У пошуках прыгод

Поделитесь с друзьями
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Падчас адкрыцця выставы

Падчас адкрыцця выставы

Амаль увесь лістапад салон-галерэю “Скарбніца” ўпрыгожвала выстава турыстычных фотаздымкаў “Успаміны, якія грэюць”, якая на гэты раз была прымеркавана не толькі да заканчэння турыстычнага сезону, але і да першага юбілею Няс-віжскага турыстычнага клуба “Вандроўнік” як грамадскай арганізацыі, якая аб’ядноўвае людзей розных прафесій у пошуках прыгод.

Пасля адкрыцця непасрэдна самой выставы і знаёмства з ёю першых наведвальнікаў, аўтары фотаздымкаў і іх таварышы па “турыстычным цэху” сабраліся ў канферэнц-зале цэнтральнай раённай бібліятэкі, дзе быў прадэманстараваны відэафільм аб самых хвалюючых момантах паходнага жыцця. Вандроўнікі яшчэ раз узгадалі, як  праходзілі бур-лівыя парогі рэк  Кольскага паўвострава і Карэліі і ціхія, але месцамі вельмі няпростыя водныя артэрыі Беларусі, як выцягвалі фантастычныя рыбіны і адпачывалі ля жывога агню кастра. Самыя вопытныя турысты, з якіх, уласна, і пачынаўся турыстычны рух у раёне, падзяліліся з прысутнымі незабыўнымі ўспамінамі, а таксама сваімі марамі і пажаданнямі.

“Уверх, да сонца Карэліі”. Ігар Богуш

“Уверх, да сонца Карэліі”. Ігар Богуш

Так, вядомы хірург цэнтральнай раённай бальні-цы Ігар Богуш, адзін з самых першых        удзельнікаў клуба, узгадаў, што ўпершыню атрымаў уяўленне аб паходным жыцці яшчэ ў 80-я гады мінулага стагоддзя, калі ад работы атрымаў пуцёўку ў Карпаты. Адным з момантаў адпачынку там нечакана стаў пешы паход на 21 кіламетр з рукзаком. Спачатку ўсё здавалася лёгкім і простым, ногі нібы самі беглі па асфальтавай дарозе, але вось маршрут пайшоў праз лес, далей — па перадгор’ях і стала адчувацца і нагрузка ад хадзьбы, і рукзак на плячах. Але ж да ночы ўсе дабраліся да фінішу, пераначавалі, а раніцай, як узгадвае паважаны расказчык, яго ахапіла адчуванне нейкага парадоксу: чалавек пераадолеў пэўныя цяжкасці і атрымаў ад гэтага незвычайную асалоду!

— З таго часу, — гаворыць Ігар Мадэставіч, — я захапіўся тым, каб нейкім чынам праводзіць адпачынак на прыродзе.

Паспрыяла гэтаму і знаёмства  з родным братам калегі па рабоце ў бальніцы Соф’і Гінзбург, які ўзначальваў турклуб віцебскага завода “Віцязь”. І з таго часу нясвіжскі доктар стаў штогод бываць у Віцебску, адкуль ён і мясцовыя турысты два разы ў год накіроўваліся ў свае водныя паходы па Віцебшчыне. У 1989 годзе яны ўпершыню паехалі ў Карэлію, атрымаўшы незабыўныя ўражанні плавання па Белым моры і радасці ад перамогі над цяжкасцямі. Захапленнем Ігара Мадэставіча паступова “заразіліся” і іншыя несвіжане, і ў выніку водны турызм трывала ўвайшоў у іх жыццё, а сяброўства з таварышамі па захапленні з поўначы Беларусі стала яшчэ больш моцным, што і адлюстроўваецца штогод у сумеснай выставе нясвіжскіх і віцебскіх турыстаў.

“Бег вірлівай ракі”.  Мікалай Белезякоў

“Бег вірлівай ракі”.
Мікалай Белезякоў

“Перад пагружэннем”. Юрась Язвінскі

“Перад пагружэннем”. Юрась Язвінскі

Дарэчы, у гэтым годзе нашы воднікі ізноў пабывалі на Кольскім паўвостраве, на рацэ Тунт-сайокі, назва якой з фінскай мовы перакладаецца як “рака смерці”. Толькі сёлета яна была не такой мнагаводнай, таму яе парогі было не так цяжка праходзіць, як звычайна. Здымкі, якія Ігар Мадэставіч прадаставіў на выставу, былі якраз зроблены на гэтай рацэ і рацэ Тумча, у якую ўпадае Тунтсайокі.

Шмат цікавага аб турклубе “Вандроўнік” узгадаў яшчэ адзін з яго першапачынальнікаў, настаўнік фізкультуры Нясвіжскай СШ №3 Аляксандр Язвінскі. Ён расказаў, як у 1979 годзе пачаў працаваць у школе і трапіў на школьны турыстычны злёт. Яму стала шкада, што да сапраўднага турызму там было яшчэ вельмі далёка, і малады педагог вырашыў змяніць гэту сітуацыю да лепшага, прыцягнуць да карыснага і здаровага захаплення дзяцей і моладзь. Турыстычнае рыштаванне было ў вялікім дэфіцыце ў савецкі час, але хто шукае — той знаходзіць. Металічныя карабіны выкавалі на адным з мінскіх заводаў, вяроўкі бралі, якія прыйдзецца, калі трэба, скручвалі іх  у дзве столкі. У выніку, турыстычныя злёты сталі праходзіць па-сапраўднаму, паступова расла і колькасць турыстаў.

Аляксандр Рычардавіч таксама з удзячнасцю ўзгадаў Іосіфа Івашкевіча і Уладзіміра Азаронка, якія аднымі з першых падтрымалі і раздзялілі яго захапленне, затым да іх дадаліся Уладзімір і Алена Цымбарэвіч, якая, дарэчы, зараз і ўзначальвае “Вандроўнік” як грамадскае аб’яднанне.

Што да захаплення фатаграфі-яй, то пра гэта Аляксандр Язвінскі сказаў у нашай гутарцы так:

— Вельмі шмат прыгожых момантаў у паходзе проста не ўсведамляеш, нават калі здымаеш. Гэта як на аўтамабілі — калі глядзець па баках, то далёка не заедзеш. Так і калі ідзеш у парог, то думаеш не пра яго прыгажосць, а пра тое, як бы яго праскочыць. А прыгажосць ужо пасля разглядаецца. На здымках.

“Парог на рацэ Тумча”.  Алесь Язвінскі

“Парог на рацэ Тумча”.
Алесь Язвінскі

“Поўня над карэльскім лесам  (узбярэжжа ракі Тунтсайокі)”.  Уладзімір Цымбарэвіч

“Поўня над карэльскім лесам (узбярэжжа ракі Тунтсайокі)”.
Уладзімір Цымбарэвіч

Яшчэ адзін з першапачынальнікаў “Вандроўніка” — Генадзь Аксёнік, якому, дарэчы, належыць сама ідэя назвы клуба — унёс вялікі ўклад у работу з моладдзю, асабліва навучэнцамі Нясвіжскага каледжа, вадзіў іх па паходах, вазіў на спаборніцтвы. Сам Генадзь Мікалаевіч у сваім выступленні асабліва адзначыў, што вельмі рады таму, што турызм у Нясвіжы стаў сямейным захапленнем, і толькі сёлета маладая змена ўжо тройчы пабывала ў водных паходах па Нёмане. Асабліва вызначаюцца сем’і Мікітовіч, Шуста, Паўлючук, Карачун і іншыя. А першымі юнымі турыстамі, з якіх, уласна, і пачалося прыцягненне да паходаў маладой змены, сталі дзеці Аляксандра Язвінскага, як найбольш падрыхтаваныя, затым — Іосіфа Івашкевіча, а затым — і вучні Нясвіжскай гімназіі. Уражвае, што моладзі не саступае ў захапленні прыгодамі самая ўмудроная вопытам турыстка — Раіса Трафімаўна Пажытка, якая не так даўно размяняла восьмы дзясятак, чаму можна толькі па-добраму пазайздросціць.

“Роздум каля парога Яма”. Аляксандр Спірыдонаў

“Роздум каля парога Яма”. Аляксандр Спірыдонаў

“Воля да жыцця  (лес на востраве  Валаам)”.  Генадзь Аксёнік

“Воля да жыцця (лес на востраве Валаам)”.
Генадзь Аксёнік

Увогуле, кожны аўтар, які быў прадстаўлены на выставе, расказаў нешта сваё: Уладзімір Цымбарэвіч — аб беларускіх прыгажунях Беразіне і Нёмане, аб нязвыклай для нашага вока прыродзе Карэліі, Юрась Язвінскі — аб хітрыках Шчары, якая ледзь прапусціла маладых турыстаў праз свой чарот і нечаканыя павароты і тупікі, Аляксей Сачко — аб велічнай прыгажосці Казбека і ўвогуле Грузіі, госць з Віцебска Мікалай Белезякоў — аб тым, як, дзякуючы паходу на Кольскі паўвостраў, зразумеў, што такое “зямля без зямлі” і як гэта дапамагае цаніць родную Беларусь. Усё гэта і многае іншае назаўсёды засталося ва “успамінах, якія грэюць-2016”.

А юнаму “Вандроўніку” — грамадскаму аб’яднанню — хочацца пажадаць, каб у бліжэйшы час збыліся мары яго ўдзельнікаў аб стварэнні на яго аснове маршрутна-кваліфікацыйнай камісіі, якая дазволіла б афіцыйна хадзіць у катэгарыйныя паходы і яшчэ вышэй узняць сцяг нясвіжскага турызму.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.   

 


Поделитесь с друзьями
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.