Меню
Курс $  3.27 | €  3.48 | ₽100  3.49 |
Погода 4 °C

Ноты. Прывітанне з XVI стагоддзя

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 0

Пост опубликован: 03.02.2017

книга

У 2008 годзе ў фонды Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея паступіў цікавы музейны прадмет — кніга “Missae defunctorum missali romano ordinario et canone” (“Пахавальная імша з рымскага мессала з ардынарыем і канонам”). Яна была выдадзена ў Вільні ў 1841 годзе. Нягледзячы на такі “ўзрост” — 175 гадоў — кніга добра захавалася. Яна ўтрымлівае 42 старонкі. Зроблены спецыяльныя закладкі, якімі можна перагортваць лісты, не дакранаючыся рукой да паперы.



Гэта літургічная кніга памінальнай імшы лацінскай традыцыі — Рэквіем бернардзін-скага кляштара францысканскага ордэна.

— Яна змяшчае песнапенні XVI-XVII стагоддзяў са старажытнай натацыяй (квадратныя ноты на чатырохрадковым нотным стане), так  званы “няўменны запіс”, — расказвае галоўны захавальнік фондаў музея Аксана Фалей. — Сваёй назвай квадратная натацыя абавязана графеме “Punctum”, якая нагадвае квадрат; іншыя графемы квадратнай натацыі таксама па большай частцы маюць “квадратныя” абрысы. У тыповым выпадку запіс музыкі ў квадратнай натацыі ўяўляе сабой неўмы ва ўніфікаванай і “геаметрызаванай” форме, пасаджаныя на лініі і ў прамежкі чатырохлінейнага нотнага стану з ключамі F або C.

Знаходжанне данай кнігі ў нашым старажытным горадзе музейныя работнікі звязваюць з кляштарам бернардзінцаў, які дзейнічаў у Нясвіжы ў 1598—1892 гг.  Нагадаю: бернардзінцы — адзін з каталіцкіх манаскіх ордэнаў, мэтай якога было акаталічванне праваслаўнага насельніцтва Беларусі. Прыйшоў на нашы землі з Польшчы. Назва яго паходзіць ад імя прапаведніка Бярнарда Фіенскага.

Мужчынскі кляштар бернардзінцаў быў заснаваны Мікалаем Крыштофам Радзівілам Сіроткам па волі яго жонкі Эльжбеты Эўфіміі (з Вішнявецкіх), якая завяшчала на пабудову кляштара даход ад маёнтка Карэлічы. “Кляштарны комплекс бернардзінцаў, створаны па праекце італьянскага архітэктара Яна Марыі Бернардоні, быў закла-дзены ў 1598 годзе. Будаўніцтва завяршылі ў пачатку XVIІ стагоддзя. Займаў тэрыторыю на паўночна-заходняй частцы абарончага вала і меў на той час абарончае значэнне… Галоўным фасадам выходзіў на галоўную вуліцу горада. Комплекс уключаў касцёл і П-падобны  ў плане жылы корпус…”

(Т.І. Чарняўская “Памяць. Нясвіжскі раён”. Ст. 542).

Касцёл Святой Кацярыны быў названы ў памяць дачкі князя Радзівіла і асвячоны віленскім біскупам Б. Войнам.  У XVII ст. да касцёла былі прыбудаваны капліцы св. Францыска і св. Ганны.

З 1628 г. пры кляштары працавала школа тэалогіі, у 1654 г. яна заменена на школу філасофіі. У 1655 г. падчас пажару кляштар згарэў і быў адбудаваны ў 1662 го-дзе.  У 1731 г. адноўлена школа, якая дзейнічала да 1864 года.

книга1

У касцёле знаходзіліся надмагіллі фундатараў з вядомых магнацкіх і шляхецкіх родаў. У прыватнасці, тут быў пахаваны Міхал Казімір Рэйтан — прашчур вядомага дзеяча Рэчы Паспалітай Тадэвуша Рэйтана. Распяцце, якое знаходзілася ў галоўным алтары, лічылася цудатворным. Пры касцёле дзейнічалі тры брацтвы. Паводле даследчыка А.А. Ярашэвіча, у 1793 г. касцёл Святой Кацярыны і корпус кляштара згарэлі, адбудаваны ў 1802—1822 гг. У 1804 г. у кляштары было 15 манахаў, 12 студэнтаў, у бібліятэцы налічвалася 1199 кніг, працавала суконная мануфактура. У 1864 годзе кляштар скасавалі, жылы корпус перадалі ваеннаму ведамству. Касцёл пераабсталявалі пад праваслаўную Георгіеўскую царкву. Манахаў выслалі ў Крэцінгу (сучасная Літва), пад Мазыр і ў Гарадзішча.

Падчас Другой сусветнай вайны кляштар быў нязначна пашкоджаны. Храм разбурылі ў 1950-я гады. Адзін кляштарны корпус захаваўся да нашых часоў. Гэта — будынак былога штаба воінскай часці, які стаіць у Нясвіжы за гарадскім маладзёжным цэнтрам па вуліцы Ленінскай.

У 1997 годзе атрыбуцыю (навуковае апісанне) экспаната зрабіла даследчык, доктар мастацтвазнаўства, прафесар, загадчык аддзела музычнага  мастацтва і музыкалогіі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі  Галіна Рыгораўна Куляшова.

Па матэрыялах музея падрыхтавала

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!