У радасным чаканні

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

1

Каляды — адно з самых  яркіх і запамінальных свят, якому ўласцівы свае  традыцыі і абрады. Яго адзначаюць людзі розных узростаў. Аб тым, як яны святкуюць Божае Нараджэнне — наша міні-інтэрв’ю з жыхарамі Нясвіжа.

Ганна Мікалаеўна Сярпін-ская, настаўніца:

— Свята Божага Нараджэння — адно з самых урачыстых і прыгожых свят. Гэта спакой і цішыня — суладдзе Бога, чалавека і прыроды. Да свята Каляд рыхтуемся з самымі светлымі думкамі і пачуццямі: у часе Адвэнту ўдзельнічаем у раратніх Імшах, робім пэўныя пастановы, каб перамяніць сваё жыццё на лепшае. Свята Божага Нара-джэння было ў маім жыцці заўсёды, дзякуючы маёй бабулі, якая сама жыла ў веры і выхавала ў веры сваіх дзяцей і ўнукаў. З дзяцінства памятаю: абавязковая споведзь, каб духоўна падрыхтавацца; на стале, пад абрусам, пакладзена сена; посныя стравы; куцця; лішняя талерка і прыбор для падарожнага, для Хрыста; запаленая калядная свечка і сумесная малітва. Пасля абменьваліся аплаткам — белым хлебам, жадаючы адзін аднаму, каб Маленькі Езус гасціў у нашых сэрцах і напаўняў іх любоўю, прабачэннем і добразычлівасцю. Звычайна разам з намі была адзінокая старэнькая суседка…

Усе традыцыі імкнуся захоў-ваць цяпер сама. Калі на небе з,яўляецца першая зорка, мы ўсёй сям,ёй збіраемся на вячэру, а пасля ідзём у касцёл на Пастэрку.

Жадаю ўсім вернікам вясёлых і незабыўных свят. Няхай Сын Божы адорыць нас моцай, радасцю і здароўем. Хай усіх шчыра радуе карагод жыцця!

Зікфрыда Іванаўна Ягорава, пенсіянерка:

— Для мяне гэта самае ўрачыстае свята. Свята душэўнай радасці і спакою — Хрыстос жа нарадзіўся! Самае галоўнае, каб душа была чыстай, чыстай ад грахоў.

Каляды святкавалі і мае продкі. Памятаю з дзяцінства: вечарам на куццю мама клала сена на стол, засцілала белым абрусам. Мы, дзеці, дапамагалі прыбіраць ялінку. А з першай зоркай запальвалі свечку, маліліся, дзяліліся аплаткам. Любімай стравай дзяцей былі аладкі з макам. Яшчэ памятаю, хадзілі калядоўшчыкі з Каляднай зоркай. Спявалі песні, а бацькі клалі ім у карзіну прысмакі.

Нараджэнне Хрыста святкую і зараз, хаджу ў касцёл на святую імшу.

Ігар Давідоўскі, вучань 3 класа:

— Я ведаю, што на Каляды нарадзіўся Хрыстос. У касцёле прыгожа на свята. Там шмат ёлак з агеньчыкамі, а яшчэ — яслі для маленькага Ісуса. У мінулым годзе мы з мамай рабілі прыгожы шар з нітак, у яго ўстаўлялі свечку — гэта быў ліхтар, з якім я і іншыя дзеці хадзілі на рараты. Мы хадзілі па касцёле і чыталі малітву перад кожнай з 12 ікон. Яшчэ я ўдзельнічаў у конкурсе на лепшы ліхтарык, а таксама нам давалі наклейкі, з якіх трэба было скласці карцінку з выявай Ісуса. Нам  уручалі падарункі. Малітвы з намі вучылі сёстры Галіна і Яніна. А яшчэ мы ходзім да бабулі Алены  на куццю. На стол яна кладзе сена, рыхтуе верашчаку (мачанку) з блінамі, мы дзелімся аплаткам. трэба, каб стравы былі поснымі. А пад ёлкай у яе заўсёды ёсць падарункі.

Запісала

 Вольга КАНДРУКЕВІЧ.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.