Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 13 °C

Неўміручая слава

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 0

  µ

Сонечны майскі дзень сабраў прадстаўнікоў аматарскіх творчых калектываў Міншчыны напярэдадні свята  Перамогі ля Кургана Славы.  Зялёная трава і такога ж колеру ваенная форма, у якой выступалі лепшыя калектывы вобласці. Паўсюль рознакаляровыя шары, святочна-маляўнічае афармленне тэматычных пляцовак і гандлёвых палатак. Чуліся песні часоў Вялікай Айчыннай вайны, папулярныя  «Смуглянка » і  «Кацюша», вакол — шмат сувеніраў і выставаў народнага побыту. Проста вочы разбягаліся, гледзячы на хараство, створанае рукамі нашчадкаў тых, хто набліжаў Перамогу. Памяць пра салдат  мінулай вайны заўжды будзе ў сэрцах удзячных пакаленняў, і  слава подзвігу народа неўміручая.



Рознакаляровым серпанцінам  абдымаў людскі паток велічны Курган Славы, падымаючыся да самага верху,  дзе  аб’ядналіся штыкі, сімвал франтоў, што вызвалялі нашу Беларусь ад фашысцкіх захопнікаў. А ля падножжа палымнелі веснавыя кветкі, застылі ў ганаровай варце ваеннаслужачыя.  Сюды запрасілі ветэранаў, якім моладзь уручыла цюльпаны і гваздзікі. Урачыста прайшоў мітынг. Хвілінай маўчання ўшанавалі тых, хто загінуў за вызваленне Радзімы ад фашысцкай чумы. Гучала музыка ваеннага аркестра, людзі  падыходзілі да ветэранаў вайны, віншавалі і зычылі ім доўгіх гадоў жыцця.

З Нясвіжчыны на свята прыехалі ўдзельнікі хору ветэранаў працы г. Нясвіжа «Аптымісты», групы  «Вдохновение»  Сейлавіцкага сельскага клуба-бібліятэкі, народны ансамбль  «Нясвіжскія лыжкары» Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа і прадстаўнікі раённага цэнтра дзіцячай творчасці. Усе падрыхтавалі цікавыя праграмы. Побач з намі размясцілася  народна-аматарскае аб’яднанне  «У коле сяброў»  Жодзінскага цэнтра культуры і адпачынку. І мы разам  спявалі любімыя  ваенныя і пасляваенныя песні. Іграў духавы аркестр Жодзінскай  СШ №5. У выкананні вучняў гучалі вядомыя творы, у тым ліку і «Майскі вальс»,  пад які мы танцавалі.

Перадаць усё, што было на свяце, проста немагчыма, але, думаю, варта спыніцца на яго асобных момантах. Жывую цікавасць выклікалі  розныя выставы, напрыклад, аўтаматы і каскі  цэнтра  ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі  з Жодзіна. Хлопцы і дзяўчаты ўмела і хутка збіралі і разбіралі зброю, дэманстравалі іншыя воінскія навыкі. Па суседстве была наладжана выстава авіямадэляў Барысаўскай арганізацыі ДТСААФ: перад  намі  былі ІЛ-2, СУ-6, І-16 часоў Вялікай Айчыннай вайны. Цікава, што  актыўны ўдзел у гэтай тонкай справе прымаў адзінаццацігадовы  авіямадэліст Коля Ажыгін.

Ля палаткі са Слуцка працавала ваенная пошта: на стале ляжалі канверты і паштоўкі, і кожны жадаючы мог напісаць віншаванне ветэрану вайны. Людзі ахвотна выконвалі  гэту  місію, бо ведалі, як прыемна будзе  былому  франтавіку атрымаць цёплае пасланне ад незнаёмага чалавека.

На адной з пляцовак размясціўся  куток партызанскага атрада: тут былі кацялок  над кастром, сала і бульба, палатка, маскіровачныя халаты і  стары патэфон, які належаў атраду імя Варашылава. Такіх тэатралізаваных  выставаў было некалькі, іх падрыхтавалі розныя калектывы Мінскай вобласці. Гурткоўцы цэнтра дзіцячай творчасці Нясвіжскага раёна і маладыя педагогі танцавалі вальс. А яшчэ нашы юныя ўмельцы запускалі ў паветра рознакаляровыя змеі.

На ўсёй вялікай пляцоўцы былі цікавыя прадстаўленні, успаміны пра аперацыю «Баграціён», фатаграфіі ветэранаў вайны, «Прызыўны пункт» і і шэраг іншых. Ну, і, вядома, удзельнікі свята частаваліся салдацкай кашай.

Раіса ХВІР, г. Нясвіж.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!