ЗОРАЧКІ НАД ЛЯВОНАВІЧАМІ

Поделитесь с друзьями
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Першае сямейнае фота:  малы Сяргейка з бацькамі

Першае сямейнае фота:
малы Сяргейка з бацькамі

Мае нататкі — працяг юбілейнай тэмы сёлетняга года. У папярэдніх нумарах З. Сілкова нагадала чытачам газеты пра 90-годдзе Івана Шамякіна, А. Карнялюк — пра гэтакі ж юбілей Івана Мележа, а таксама пра 120-годдзе “класіка сусветнай паэзіі” Сяргея Ясеніна. Я ж прапаную колькі слоў з нагоды 110-годдзя нашага земляка, таксама шырока вядомага ў далёкім свеце, Сяргея Новіка-Пеюна. Яго журліва-лірычныя “Зорачкі”, як сведчаць лісты з замежжа, пяюць у Амерыцы (А. Вініцкі), Англіі (Л. Здорык), Аўстраліі (М. Гаціла)  дый  шмат  дзе ў свеце.

Да яго літаратурнага псеўданіма — Новік-Пяюн — спрычыніўся сам Янка Купала. Хоць і дагэтуль быў неблагі — артыстычны, інтрыгоўны, з лёгкім гарэзлівым досціпам — Малады Дзядок. Затым Пяюн. Сустрэліся ў Слоніме, перад вайной. Купала пахваліў верш маладога паэта, глянуў на подпіс — Сяргей Пяюн. І прапанаваў спалучыць сапраўднае прозвішча і псеўданім, маўляў, Новік-Пяюн будзе лепей, званчэй.

Дапоўненае імя, аднак, ані не перайначыла сутнасці паэта, музыкі, мастака, краязнаўцы, эсперантыста. Ці Малады Дзядок, ці Новік-Пяюн, пры ўсіх уладах (а яны за адмераны век мяняліся ды мяняліся) заставаўся гэтакім штатным… “злачынцам”. Сам, бадай,  ніколі і не пярэчыў, адно што любіў паўтараць: “Калі мая любоў да Радзімы — злачынства, тады я  першы злачынец”. У рэшце рэшт, несуцешны рахунак лёсу:  высылкі, прымусовыя пасяленні, турмы і лагеры змарнавалі 25 гадоў (чвэрць стагоддзя!) актыўнага і плённага ўзросту.

Апошні прыжыццёвы зборнік паэта (тытульная старонка з аўтографам). Мінск, 1993 год

Апошні прыжыццёвы зборнік паэта (тытульная старонка з аўтографам). Мінск, 1993 год

Пакутнікі жывуць доўга і шчасліва. Часам — на зайздрасць усім “шчасліўцам” з пазалочанымі прыбіральнямі.

Знайшлося некалькі лістоў чыстай паперы — шчасце!

Падараваў хтось рэшту хімічнага алоўка — цуд!

Думалі, ты ўжо сканаў на лагерных нарах,  знялі  з цябе адзенне (навошта яно мёртваму?), а ты жывы, заварушыўся, ледзь чутна застагнаў — Боскі дарунак!

Другі тыдзень у перапоўненым вагоне зноў вязуць цябе на дзесяць гадоў немаведама куды, а ты ў паўсонным трызненні пачуў, што сёння Купалле,  і ў пакутнай дарозе выгнання складаецца песня — “Кветка шчасця”!

І ўжо на старасці гадоў — дзіўнае дзіва, анёлак з нябёсаў: асляпляльна малады і прыгожы амерыканскі беларус Багдан Андрусішын (Данчык) заспяваў  яго “Зорачкі”!  Тую тужлівую скаргу-просьбу гаротніка, пазбаўленага і татулькі, і матанькі, і родных хат, і зорак над імі; той самы матыў, што суправаджаў лявонавіцкага творцу, яшчэ зусім маладога чалавека,  падчас  першага выгнання.

Заспяваў — як “родны брат”, на ўсю Беларусь, на ўвесь свет:

Навакол нідзе не ўгледзіш

родных хат,

Не працягне рук зычліва

родны брат…

І аж здрыганецца ад жалю гітара, засмыліць балесным рэхам струна. Вось-вось абарвецца, змоўкне. Але ўтрывала, здалела роспачны лад. І ў голасе Данчыка зацеплілася нотка надзеі…

Адпаведнасць “аўтар — выканаўца” ўражвае і кранае.  Песняй двух сэрцаў хочацца  назваць гэтае выключнае творчае  адзінства.

Спытала ў самога Данчыка, як тое дзіва здарылася, што заспяваў ён мелодыі-песні свайго брата-беларуса? Ці бачыўся  калі з аўтарам? Як успрымалі шматлікія слухачы тыя песні?

З гранічна шчырых прыгадак спевака выходзіла, што песні і “Вечар над Шчарай” (“Слонімскі вальс”), і “Зорачкі” , дый шмат якія іншыя са сталага рэпертуару Данчыка, прыйшлі да яго ад маці:

—  Яна часта напявала, прыгадвала тое, што спявалі ў лагерах перасяленцы, калі былі ў Нямеччыне, пасля ў Амерыцы. Некаторыя песні дасылаў Янка Запруднік. Часам гэта былі  выразкі з газет са словамі і нотамі.  У такім шчаслівым выпадку я мог адразу зайграць. Але песні Новіка-Пеюна прыйшлі, хутчэй, ад мамы, якая мае вельмі добры музычны слых.

— З аўтарам песень, — працягвае Данчык, — сустракаўся двойчы ў 1989 го-дзе. Адзін раз у ягонай кватэры, вельмі маленькай, як катушок. Другі раз на адным з маіх канцэртаў. Памятаецца, вёў яго па нейкім калідоры, аднойчы прысеў да яго ў зале, трымаў за рукі (дзесь і фота-здымак такі ёсць), пасля бег на сцэну. Запомнілася нейкая яго бездапаможнасць, альбо гэта была яго надзвычайная далікатнасць. Я разумею пачуцці ў такім узросце, і тыя хвіліны мне дарагія. Можа, таму, што добра помню і сваю такую  любасць і шкадаванне, якія адчуваў да прабабулі, роднай сястры Івана і Антона Луцкевічаў, пры якой гадаваўся з пялёнак — аж да шаснаццаці гадоў. Таму быў замілавана расчулены. Мне ён падаўся як родны. Запомніліся вочы, здаецца, блакітныя, вялікія і  добрыя. Тым вечарам ён быў вельмі шчаслівы, вельмі цешыўся… А песні яго былі папулярныя: заўсёды хацелі, каб я спяваў іх на канцэртах.

Сяргей Новік-Пяюн з Багданам  Андрусішыным-Данчыкам. Мінск, 1989г. (з архіва спевака)

Сяргей Новік-Пяюн з Багданам
Андрусішыным-Данчыкам. Мінск, 1989г. (з архіва спевака)

Пра  паэта ў яго познія гады, калі Новік-Пяюн стала жыў у Мінску на вуліцы Купрыянава, маю нямала іншых запісаў-сведчанняў. Найбольш грунтоўныя, бадай, ад Клаўдзіі Якаўлеўны Шышыгінай, нясвіжскай настаўніцы, пісьменніцы.  І з края-знаўчага імпэту, і з чалавечага  абавязку яна стала наведвалася да земляка ў сталіцу. З яе прыгадак вымалёўваецца выразны вобраз жыццялюба, эстэта-кніжніка, уражлівай і апантанай натуры, чалавека далікатнай і пяшчотнай душы. Увагу наведвальнікаў прыкоўвала вялікая колькасць кніг у пакоі-канурцы, памятных рэчаў, рукапісаў. Апошнія здзіўлялі почыркам, драбнюткімі — што макавае зернейка — літаркамі (няйнакш, то была яго лагерная звычка ашчаджаць паперу). Было відаць, Сяргей Міхайлавіч ператварыў свае сцены ў своеасаблівы музей. Ён гэтым жыў. Зберагаў дакументы самай даўняй пары, захоўваў поўны збор “Заранак”, што выдавала ў 20-я гады Зоська Верас, не выкінуў нават сваё лагернае адзенне пад нумарам 417393; як  пакутлівае  і пагрозлівае мінулае, яно было штодня навідавоку — накінутае на бакавую сцяну кніжнай шафкі. Бывала, у той ватоўцы, як Пане Каханку ў палінялым прадзядоўскім кунтушы, паэт сустракаў-здзіўляў нават высокіх гасцей.

На 88-м годзе жыцця не стала паэта, асірацела тая цесная кватэра-музей, а  душа яе гаспадара паляцела птушкай на апошняе спатканне-развітанне ў родныя  Лявонавічы…

Гляджу на даўні фотаздымак, доўга гляджу. Маленькі Сяргейка на матчыных каленях, побач бацька. На тварах дарослых прыемная ўсхваляванасць і ўрачыстасць моманту. Спрактыкаваным вокам фатографа выхаплены з вечнасці вобраз сямейнага шчасця, поўны біблейскага сэнсу. Любы сынок, у белай свежай кашульцы, з мілай дзіцячай непасрэднасцю, у цэнтры фотадзеі. Босыя ножкі, быццам са святога абраза — сама радасць светабыцця і яго несканчонасці… Гледзячы, не можаш даўмецца, з чыёй  жа гэта волі раскруціўся той пякельны колазварот  — і страціла долю дзіця Беларусі?

На шчасце — не страціла назусім.

Наперакор пакутам ясны май паэта адолеў цемру. Зорачкі над Лявонавічамі мігцяць і свецяць! “Зарачкі” Новіка-Пеюна гучаць на ўвесь свет.

Наталля ПЛАКСА,

краязнаўца.


Поделитесь с друзьями
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.