З 24 сакавіка да 4 красавіка на тэрыторыі Нясвіжскага раёна праходзіла рэспубліканская прафілактычная акцыя «Бяспека дзяцей — прыярытэт для дарослых».
У адзін з канікулярных дзён на Ратушнай плошчы яна сабрала вучняў-пачаткоўцаў гарадскіх школ і Нясвіж-скай гімназіі з мэтай прафілактыкі дарожна-транспартных здарэнняў.
У мерапрыемстве прыняў удзел начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды ўпраўлення ДАІ УУС Мінаблвыканкама падпалкоўнік міліцыі Алег Цюрын (на фота — у час выступлення перад рабятамі).
У прыватнай гутарцы з карэспандэнтам «НН» Алег Цюрын акцэнтаваў увагу на тым, што Дзяржаўтаінспекцыя штогод сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама падчас кожных канікул праводзіць для дзяцей акцыі, накіраваныя на прафілактыку дарожна-транспартных здарэнняў. Іх мэта — у чарговы раз напомніць рабятам правілы паводзін на дарогах, напомніць бацькам, каб часцей гутарылі на гэту тэму, кантралявалі адпачынак сваіх дзяцей.
Алег Мікалаевіч прывёў статыстыку мінулага года, згодна з якой, па рэспубліцы былі траўміраваны 188 дзяцей, 18 з іх загінулі.
— Зніжэнне аварыйнасці з удзелам дзяцей ёсць, але такіх аварый не павінна быць. Больш за ўсё на гэту сітуацыю могуць паўплываць бацькі. Можна кожны дзень праводзіць акцыі, гутаркі, але, як паказвае практыка, гэта не заўсёды мае станоўчы вынік. Дзеці-пасажыры, якія трапляюць у дарожна-транспартныя здарэнні, пакутуюць па віне бацькоў. З пачатку 2017 года ў 6 здарэннях атрымалі траўмы 8 дзяцей. І толькі адна з шасці аварый адбылася па іх віне, у астатніх вінаваты дарослыя. Таму менавіта бацькі павінны пра гэта ведаць і берагчы сваіх дзяцей, — сказаў Алег Мікалаевіч.
(Заканчэнне — у наступным нумары «НН»).
Вольга КАНДРУКЕВІЧ.