Спадчына святой Еўфрасінні

2016_1

Да 15 студзеня ў замку  Радзівілаў будзе дзейнічаць выстава са збораў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Спадчына святой Еўфрасінні”.

Нябесная абаронца і апякунка Беларусі Еўфрасіння Полацкая стала першай усходнеславянскай жанчынай, кананізаванай праваслаўнай царквою, і адзінай Святой, якую прызнаюць усе хрысціянскія канфесіі. Сілаю Веры, Дабра і Мудрасці яна садзейнічала ўсталяванню міру на Полацкай зямлі, распаўсюджванню асветы, хрысціянскага ладу жыцця.

Сабраўшы вакол сябе выбітных майстроў (архітэктара Іаана, ювеліра Лазара Богшу), Еўфра-сіння стала першай жанчынай, якая адкрыла кляштар, пабудавала храм, для якога замовіла сусветна вядомы ўзвіжальны крыж, атрымала цудатворную ікону Божай Маці, напісаную евангелістам Лукой.

Закончыўшы зямны шлях у Святой зямлі, праз некалькі стагоддзяў прападобная Еўфрасіння знайшла вечны спакой у сваім полацкім прыстанку, духоўна злучыўшы Канстанцінопаль, Іерусалім, Кіеў і Полацк.

Пры жыцці Св. Еўфрасінні Спаса-Прэабражэнскі храм быў распісаны фрэскамі, якія захаваліся да нашых дзён у поўным аб’ёме. Іх ансамбль уяўляе сабой абсалютна ўнікальную з’яву ў культурнай спадчыне Старажытнай Русі. Па паўнаце захавальнасці першапачатковай дэкарацыі Спаскую царкву можна параўнаць толькі з ансамблямі Сафіі Кіеўскай (1040-я гг.) і сабора Мірож-скага кляштара ў Пскове (каля 1140 г.).

Сцены ўнутры храма, якія ўтрымлівалі сярэднявечны роспіс, неаднаразова пакрываліся пабелкаю, тынкоўкаю і новымі алейнымі роспісамі. Апошні запіс, зроблены ў 1885 г., уяўляе сабой цэльны ансамбль роспісаў, які валодае гістарычнай і мастацкай каштоўнасцю. Дзякуючы распрацаваным тэхналогіям адслаення жывапісу, два апошнія слаі ўдалося захаваць.

Метад адслаення жывапісу XIX ст. ад фрэсак XII ст. у Спаскай царкве Еўфрасіньеўскага кляштара горада Полацка і перанос фарбавага слоя запісу на новую аснову дазваляюць захаваць абодва слаі жывапісу — першапачатковы слой і абноўлены, які таксама з’яўляецца аб’ектам мастацкай спадчыны.

Музеефікацыя адслоенага алейнага жывапісу XVIII-XIX стст. дазваляе прадставіць у поўным аб’ёме гістарычную і культурную каштоўнасць унікальнага помніка архітэктуры і жывапісу — Спаса-Прэабражэнскага храма Спаса-Еўфрасіньеўскага кляштара ў Полацку.

“НН”.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.