Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 4 °C

Жыццёвы шлях паэта пралёг і па сноўскай зямлі

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 2

Пост опубликован: 07.07.2017

i

Рэвалюцыйны ўздым падняў на сваіх хвалях чулага, разумнага, вялікага сваёй душой і сэрцам  маладога сына народа і зрабіў яго народным трыбунам. Яго талент ішоў ад багацця народнай душы, ад думак, імкненняў народа.

Кузьма ЧОРНЫ,

беларускі пісьменнік.



 

Народны паэт Беларусі, драматург, публіцыст Янка Купала (Іван Дамінікавіч Луцэвіч (1882—1942 гг.) нарадзіўся пасля купальскай ночы (па новым стылі 7 ліпеня) 1882 года ў сям’і арандатараў — Бянігны і Дамініка Луцэвічаў — у фальварку Вязынка каля Радашковічаў. З дзяцінства ён быў прывучаны да сялянскай  працы, дапамагаў у хатніх клопатах, няньчыў малодшых дзяцей. А калі ў 1902 г. памёр бацька, увесь клопат пра іх вялікую сям’ю лёг на плечы Янкі. У пошуках заробку ён сек у лесе дровы і вазіў іх прадаваць у горад, займаўся хатнім настаўніцтвам, быў пісарам у следчага, канторшчыкам у панскім маёнтку, працаваў у полі.

Восенню 1905 г. Янка Купала паступіў практыкантам да вінакура на бровар у маёнтку Сёмкава, што вёрст за 15 ад Мінска па дарозе на Вільню. Працаваў чорнарабочым  і, як прызнаваўся пазней у аўтабіяграфіі, “зазнаў там такога  пекла, якога яшчэ не меў”. Цяжкія ўмовы працы, грубыя норавы рабочых не маглі яго задаволіць. Гаспадар маёнтка і майстар бровара дазвалялі рабочым уволю піць гарэлку, каб не праяўляўся іх інтарэс да навакольнага жыцця, да палітыкі. Купала ж, у сваю чаргу, у вольныя хвіліны расказваў ім пра рэвалюцыйныя падзеі, у газеце “Северо-Западный край” чытаў заметкі пра забастоўкі рабочых на фабрыках і заводах, чытаў свае вершы, дзе гучаў рашучы пратэст супраць страшэнных пакут, што выпалі на долю селяніна. Няшчасны выпадак (Іван Дамінікавіч абварыў сабе рукі) прымусіў яго пакінуць бровар. Калі раны загаіліся, Купала ізноў пайшоў у заработкі. Восенню 1906 г. наняўся  памочнікам вінакура ў маёнтку Яхімаўшчына пана Любанскага — за 20 км ад Маладзечна. Хацеў атрымаць там месца вінакура, каб улетку мець вольны час, чытаць кнігі, пісаць вершы. Але яго разлікі не спраўдзіліся, і пісаць па-ранейшаму даводзілася ўрыўкамі. Янка Купала  апавядаў у аўтабіяграфіі: “Памятаю, верш “Чаго вам хочацца, панове?” напісаны мной пры перагонным і кантрольным апараце на бровары, калі я павінен быў назіраць за  гэтым апаратам, каб рэгулярна паступаў у яго спірт”. Аднак гаспадару не спадабалася, што Купала  вёў з сялянамі вольналюбівыя гутаркі, чытаў ім свае антыпрыгонныя вершы. І малады паэт вымушаны быў пакінуць Яхімаўшчыну, уладкаваўшыся неўзабаве памочнікам вінакура на бровар  памешчыка Гартынга ў маёнтку Дольны Сноў.

Жыццёвы шлях вялікага беларускага паэта пралёг па нясвіж-скай зямлі. У Дольным Снове ён напісаў вялікі шэраг сваіх вершаў. І гэта — адна з нагод, каб сёння, напярэдадні 135-годдзя Янкі Купалы, мы гаварылі пра яго. Пра жыццё і творчасць, пра станаўленне самасвядомасці і вялікі грамадзянскі подзвіг — на ўвесь голас заявіць пра высокую чалавечую годнасць селяніна, абяздоленага, але разам з тым прыгожага сваёй любоўю да працы, да народа, да Бацькаўшчыны.

Што ж фарміравала характар і светапогляд паэта? Дзе вытокі яго таленту такой простай, зразумелай  мовай у паэтычных радках увасабляць малюнкі жыцця і свае адносіны да яго праяў?

Спачатку — сям’я. Хлопчык слухаў беларускую мову — дома бацькі размаўлялі на ёй. Толькі гутарачы з панам ці яго  канторшчыкамі, бацька карыстаўся  польскай мовай. Асабліва маленькі Янка ўслухоўваўся ў гучанне беларускіх слоў, калі да маці прыходзілі па параду жанчыны з вёскі. Бянігна Іванаўна хадзіла з імі на працу ў поле, брала  з сабой і Яся. Ідучы дамоў, любіла збіраць кветкі. Побач з маці рваў рамонкі, званочкі, валошкі і маленькі сынок. Рваў і ўглядаўся на іх, як бы бачачы аднаму яму вядомую ўцеху. Хлопчык любіў назіраць за ўсімі з’явамі прыроды: любаваўся марознымі ўзорамі на вокнах, слухаў галасы птушак, назіраў за аблокамі на небе, захапляўся багаццем восеньскіх фарбаў. Ён рос чулым, сарамлівым, з творчай натурай. У 6 гадоў ужо даволі спраўна чытаў па-польску, трохі горш — па-руску. Кнігі дамоў прыносіў бацька. Калі Янку пайшоў сёмы год, вандроўны настаўнік навучыў яго малітвам. Пасля было двухкласнае народнае вучылішча ў Сеніцы пад Мінскам. Першай сапраўднай настаўніцай хлопчыка стала Алімпіяда Васільеўна Сонцава. Яна першай заўважыла  паэтычныя здольнасці Янкі. За добрую вучобу падарыла яму томік вершаў Някрасава.

Старэйшы сябар Уладзімір Самойла, сын дырэктара Мінскага рэальнага вучылішча, прыносіў Янку чытаць кнігі, рыхтаваў яго да паступлення ў вучылішча, падарыў томік вершаў Шаўчэнкі. На жаль, у бацькі не было сродкаў, каб аддаць сына ў вучылішча. І Янка крочыў далей прыступкамі “народных універ-сітэтаў”. Пасябраваў са Сцяпанам Песляком, адзінокім мужчынам у гадах, які  дапамагаў Луцэвічам па гаспадарцы. Ён быў майстар расказваць казкі. Ад яго хлопчык пачуў і пра адважную Бандароўну, і пра асілка Машэку, і пра многае іншае, што пазней знайшло адлюстраванне ў яго творах. Затым Янка вучыўся ў народным вучылішчы ў Бяларучах. Вучыўся добра, і настаўнік праз месяц перавёў хлопчыка ў другі клас. Янка дапамагаў таварышам у вучобе. Расказваў ім што-небудзь з прачытанага, дэкламаваў вершы Кальцова, Нікіціна, Някрасава. Настаўнік Мікалай Фёдаравіч Турчановіч ствараў вучням умовы для самастойнага выяўлення сваіх здольнасцей. Дазваляў Івану Луцэвічу карыстацца сваёй бібліятэкай. А пасля заканчэння Янкам вучылішча падарыў яму некалькі кніг і пазнаёміў з панам Чаховічам, ідэалістам і летуценнікам, які вярнуўся з ссылкі. У Сігізмунда Чаховіча была вялікая бібліятэка, якой карыстаўся Іван Луцэвіч. “Акрамя рознага  чыну паэзіі, якой я больш за ўсё захапляўся, белетрыстыкі, гісторыі,.. у яго першага я пазнаёміўся з нелегальнай літаратурай… Нелегальная літаратура, якую я тады  чытаў, была прасякнута ўся нянавісцю да царызму і любоўю да свабоды і незалежнасці”, — пісаў Янка Купала пазней. Браў ён і ў настаўніка Турчановіча кнігі і брашуры з работамі Леніна, Пляханава, Горкага. Нават першае выданне “Капітала” Маркса ў перакладзе на рускую мову. З-за беднасці шляхі ў навуку для юнака былі адрэзаны. І ён займаўся самаадукацыяй.     Удзень працаваў па гаспадарцы, а ўначы чытаў. У яго свядомасці расла незадаволенасць лёсам сваім, сваёй сям’і,  іншых сялян. Ён бачыў, як шмат працуюць бацька, яго браты, маці. Ды і сам Янка ўлягаў у працу: араў, касіў, вадзіў коней у начное, зведаў і цяжкую працу на чужой  зямлі, і службу на броварах. А свайго яны так нічога і не займелі. Гэта выклікала  пратэст супраць сацыяльнай  несправядлівасці, багацеяў. Фарміраваўся  крытычны погляд на самадзяржаўную рэчаіснасць. Яго творчая натура патрабавала  выйсця. Думкі і пачуцці выліваліся ў вершаваныя радкі. А майстэрству паэтычнага адлюстравання жыцця юнак  вучыўся ў Някрасава, паэзія якога была перапоўнена тымі ж думкамі і пачуццямі.

У перыяд 1904—1906 гг. Іван Луцэвіч пазнаёміўся з Ядвігіным Ш. (Антонам Іванавічам Лявіцкім) — пісьменнікам, які пісаў па-беларуску. Ён адобрыў першыя вершаваныя спробы  юнака і параіў пісаць на роднай мове. У Ядвігіна Ш. Янка Купала пазнаёміўся з творчасцю Лучыны, Дуніна-Марцінкевіча, Багушэвіча, з гісторыяй беларускай літаратуры, са скарбамі вуснай творчасці народа.

15 мая 1905 г. у мінскай газеце “Северо-Западный край” быў надрукаваны па-беларуску першы верш Янкі Купалы “Мужык”. “Гэты верш прагучаў, не, мабыць, стрэліў як пярун сярод яснага дня, абвяшчаючы працоўную моц народа, увасобленую ў вобразе мужыка, якому наканавана было нарэшце стаць гаспадаром свайго лёсу”, — піша літаратурны крытык Уладзімір Юрэвіч.

Памятаеце купалаўскае:

Я буду жыць! — бо я мужык!

Небывалы поспех верша акрыліў паэта.

 

 

“Янка Купала — адзін з самых любімых паэтаў. Ён вялікі сапраўднай народнай прастатой, самыя мудрыя думкі, самыя  глыбокія і складаныя з’явы нашага жыцця заключаны ў яго простую, даступную кожнаму, адзіна  магчымую форму вырашэння таго, што хвалявала паэта, чым ён жыў і аб чым не мог не спяваць. Вялікі паэт жыве вялікімі падзеямі, заняты самым галоўным, карэнным, тым, што складае  асноўную сутнасць імкненняў і здзяйсненняў народа”.

Народны паэт Беларусі

Якуб КОЛАС.

 

“Для мяне Купала заўсёды быў прыкладам самаадданага служэння радзіме. Яго іпастась знакавая — як мастака, грамадскага, палітычнага дзеяча, які ў сваёй працы імкнуўся вярнуць краіне і народу пачэснае месца паміж іншымі народамі свету. Думаецца, варта клапаціцца пра тое, каб яго спадчына і запаветы заставаліся каштоўнымі не толькі для нашых сучаснікаў, але і нашчадкаў”. 

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь

Барыс СВЯТЛОЎ.

 

“Для Беларусі Янка Купала — не проста паэт. Разам з Якубам Коласам і Максімам Багдановічам ён узначальвае беларускі нацыянальны іканастас. Без іх няма новай беларускай літаратурнай мовы, разумення быцця нашага народа, асэнсавання яго самасці. Гэтыя людзі паўсталі пасля доўгага часу забыцця нашых традыцый і культуры, калі беларусаў спрабавалі ператварыць у палякаў, рускіх. Янка Купала — адзін з тых, хто, працуючы ў самых неспрыяльных абставінах, здолеў паказаць высокасць беларускай душы, перамагчы духоўную мізэрнасць”.

Доктар гістарычных навук

Ігар МАРЗАЛЮК.

 

 

Творчасць Янкі Купалы да жыцця  выклікаў пярэдадзень рэвалюцыі 1905 — 1907 гадоў. Ён прыйшоў у літаратуру як выразнік інтарэсаў, спадзяванняў і мар беларускага  працоўнага сялянства. Пра Купалу 1905 — 1907 гг. Кузьма Чорны сказаў: “Працоўны беларускі народ магутным сваім мільённым чалавечым вобразам паўстаў і ажыў у маладой душы”. Што характэрна, Янка Купала ўзнімаўся разам з народам, а не ішоў да яго, як гэта можна сказаць пра заснавальнікаў іншых нацыя-нальных літаратур. Ён вельмі добра ведаў вясковую рэчаіснасць з усімі яе праблемамі.

Рэвалюцыя 1905 г. абудзіла народ палітычнымі лозунгамі з патрабаваннямі зямлі, волі, дэмакратычных правоў, прымусіла яго ўсвядоміць сваю сілу і мужнасць. І карэнная  самабытнасць Янкі Купалы  адпавядала рысам і якасцям народнай масы. Яму ж належыць высокая нацыянальна-патрыятычная ідэя, перакананасць, што “жыве Беларусь!”

А вот як не любіць гэта поле,

і бор,

І зялёны садок, і крыклівую гусь!..

А што часам тут страшна

заенча віхор,

Гэта енк, гэта крык,

што жыве Беларусь!

(З верша “Гэта крык, што жыве Беларусь”. 1905—1907 гг.

Перыяд працы на бровары ў Доль-ным Снове стаў для паэта вельмі плённым. У маі 1907 г. у газеце “Наша ніва” быў змешчаны верш Янкі Купалы “Касцу” — ён лічыцца першым творам паэта ў беларускамоўным друку. У ім Янка Купала паказвае паступовае абуджэнне ў мужыку рашучасці брацца за зброю (за касу):

Пяюць птушкі пад акном,

Лепшай долі даўно жджом…

Ну, досць коску ўжо кляпаць,

Час з калодкі ўставаць.

Праз сяброў Купала атрымліваў гэтую газету, якая дапамагала і творчасці, і грамадскай  дзейнасці. На дальнасноўскім бровары ён працягваў весці рэвалюцыйную агітацыю, распаўсюджваў нелегальную літаратуру, чытаў свае вершы. Але хутка Купалу западозрылі ў палітычнай ненадзейнасці і папярэдзілі, што звольняць з пасады.

Услед за вершам “Касцу” “Наша ніва” друкавала ўсё новыя і новыя вершы Янкі Купалы — “Лета”, “Ці ж гэта многа?”, “Непагода”, “Былі ў бацькі тры сыны”, “Вучыся”, “Чары”, “Прыйшла восень”… Аўтар перадаваў іх у Пецярбург, дапаўняючы свой першы зборнік вершаў “Жалейка”, які рыхтавалі да друку ў выдавецкай суполцы “Загляне сонца і ў наша аконца”. Рэдагаваў яго  супрацоўнік універсітэта Браніслаў Ігнатавіч Эпімах-Шыпіла, які  ацаніў вершы паэта, які падтрымліваў Купалу і пазней, у пецярбургскі  перыяд яго жыцця. Зборнік убачыў свет у 1908 годзе. Гэту хвалюючую вестку Янка Купала  атрымаў падчас сваёй працы ў Дольным Снове.

У сноўскі перыяд на жыццёвым шляху паэта таксама сустрэліся людзі, неабыякавыя да яго таленту. Прывяду  ўрывак з газетнага артыкула журналіста Сяргея Галоўкі (“Мінская праўда”, 2002 г.), дзе ён аб гэтым апавядае: “Неў-забаве пасля з’яўлення мала-дога паэта на дальнасноўскім бровары яго запрасіў да сябе ў госці вінакур Сярніцкі, якраз той самы “начальнік”, у якога Янка Купала афіцыйна лічыўся ў памочніках. І нечакана для сябе ў доме Сярніцкіх паэт сустрэў прыязнасць і разуменне сваіх творчых памкненняў. Найперш ён прыйшоўся даспадобы гаспадыні — пані Міраславе, жанчыне адукаванай і чуйнай да вершаванага мастацтва. Таму з часам Янка Купала стаў бываць у сваіх добрых знаёмых даволі часта.

Знайшоўшы ў асобе пані Сярніцкай не толькі ўдзячнага слухача сваіх вершаў, але і кампетэнтнага дарадцу, малады паэт дзяліў-ся з ёю як сваімі творчымі задумамі, так і многімі сакрэтамі, у тым ліку і сардэчнымі. Паводле сцвяр-джэння некаторых даследчыкаў Купалавай творчасці, у Дольным Снове будучы народны Пясняр спаткаў сапраўднае каханне. На жаль, гісторыя не захавала нам імя дальнасноўскай прыгажуні, якой сімпатызаваў паэт, аднак пра яго моцныя любоўныя пачуцці сведчыць верш “На адвітанне”. У паэтычнай скарбонцы Янкі Купалы ёсць таксама і верш “З песень нядолі”, які ён прысвяціў сваёй натхняльніцы і гаспадыні ўтульнага дома  Сярніцкіх, дзе заўсёды былі яму рады”.

Дарэчы, да Янкі Купалы ў беларускай паэзіі ніхто не пісаў пра каханне. У вершы “На адвітанне” (1907 г.) чытаем:

Я так шчасця на свеце

знаў мала

І прывету не знаў ад людзей, —

Цябе ўбачыў — і весела стала,

І ты стала за ўсё мне мілей!

Але для далейшага росквіту таленту паэту патрэбны былі  новае асяроддзе, сустрэчы  з іншымі творчымі людзьмі, атмасфера высокай творчай духоўнасці. І калі яго запрасілі  ў рэдакцыю газеты “Наша ніва”, Янка Купала ўвосень 1908 г. пакінуў Дольны Сноў і накіраваўся ў Вільню…

На месцы некалішняга бровара ў Дольным Снове цяпер знаходзіцца перапрацоўчая вытвор-  часць  СВК “Агракамбінат Сноў”. Новыя будынкі, навейшыя тэхналогіі. Аб тым, што было тут 110 гадоў таму, сведчыць толькі гісторыя ды памятны знак, устаноўлены каля прахадной прадпрыемства. Ён нагадвае: у 1907—1908 гадах у Дольным Снове на панскім бровары працаваў будучы народны паэт Беларусі Янка Купала. Пра яго жыццёвы і творчы шлях з цікавасцю слухаюць і наведвальнікі народнага  музея Сноўскай сярэдняй школы, дзе невялікая экспазіцыя  прысвечана Песняру.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!