Першая жнівеньская нядзеля зноў сабрала ў гарадскім парку прыхільнікаў аматарскай творчасці. А іх, заўважу адразу, з кожным разам становіцца ўсё больш. Напэўна, многія памятаюць 2016 год — Год культуры, у рамках якога ўсё лета праходзілі канцэрты калектываў аматарскай творчасці. Улічыўшы актыўнасць гледачоў і іх пажаданні, выступленні артыстаў-аматараў было вырашана працягваць і сёлета. Іх заўзятыя прыхільнікі кожную нядзелю ў 15.00 збіраюцца ля бетоннай пляцоўкі, каб у чарговы раз дакрануцца да чароўнай сілы мастацтва. Так, напрыклад, несвіжане Людміла і Анатоль Астахавы рэгулярна прыходзяць на карцэрты, дружна апладзіруюць, атрымліваюць мноства станоўчых эмоцый.
На гэты раз свае таленты дэманстравалі самадзейныя артысты Завітанскага сельскага клуба-бібліятэкі і Навасёлкаўскага СДК. Першыя зрабілі акцэнт на выкананні і прапагандзе народных песень. Загадчык установы Лілія Ільюшэнка выкарыстоўвае творы з тэлеперадачы “Наперад у мінулае”, і гэта добра атрымліваецца ў мясцовых артыстаў: песні нашых продкаў гучаць меладычна, адлюстроўваюць душэўныя перажыванні і эмоцыі, апяваюць родны край. Ансамбль песні “Рэха” прыгожа выканаў песні “Родныя мясціны”, “Сонейка ды месяц”, “Праз рэчку, праз масты” і іншыя. Пад акампанемент баяніста Валерыя Кавалёва яны гучалі асабліва душэўна.
Варта адзначыць, што ў канцэрце прымалі ўдзел школьніцы з Завітой, вядучыя Валерыя і Ксенія Сакавец. Парадавала гледачоў яшчэ адна выступоўца, якая прадстаўляла Навасёлкі: Юлія Мароз іграла на саксафоне, і з яго цудоўна ліліся пяшчотныя мелодыі. Канцэрт так захапіў гледачоў, што адзін госць Нясвіжа, мужчына з Брэста, выйшаў на сцэну і заспяваў песню па-італьянску.
Вывад просты: песні ды жарты патрэбныя людзям усіх узростаў, і артысты, якія прыносяць нам добры настрой, заслугоўваюць падзякі.
Раіса ХВІР,
г. Нясвіж.