Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 13 °C

Селянін з душой паэта

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 0
Без имени-1

Іван Гурбан каля роднай хаты: “Мне дарагое ўсё, чым жывуць мае землякі, мае аднавяскоўцы”

Едучы ваколіцамі Нясвіжа, кінула позірк на знаёмую сядзібу: новы гаспадар прыбраў на мяжы старадрэвіну-грушу. Акурат збіралася зацвісці, здзівіць вясновай абновай. “Ай-яй, — зашкадавала я. — На аднаго паэта будзе менш”.



Першапачатковы струменьчык мастацтва ва ўсіх яго праявах — вялікае душэўнае ўзрушэнне. Яно выяўляе творцу, які словам ці колерам, лініяй ці мелодыяй хоча занатаваць для вечнасці жывое (і таму нявечнае) імгненне.

Зацвіла груша, дожджык выпойвае поле, цёплым сырадоем пацёк над поплаўцам вечаровы туман, ходзіць у жыце ранак босы  і “расчульвалася да дна” перад зямной красой сэрца юшавіцкага паэта Івана Гурбана… складаліся вершы. 95-годдзем з дня яго нараджэння пазначаны  гэтыя майскія дні.

Жыццё ў 77 гадоў пражыў нібыта звычайнае. Як ва ўсіх. Як у кожнага. Скончыў у 1938 годзе 7 класаў польскай школкі, перажыў вайну, у 1950 годзе атрымаў пасведчанне аб заканчэнні  Усесаюзных уліковых курсаў (аддзяленне рэвізораў), працаваў па спецыяльнасці ў мясцовым калгасе, пасля ў Нясвіжскай МТС, а яшчэ — загадчыкам магазіна, старшынёй Юшавіцкага сельскага Савета. Гэтыя біяграфічныя звесткі падаў  сам Іван Яфімавіч у лісце, дасланым яшчэ ў 1995 годзе на адрас літаратурна-краязнаўчага гуртка школы, з удзельнікамі якога стваралі тады зкспазіцыю  “Літаратурная Нясвіжчына”.

Ды за радкамі ўзгаданага ліста засталося шмат з яго  лёсу. Не напісаў Іван Яфімавіч, як пазбаўлены быў  пасады старшыні  сельскага Савета — не выканаў загаду спілаваць  і скінуць крыж з царквы; як яшчэ раней, у гады вайны, пера- хварэў на тыф і цудам выжыў, праляжаў тры тыдні амаль у непрытомнасці; як там жа, у  Растове-на-Доне, дзе давялося працаваць на аднаўленні вугальных шахтаў, сустрэў аднойчы вешчуна, які, апрача іншых прадказанняў, заўважыў: ”Ёсць у цябе нейкі дар, толькі не магу дакладна сказаць які”.

Дар

Тым невядомым дарам быў паэтычны талент, што праявіўся вельмі рана, калі  будучы паэт вучыўся ў польскай школе, а яго настаўнікам быў вядомы ў будучым пісьменнік Пятро Бітэль. Літаратурныя спробы чым далей, тым больш захаплялі. І ўжо ў майскім нумары часопіса “Работніца і сялянка” за 1949 год з’яўляецца першая публікацыя — верш “Пейзаж ураджаю”. Пазней творы Івана Гурбана пачалі рэгулярна друкавацца ў  нясвіжскай раённай газеце, “Звяздзе”, “Советской Белорусии”, “Сельской газете”, часопісах “Маладосць”, “Полымя”, “Вожык”, “Бярозка“. На думку ж рэдактара часопіса “Вясёлка”, менавіта пасля публі-кацыі ў гэтым выданні прый-   шло да паэта сапраўднае пры-знанне, бо “ў дзяцей з’явіўся не проста новы аўтар, а мудры настаўнік, дзед-усёвед, верны сябар.” У 1979 годзе зведаў паэт шчасце трымаць у руках першы свой зборнік “Чубаценькі будзільнік”. Пасля былі яшчэ два — “Пахі вясны» і  “Калі ветрык спачывае”, а таксама заўсёдныя публікацыі ў калектыўных зборні-ках, што выдаваліся на Нясвіжчыне. У 1994 годзе  наш зямляк быў прыняты ў  Саюз пісьменнікаў Беларусі. “Збылася мэта ўсяго  жыцця — быць прызнаным  сярод таварышаў па пяры, — піша пра тую падзею сын Анатоль. — Яго віншавалі народныя пісьменнікі  Іван Шамякін, Янка Брыль і многія іншыя. Я стаяў побач, бачыў яго шчаслівыя вочы…  Да гэтага ён ішоў 45 гадоў”. Пазней Іванам Гурбанам былі падрыхтаваны яшчэ тры зборнікі для дарослага чытача, але выдаць іх  не давялося. 1 мая 1999 года паэта не стала. Пахавалі  яго на могілках роднай вёскі. Помнік з выявай творцы за пісьмовым сталом высіцца ля самай дарогі, па якой спяшаюцца на працу вяскоўцы. І здаецца, што ён не пакінуў гэты свет, глядзіць і цяпер на роднае наваколле ўдумлівым позіркам летапісца вясковага жыцця.

На сядзібе паэта: “Мая зямля!! Ці разгадаем,.. хто даў табе арбіту і пачын?”

На сядзібе паэта: “Мая зямля!!
Ці разгадаем,.. хто даў табе арбіту і пачын?”

Вясковы паэт

Гэта азначэнне замацавалася за Іванам Гурбанам. Ён араў зямлю, саджаў агарод, амаль да апошніх дзён трымаў карову, сам даіў яе, даглядаў садок — жыў клопатамі працавітага і гаспадарлівага вяскоўца. “Сцяжыны ў полі  як жывыя вены майго сялянскага жыцця-быцця”, — пісаў ён, прызнаючы сваю кроўную  сувязь з вёскай.  А таму і вобразы,  і тэмы сваіх твораў браў ад зямлі: ад  свежай раллі, духмянай сенажаці, жытнёвага палетка.  Гэтую асаблі-васць паэзіі Івана Гурбана вы-дзяляе ў вершы-прысвячэнні “Іванава душа”  паэт Мікола Маляўка:

Як чытаў, дык пахлі вершы

І падснежнікамі першымі,

І  раллёй, узнятай плугам,

І рачной вадою, і зялёным лугам…

Паэтычны свет Івана Гурбана — гэта свет сялянскай працы. Працуюць усе: ветрык  (“гоніць на жытнёвы палетак дажджавыя хмаркі”), туман (“цёплай коўдрай сагравае травы першыя ў расе”), каса (“корм  рыхтуе для жывёлы”), плуг (“у працы шчыры хват”)  і працавіты ткач-павук  (“на гары праспаўся ды за працу ўзяўся”).

А вечар, як і дзень,

Ён мае свой занятак;

Паціхеньку ідзе

Пагушкаць немаўлятак.

У кожнае жытло

Зайсці рупліўцу трэба,

Даць зорачкам святло,

Каб упрыгожыць неба.

У  зборніках нашага земляка намаляваны, гаворачы словамі  Уладзіміра Караткевіча, “прытульны, добры, цёплы, наш беларускі свет”. Вершы, адрасаваныя найперш маленькім чытачам, дапамагаюць лепш ведаць роднае наваколле, бачыць яго прыгажосць, спрыяюць выхаванню пачуцця любові да свайго краю. З цёплага выраю наперакор снягам спяшаецца ў “кут свой дарагі” жаўрук:

І хоць спрыяла выраю цяпло,

Ён прыляцеў  да родных ніў,

дадому,

Глядзіць з нябёс на поле,

на сяло,

І спеўна так,

і радасна малому!

Большасць з апублікаванага Іванам Гурбанам — творы для дзяцей, займальныя, вясёлыя, гарэзлівыя, павучальныя.  Аднак сустракаліся аматарам паэзіі радкі, што гучалі стала і  важка. Прамоўленае ў іх было праверана жыццём, уласным вопытам, сэрцам аўтара. І не дзіўна, што Уладзімір Ліпскі прыгадвае юшавіцкага творцу як “прыкметнага несвіжаніна”, лічыць яго паэзію “не вельмі кідкай і моднай, але жыццёва выверанай, з высокай мараллю і адрасаванай усім, хто хоча стаць Чалавекам”.

Любіць цябе святое маю права,

Зямля бацькоў і прадзедаў маіх!

Іх каранёў глыбокіх я — атава,

Што сок жывы бярэ

з крыніц тваіх.

Да глыбокадумных высноў  паэт-філосаф прыходзіў, разважаючы падчас пра вельмі простыя рэчы, прадметы і з’явы сялянскага побыту, вясковай паўсядзённасці. Яны нярэдка выводзіліся ў назвы вершаў — “Будзільнік”, “Рунь”, “Паляўнічая стрэльба”, “Попел”, “Лісце дуба”, “Насілкі”. Жыццёвая трываласць і моц, важкасць і каштоўнасць усяго зямнога — адзін з тэматычных накірункаў зборніка “Паэт”. Ён выдадзены да 90-годдзя Івана Гурбана і змяшчае шмат з таго, што  захоў-валася доўгія гады, дзякуючы родным, толькі ў рукапісах.

Надзелен попел моцным нечым,

Ён не знікае ў небыццё, —

Каб шар зямны вагі не зменшыў,

Каб век на ім расло жыццё!

З вершаў Івана Гурбана  паўстае асоба чалавека цвёрдых перакананняў, аптыміста і жыццялюба, глыбока веруючага, нястомнага рупліўцы-працаўніка,  назіральнага і разважлівага, надзвычай добрага і далікатнага, дасціпнага, з народнай хітрынкай і гумарам. Да гэтых азначэнняў дадам  радкі з артыкула У. Ліпскага “Паэтычная душа Івана Гурбана”: “Ён у маёй памяці — сціплы, негаваркі, паважлівы, шчодры, сяброўскі,..  што ведаў кошт хлебу, любіў зямны рай, бачыў хараство наўкол, умеў цаніць людзей, выхоўваў дзяцей па сваёй сялянскай педагогіцы”.

З успамінаў

У краязнаўчым нататніку захоўваю шмат добрых слоў пра паэта, якія дапаўняюць яго вобраз. Ад Жанны Мікалаеўны Грабоўскай запісала пра яе аднавяскоўца: “Хораша жыў з людзьмі, нікому крыўды не чыніў. Грушы былі ў яго вельмі смачныя, яблыкі, слівы. Пасём кароў за яго сядзібай — абавязкова прынясе, пачастуе”. Сусед Іосіф Іосіфавіч Падамацька ўспамінаў, што была ў Івана Яфімавіча стрэльба і на паляванне ён хадзіў, але ніколі ніякай дзічыны дамоў не прыносіў: яго паляванне было не што іншае, як творчая вандроўка дзеля паэтычных трафеяў.  Марыя Аляксандраўна Падамацька прыгадвала, што яе сусед часта тэлефанаваў да  Паўлюка Пранузы, што быў ён заўсёды, калі  завітваў да яе, нейкі  неспакойны, усхваляваны, нібы чымсьці ўстрывожаны. І як пасля гэтага не прыгадаць словы Пімена Панчанкі: ”Я вершы пішу, бо душа ўстрывожана любоўю і болем за кожнага з вас”. Яшчэ далі-катна дзялілася назіраннямі суседка: ”Быў  ён нібыта адзінокі, хоць дзеці і ўнукі любілі яго, не забывалі, часта наведваліся”. Але ж і гэта не ў навіну: творчы чалавек  крыху адасоблены ад людзей, бо любая творчасць, а тым больш паэзія, — інтымны працэс, засяроджанасць у сабе,  напружаная работа душы і розуму. Паэт Мікола Чарняўскі ўхваляе заўсёднае імкненне Івана Яфімавіча вучыцца, удасканальвацца. Сын Анатоль гаворыць пра  непадзельнае суседства ў бацькавым жыцці вясковай працы і творчасці: “Пасём кароў, я — у адным канцы, бацька — у другім. Паглядаю, а ён увесь дзень не толькі за статкам сочыць, але яшчэ ўсё нешта запісвае. Ручка і папера былі заўсёды пры ім”. Дачка Людміла кажа, што менавіта родных бачыў бацька першымі слухачамі сваіх новых вершаў і быў глыбока набожным чалавекам: ”Не памаліўшыся, за стол не садзіўся”. Унук  Аляксандр Ратомскі  сцвярджае, што дзед Іван для яго — узор жыццёвага імпэту, дзейснасці, няўрымслівасці ва ўсім. Для другога ўнука, Далера Асоева, дзед — таксама прыклад, бо і ён у наш прагматычны час заўзята складае верш за вершам.

Памятаю, як дачка Ларыса, каб падараваць          удзельнікам літаратурна-краязнаўчага гуртка зборнік “Чубаценькі будзільнік”, які мела ў адзіным экзэмпляры, зрабіла выдатную ксеракопію, аформіла ідэальнай самаробнай кніжачкай.  Кранае, што дзеці і ўнукі лічаць вялікай каштоўнасцю той бацькаў і дзедаў дар, як дарагую спадчыну берагуць яго літаратурны набытак. Не прадалі, не перайначылі,  даглядаюць і юшавіцкую сядзібу, хоць гаспадара няма амаль дваццаць гадоў.

І груша непадалёк ад хаты як некалі, так і цяпер кіпіць густой квеценню, гудзе пчоламі, духменіць адвечным водарам,.. каб не звя-ліся на нашай зямлі  паэты.

Наталля ПЛАКСА,

краязнаўца.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!