Хоць гэты час няўмольна аддаляецца, яшчэ жывыя сведкі жыцця і творчасці мастака. Нярэдка яны зусім побач.
Ён звяртаў на сябе ўвагу, гэты статны чалавек у цёмным плашчы, а калі халадней, у паліто. Звычайна ў берэце, хіба што ў самыя маразы — у цёплай шапцы-вушанцы. З кійком на даўні манер — мо, больш для завершанасці вобраза, чым з неабходнасці. Не ішоў, а быццам шпацыраваў, разважліва, няспешна. Сустракаючы знаёмых, лёгка кланяўся — з годнасці і зычлівай павагі. За савецкім часам той шляхетны паклон больш чым што зварачаў увагу, хоць быў аніяк не манерны, а натуральны і звыклы для нясвіж-скага мастака Міхала Сеўрука.*
А калі і доўгая ясёнка, і берэт, а да таго ж яшчэ і ўвесь мастакоўскі рыштунак для малявання з натуры, то як не спыніцца, не зацікавіцца, не прыгледзецца. Менавіта ў час так званых эцюдаў у Старым парку за замкам надаралася бачыць мастака жыхару Нясвіжа Аркадзю Аляксандравічу Язэпчыку. І не мог ён (успамінае цяпер) адолець спакусы, каб не падысці бліжэй ды хоць крыху здаля, на пачцівай адлегласці зірнуць на мальберт, суаднесці “тады яшчэ закінутыя куточкі парку” з тым, што ўжо намалявана, падзівіцца на творчую дзею незвычайнага чалавека.
Падобных да яго не было. Нібыта ведаючы пра гэта, ён стварыў некалькі аўтапартрэтаў (фота 1, аўтапартрэт з калекцыі…) Хоць часам здаецца, што мала, да мінімуму сціпла. Але тое лёгка даруецца мастаку: ён пакінуў цэлую партрэтную галерэю свайго нясвіжскага акружэння.
Занатоўваючы жывыя ўспаміны, шукаючы сведак, а глядзі, і рэальных прататыпаў ягоных партрэтаў, герояў сюжэтных палотнаў — ахвотна дзялюся запісамі са свайго краязнаўча-даследніцкага дзённіка.
Суседка мастака Ірына Кузьміна (фота 3), гледзячы на аўтапартрэт 60-х гадоў, прамаўляе: “Якраз такім яго і помню”. Адзначае, сярод іншага, інтэлігентнасць, далікатную стрыманасць і нешматслоўнасць суседа. Прыгадвае і жонку — Раісу Сямёнаўну: “Прыходзіла да нас часцяком пячы пірагі: у нас была вялікая печ”. Самае ж запамінальнае для чатырнаццацігадовай Ірыны — як Міхал Канстанцінавіч за-прасіў яе папазіраваць: даў сноп, вымеркаваў патрэбную паставу, пачаў маляваць. Пабачыла пасля сябе на карціне “Малацьба ільну”. “Але твар не мой, — кажа Ірына Іванаўна, — і сукеначка была аранжавая з чорнымі гарошынамі, а тут — ружовая з белымі. І валасы ў мяне русыя, цемнаватыя”.
Прычыну такіх “неадпаведнасцей” лёгка патлумачыць: мастак кіраваўся сваёй каляровай эстэтыкай і сэнсавымі задачамі. Дзяўчына ў ружовым — найбольш прыцягальны і значны вобраз на карціне. Гэта ці не першае далучэнне яе, зусім нядаўна яшчэ дзяўчынкі-падлетка, да працоўнай дарослай грамады. Момант хвалюючы і важны, хоць даручылі пакуль што самае простае — падносіць ільняныя снапкі. Лёгкі далікатна-ружовы колер як найлепш пасуе адчуванням гераіні. Ён надае лірычную афарбоўку ўсёй, здавалася б, такой празаіч-на-будзённай сялянскай дзеі. Светлыя валасы, што выбіваюцца з-пад жаўтаватай касынкі, амаль тон у тон паўтараюць колер толькі-толькі саспелага, як і яе юнацтва, лёну.
Яшчэ адна “мадэль” — Марыя Аляксеева, якая ў свае дзевяць ці мо дзесяць гадкоў таксама пазіравала Міхалу Канстанцінавічу, але не ў кватэры, а… на лужку, што быў на той час (а гэта пачатак 50-х) за вуліцай Садовай. Папярэдне мастак папрасіў яе сплесці на галаву вяночак. “Атрымаўся такі невялічкі партрэт”, — успамінае цяпер жанчына. Хутчэй за ўсё, гэта быў эцюд да карціны, творчая нарыхтоўка для будучых задуманых кампа-зіцый.
Яшчэ адзін шлях — ад правобраза да гераіні — зафіксаваны на карціне “Бабуля і ўнучка”. Пазіравала мастаку Люда Сінякова, таксама суседская дзяўчынка, — сям’я жыла ў адным доме з Сеўрукамі, як кажуць, за сценкай. Што характэрна, і тут рысы твару, знешнасці пададзены адвольна. Для сюжэтных твораў мастак не шукаў натуру твар у твар — замалёўваў-падхопліваў найперш жывы рух, дакладны жэст; яму патрэбна была дасканала вывераная пастава, таму маляваў абагульнена. Дробная дэталізацыя, даводзіў Міхал Сеўрук, скрадвае кампазіцыю, урэшце рэшт губляецца прыгожая лінія, “атрымліваецца зусім не тое, што ты задумаў”.
Каб пераканацца ў гэтым, мы яшчэ ўгледзімся не ў адну карціну нясвіжскага майстра
Іншае з партрэтамі. Тут мастак, як падаецца, спавядаў гранічную адпаведнасць, выводзіў рысачку да рысачкі, стараўся патрапіць “маршчынка ў маршчынку”. Колькі з апытаных жыхароў Нясвіжа, з якімі гутарыла, гартаючы разам рэпрадукцыі партрэтаў, углядаючыся ў вымаляваныя твары, — пазнавалі колішніх знаёмых гараджан, упэўнена-радасна казалі: бачылі, сустракалі некалі гэтых людзей!
Прататыпамі партрэтаў няс-віжскага перыяду (нагадаю, нясвіжскаму папярэднічаў віленскі) былі часцей людзі з блізкага акружэння. Аднак далёка не кожны мог стаць вобразам мастакоўскага выбару. Псіхалогія творчасці — рэч далікатная і непрадказальная. Яўгенія Іванаўна Халецкая сярод іншага расказала, як, працуючы ў школе, арганізавала для вучняў паездку ў Вільнюс. Прапанавала паехаць і Міхалу Канстанцінавічу, каб ён заадно праведаў там сваю віленскую сястру. Падчас доўгай дарогі далікатна запытала ў мастака, каго з дзяцей, што едуць у аўтобусе, ён хацеў бы намаляваць. І вельмі здзівілася: ягоным выбарам была дзяўчынка з някідкім, “мала выразным абліччам, нават непрыгожая”. Мастаку ж, як ён патлумачыў, яна, наадварот, падалася вельмі цікавай, па-свойму адметнай…
Прыкладна такое ж даўняе здзіўленне выказала Фэля Іванаўна Чапко, таксама з вуліцы Садовай. Яна прыпамінае адну жанчыну, што часам дапамагала Раісе Сямёнаўне. “Хто-ніхто з суседзяў нават пасмейваўся, што Сеўрук пасадзіць яе і малюе. Малюе і малюе…” Маўляў, чым яна такая ўжо асаблівая? Але на тое і мастак, каб прыкмячаць недасяжнае звычайнаму воку.
І сёння на карцінах “Размова”, “Партрэт старой жанчыны”, “Вяртанне з поля” ды яшчэ не менш як на дзясятку твораў, выкананых рознымі тэхнікамі, бачым вартасці таго ўлюбёнага вобраза простай немаладой жанчыны. Праз адзін і той жа пазнавальны твар (“пасадзіць і малюе”), годную паставу, скупыя, але выразныя жэсты ацэньваем выбар партрэтыста, майстэрства схопліваць істотнае, сутнаснае ў знешнасці і характары чалавека, дзівімся здатнасці перадаць яго псіхалагічны стан, а яшчэ болей — шануем чуйна-ўніклівую душу мастака-беларуса, замілаваную павагу да сваіх землякоў і суайчыннікаў.
Партрэты немаладых людзей, так бы мовіць, з гісторыяй-лёсам на твары, асабліва адметныя ў галерэі мастака. І віленскага перыяду, і нясвіжскага. Апошнія пераважаюць, яны экспануюцца ў музеі-кватэры, захоўваюцца ў фондах Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея. А зусім нядаўна каталог партрэтаў папоўніўся яшчэ адным, як падаецца, вельмі інтрыгоўным (фота 2).
Немаладая жанчына ў белай хустцы засяроджана ўважліва і спагадліва некага слухае, выслухоўвае, здаецца, гатовая адказаць, даць параду ці мо разумна і мудра аспрэчыць. Як хочацца пашырыць прастору партрэта, угледзець яе суразмоўцу, глыбей адчуць увагу-неспакой і тую шчырую заклапочанасць, гатоўнасць дапамагчы ці дарадзіць… Правобразам гераіні была маці вядомай жыхаркі Нясвіжа Любові Паўлаўны Корсак, жанчына, як падаецца, вельмі чулая, патрэбная лю-дзям.
А вось партрэт дзяўчыны (пачатак 60-х) — даўні набытак музея. Мае ён сваю гісторыю, якую пачула ў Малеве ад Соф’і Канстанцінаўны Кузьміч — гэта яе намаляваў мастак. Было на той час малёўскай прыгажуні гадоў дваццаць; пачынала яна даяркай, стараннай і ўвішнай. Вырашыў старшыня калгаса адзначыць дзяўчыну, ды не граматай-прэміяй — а жывапісным партрэтам. З дня ў дзень на працягу тыдня прывозілі Міхала Канстанцінавіча ў вёску. У былой панскай кузні, дзе абсталявалі прыгожы пакойчык-куточак, ён і ствараў партрэт, малюючы прыкладна па дзве гадзіны штодня.
“Не любіла я завязваць хусткі, — смяецца-ўспамінае Соф’я Канстанцінаўна, — не хацела, каб у хустцы мяне малявалі”. Але мастак далікатна настаяў. Аднаго разу, калі дзяўчына прыйшла ў новай сукенцы і свяцілася ад радасці, выказаў захапленне: “О, як вы сёння выглядаеце! Якія вочы!” Маляваў не перадавіцу-даярку, не камсамолку-актывістку, а прыгожую вясковую дзяўчыну з адметным вясёлым характарам, смелую і непасрэдна-свавольную.
Іншы жаночы тып на партрэце Ганны Ігнацьеўны Сарокінай, хоць і тут бачым прыгожую маладую дзяўчыну. Таксама пачатак 60-х. Першыя гады працы ў раённым доме культуры кіраўніком драматычнага калектыву. Рамантычная ўзнёсласць, ціхі лірызм аматаркі літаратуры суседнічаў з дзёрзкімі задумамі і планамі, іх смелым увасабленнем на раённай сцэне. Усё гэта мастак перадаў насычанымі фарбамі праз светлы адкрыты позірк, дынаміку паставы, артыстычны жэст рукі.
Як дарагая рэліквія-памятка і застаўся ў Ганны Ігнацьеўны яе партрэт. Паўстагоддзя мінула, а ён, цудоўны адбітак натхнення, — і сёння ці не галоўная, дамінуючая каштоўнасць кватэры (фота 4).
Значная частка работ М. Сеўрука захоўваецца ў прыватных зборах. На шчасце, яна не страчана: стараннем калекцыянераў досыць часта, калі не сказаць рэгулярна, ладзяцца грунтоўныя сеўрукоўскія выставы. Апошнія — вясной 2015 года ў мастацкай галерэі Л. Шчамялёва (60 работ жывапісу і графікі розных гадоў) і сёлета — у залах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі (экспазіцыя, складзеная з добрага дзясятка прыватных калекцый). Думалася, падчас тых выстаў, што наведнік з Нясвіжчыны глядзіць на тыя дрэвы ды азярынкі, вулічкі і дамкі, узіраецца ў постаці і твары інакш, чым сталічны глядач, бо шукае знаёмае, нясвіжскае, пазнаючы сваё, бачанае, супастаўляючы сённяшняе з даўнейшым, аддаленым у часе. Такая воля мастака на будучыню.
Так, час Сеўрука не ў мінулым — ён наперадзе, у будучыні. І ён яшчэ не прыйшоў. Лепш сказаць, мы, сённяшнія, не прыйшлі да разумення багатай і незвычайнай спадчыны нясвіжскага творцы, якую нярэдка называюць не толькі золатам беларускага выяўленчага мастацтва, але — з адценнямі еўрапейскага. Нярэдка безуважна мінаем яго кватэрку на скрыжаванні вуліц 1 Мая і Садовай. Не выдалі кнігі ўспамінаў, якія пакінуў майстар, і няма выдання з успамінамі ПРА ЯГО. Сціплай данінай памяці і ёсць гэтыя радкі — толькі невялічкая частка з сабранага і запісанага: кожнае сведчанне — удзячнае слова сучаснікаў, якія па волі лёсу сталі сведкамі і саўдзельнікамі творчасці мастака.
* мая аўтарская ўвага: націск у прозвішчы Сяўрук, паводле беларускай нормы, ставіцца на апошнім складзе.
Наталля ПЛАКСА,
краязнаўца.
Статьи , краевиды,материалы пани Наталии Плакса так интересные, я чытаю их долго.. трудно мне чытать в вашым неповтаримом языке и я чытаю долгими днями..дякую Пани Наталия !
Wiktoria Zukiewicz, Polska
Дабрасумленна сабраны і душэўна асэнсаваны матэрыял Наталлі Плакса. Але ў Нясвіжы ёсць мемарыяльны музей-кватэра мастака. Наведаўся пасля прачытання артыкула. З вуліцы быў зачынены. Ва унутраным двары сядзелі маладыя людзі. Музейнага выгляду і настрою ўстанова зусім не мае. Аўтар права: мы пазычылі ў мастака, але не збіраемся аддаваць. Дзякуй, шаноўная Н.Плакса!
Дзякуй Вам, паважаны чытач Качура за водгук і добрыя словы ў падтрымку. Спрабую сабраць пад адной вокладкай успаміны пра мастака і выдаць хоць бы сціплай кніжкай. Калі Вас зацікавіла тэма, далучайцеся, а зможаце — будзьце спонсарам.
Блестяще! Великолепно! Такой материал украсил бы любое республиканское издание, и здесь, на страницах районки, он несомненно выделяется хорошим изложением, глубиной исследования, огромной симпатией к творчеству несвижского мастера. Много находок, краеведческих дискурсов, художественного вкуса. Автор заслуживает высокой читательской похвалы. Неожиданно и свежо. Спасибо!