У нядзелю, 13 жніўня, наш раён адправіў 15 збожжаўборачных камбайнаў на дапамогу барысаўскім хлебаробам.
Пунктам збору стала мяжа паміж Нясвіжскім і Стаўбцоўскім раёнамі. 6 гадзін раніцы. Кожны камбайн з сельгаспрадпрыемстваў суправаджаў хто-небудзь з галоўных спецыялістаў — інжынер або аграном, з ААТ “Лань-Нясвіж” — дырэктар з інжынерам.
Сказаць камбайнерам добрыя словы ў дарогу прыехалі старшыня Нясвіжскага райвыканкама Іван Крупко, яго першы намеснік, начальнік райсельгасхарчу Анатоль Драгавец, прысутнічаў начальнік дзяржаўтаінспекцыі РАУС Уладзімір Казакевіч.
Іван Іванавіч Крупко ўручыў усім членам экіпажаў збожжа-ўборачных камбайнаў Падзячныя пісьмы старшыні райвыканкама за іх гатоўнасць прыйсці на дапамогу іншым гаспадаркам Міншчыны, застаўшыся без дамашняга камфорту і высокіх намалотаў на палях Нясвіжскага раёна.
Убіраць барысаўскую ніву па-ехалі старшы камбайнер СВК “Агракамбінат Сноў” Анатоль Абрамовіч, старшы камбайнер Віктар Драздоў і камбайнер Ігар Скрыба з ААТ “Лань-Нясвіж”, старшы камбайнер Ігар Есін і камбайнер Уладзімір Міхайлоўскі з ААТ “Юшавічы”, старшы камбайнер Юрый Зубовіч і камбайнер Васіль Саковіч з ААТ “Сейлавічы” і іншыя працаўнікі. Суправаджалі калону аўтамашыны ДАІ, РАНС, хуткай медыцынскай дапамогі і службы дзяржтэхнагляду. Дапамогу ад нашага раёна прыняло пяць гаспадарак Барысаўскага: “Зембінскі”, “БарысаўСаюзАгра”, “Міраполле”, “Суворава” і “Карсаковіцкі”.
На здымках — моманты ўзнагароджвання камбайнераў Падзякай старшыні райвыканкама і адпраўкі камбайнаў на Барысаў.
У тэму
“Чалавечы фактар на ўборачнай — гэта самае галоўнае”, — падкрэсліў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання збожжавай нівы ў Івацэвіцкім раёне.
На раніцу 15 жніўня хлебаробы краіны атрымалі 5,5 млн. тон збожжа.
У пятніцу хлебаробы Міншчыны выйшлі на намалот 1 000 000 тон збожжа. Сярэдняя ўраджайнасць па вобласці — 38,2 ц/га, убрана 67,8 % пасеваў.
У нядзелю, 13 жніўня, чатыры камбайнеры Нясвіжчыны пераступілі 2-тысячны рубеж намалоту. Гэта Сяргей Касцюкевіч, Сяргей Вайняк, Аляксандр Грынаш і Уладзімір Яфімчык з СВК “Агракамбінат Сноў”.
У нядзелю ж на ўсёй 810-гектарнай плошчы першымі ў раёне завяршылі жніво хлебаробы ЗАТ “Агракамбінат Нясвіжскі”. У панядзелак, 14 жніўня, з ім справіліся ААТ “Нясвіжскія Астроўкі” і ЗАТ “1 Мая”.
“НН”.