“Ці ведаеце вы Купалу?”

Поделитесь с друзьями
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Малюся я небу, зямлі

і прастору,

Магутнаму Богу —

ўсясвету малюся,

Ва ўсякай прыгодзе,

ва ўсякую пору

За родны загон Беларусі.

(Янка Купала.

“Мая малітва”)

 

7 ліпеня  споўнілася 135 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, народнага паэта Беларусі, драматурга, публіцыста, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Акадэміі навук Украіны Янкі Купалы.

Геній, прарок і духоўны арыенцір нацыі, Янка Купала ўзняў беларускае мастацкае слова на небывалую вышыню. Ён стаў першым народным паэтам у краіне. Літаратар, акадэмік, філосаф — ён многае зрабіў для ўключэння беларускай літаратуры ў спісы сусветнай. Творы Купалы перакладзены амаль на сто моў свету.  Яго творчасць уяўляе сабой сапраўдную энцыклапедыю жыцця беларускага народа, ад першага да апошняга верша належыць Беларусі і яе нацыянальнай культуры.

28 ліпеня з нагоды юбілею  паэта Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка запрасіла ў гарадскі сквер ля фантана пры-хільнікаў творчасці Янкі Купалы, а таксама дзяцей з профільнага аздараўленчага лагера “Эрудыт”. Пры дапамозе разгорнутай кніжнай выставы “І вечнасць радка, як вечнасць жыцця” прысутныя змаглі ўзгадаць жыццёвы і творчы шлях Песняра, успомніць мясціны, якія ўвекавечылі памяць аб ім.

Фрагмент інсцэніроўкі  алегарычнай казкі Якуба Коласа  “Ноч, калі папараць цвіце”

Фрагмент інсцэніроўкі алегарычнай казкі Якуба Коласа
“Ноч, калі папараць цвіце”

Дзмітрый Туроль чытае верш Янкі Купалы

Дзмітрый Туроль чытае верш Янкі Купалы

Выступае Уладзімір Жылко

Выступае Уладзімір Жылко

У рамках акцыі бібліятэкары правялі бліц-апытанне на веданне асноўных твораў і момантаў жыцця паэта. Пераможцы атрымалі запрашэнні на “Бібліяноч-2017”, якая адбудзецца ў верасні.  Прысутныя таксама прынялі ўдзел  у бібліятэчным сэмплінгу — атрымалі лістоўкі, закладкі, брашуры з цытатамі, вершамі і прысвячэннямі.

Далей мы падрыхтавалі літаратурна-музычную кампазіцыю “І не змоўкнуць ніколі ў свеце Купалавы словы…”, якая пачалася з інсцэніроўкі алегарычнай казкі Якуба Коласа “Ноч, калі папараць цвіце”.

Паэзія Янкі Купалы — гэта перш за ўсё паэзія пачуццяў, эмоцый, глыбокіх разважанняў і перажыванняў. Прысутныя слухалі вершы Янкі Купалы “Мая навука”, “Дуб”, “Юрачка”, “А хто там ідзе?” і іншыя, якія дэкламавалі Дзмітрый Туроль, Валерыя Шчарбакова, Вікторыя Пятрыка, Паліна Валнухіна, Валерыя Крыцкая. Цудоўны верш-прысвячэнне Якуба Коласа “Янку Купалу” прачытаў Аляксей Шчарбакоў. Выступоўцы пранікнёна чыталі вершы і не пакінулі абыякавымі нікога з прысутных.

Момант інсцэніроўкі  верша Янкі Купалы “Юрачка”

Момант
інсцэніроўкі
верша Янкі Купалы
“Юрачка”

Выхаванцы лагера “Эрудыт” каля выставы  “І вечнасць радка, як вечнасць жыцця”

Выхаванцы лагера “Эрудыт” каля выставы
“І вечнасць радка, як вечнасць жыцця”

Сябра раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” Уладзімір Жылко таксама з’яўляецца прыхільнікам творчасці народнага паэта. Прысутныя паслухалі яго верш-прысвячэнне “Янку Купалу”, а таксама цудоўныя вершы Уладзіміра Трафімавіча на роднай беларускай мове. Гучалі  песні на словы Янкі Купалы, вядучыя мерапрыемства цёпла і душэўна гаварылі пра паэзію, пра жыццёвы шлях Песняра. Закончылася мерапрыемства песняй на словы Уладзіміра Някляева “Янка Купала”.

Алёна ЧУХЛЕЙ,

загадчык аддзела па рабоце

з дзецьмі Нясвіжскай

цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.


Поделитесь с друзьями
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.