы вопыт выкладання і выхавання,  нашы дзеці пастаянна перамагаюць у рознага кшталту міжнародных спаборніцтвах. Актыўна бяруць удзел і педагогі ў шматлікіх  конкурсах педагагічнага майстэрства.

У наш час, калі ажыццяўляецца выхад краіны ў сусветную адукацыйную прастору, асаблівую важнасць набывае асоба школьнага настаўніка, ад якога найперш і залежыць эфектыўнае вырашэнне многіх  задач. Асаблівая нагрузка кладзецца на настаўнікаў мовы і літаратуры, паколькі мастацкая літаратура па праву называецца чалавеказнаўствам, а выкладанне яе становіцца працэсам фарміравання духоўнага свету юнай асобы.

Сёння ў грамадстве стаўленне да гэтай прафесіі рознае, бывае, што і негатыўнае.  Ды і моладзь, нават тая,  у якой у дыпломах значацца  педагагічныя спецыяльнасці,  нярэдка імкнецца прымяніць свае веды і навыкі ў любых сферах, толькі не  ў адукацыйных. Аднак, нягледзячы ні на што, настаўнік — гэта не толькі прафесія, гэта  стан  душы чалавека,  прызванне. Гэта лад жыцця і думак, гэта філасофія і светапогляд. Гэта прафесія ад Бога. І таму, калі чалавек бачыць сэнс жыцця ў тым, каб аддаваць душу і сэрца дзецям, не шкадуючы сіл і часу, для яго прафесія настаўніка заўсёды будзе прэстыжнай.

Працу настаўніка  можна параў-наць з  працай хлебароба і будаў-ніка — з зярнят дабра і справядлівасці вырошчвае настаўнік нашу душу, з цаглінак ведаў складае наш розум. Навучаючы і выхоўваючы, настаўнік развівае нашу ўвагу, памяць, жыццёвыя ўяўленні і, нарэшце, дапамагае кожнаму вучню знайсці правільную сцяжынку жыцця. І самае галоўнае — сваімі справамі і сваім словам настаўнік выкладае нам самую цяжкую на свеце навуку — быць Людзьмі.

Прафесія настаўніка  прываблівае многіх тым, што можна прасачыць за духоўным ростам вучня, убачыць канчатковы вынік сваёй карпатлівай працы. Як жа радуецца душа, калі дзіця дабіваецца значных поспехаў у вучобе, далейшым жыцці!.. Тады адчуваеш сябе патрэбным і пачынаеш працаваць з яшчэ большай аддачай. Важна ствараць настаўнікам умовы для творчасці і супрацоўніцтва з моладдзю. Там, дзе будуць адсутнічаць фармалізм, мітуслівыя і неабгрунтаваныя распараджэнні,  прафесія заявіць сама пра сябе ў поўнай гармоніі і  прыгажосці.

Не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца. Гэта прымаўка мае самае непасрэднае дачыненне да  прафесіі педагога.  Многія настаўнікі дэманструюць на сваім прыкладзе найвышэйшы пілатаж у прафесіі, а ў школах нярэдка працуюць сямейныя дынастыі.  Выпускнікі педагагічных універсітэтаў вяртаюцца ў школы, дзе яны навучаліся. І робяць гэта з прычыны той атмасферы, якая там панавала, з-за настаўнікаў, якія натхнілі іх на прафесійны выбар.

Паспяховасць педагога не можа вымярацца толькі колькасцю падрыхтаваных настаўнікам пераможцаў алімпіяд і конкурсаў.  Тое ж класнае кіраўніцтва ў праблемным класе, дзе ёсць шмат “цяжкіх” вучняў, не менш важнае і адказнае. Аўтарытэтам у вучняў і іх бацькоў будзе карыстацца настаўнік, які не толькі дасканала валодае сваім прадметам, але і  эрудзіраваны, мае шырокі кругагляд і веды ў сумежных галінах. Нельга ва ўніверсітэце падрыхтаваць да ўсяго — настаўнік проста павінен быць гатовы да пастаяннага самаразвіцця і ўдасканалення.

Бясспрэчна, гэтая прафесія супрацьпаказана людзям, арыентаваным на атрыманне хуткага выніку. Такія гора-спецыялісты часцей раздражняюцца, калі ў іх вучняў штосьці не атрымліваецца, калі спробы і  намаганні не апраўдваюць сябе. Педагогіцы ўласціва такое паняцце, як “адтэрмінаваны вынік”. Калі педагог  яшчэ і цікавы чалавек,  пастаянна нешта прапаноўвае падлеткам, арганізоўвае, то дзеці яго чакаюць, любяць і паважаюць.

Стаўшы настаўнікам,  знахо-дзячыся сярод дзяцей,  ты адчуваеш сябе маладым. Гэта ж проста чароўна — ствараць карцінкі  непаўторнага дзіцячага свету, напаўняць іх рознымі колерамі, жывым дыханнем. Дзякуючы Педагогу,   дзеці змогуць здзейсніць ужо заўтра вялікія і малыя  адкрыцці, дапамогуць чалавецтву пазбавіцца ад хваробаў, пабудаваць прыгожыя гарады, нават зрабіць больш разумнымі сувязі ў інтэрнэце, наогул, стаць добрымі людзьмі і змяніць свет да лепшага.

Канстанцін КАРНЯЛЮК,

педагог.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.