Поле за вёскай Слабада, што ў СВК “Агракамбінат Сноў”, стала апошняй кропкай жніўнага маршруту сноўскіх хлебаробаў. У суботу на мехдвары сельгас-прадпрыемства прайшло свята дажыначнага снапа — урачыстае вітанне камбайнераў (фота 3) і вадзіцелей (фота 1), якія скончылі ўборку збожжавых у гаспадарцы. Урачыстым маршам на чале з пераможцамі, якімі сталі сярод камбайнераў — Сяргей Вайняк, а сярод вадзіцеляў — Мікалай Клімовіч, яны праследавалі ад поля да месца стаянкі. Галоўны аграном агракамбіната Аляксандр Шаманаў (на фота 3 — з сімвалічным дажыначным снапом) разам з пераможцамі, уручаючы сімвалічны дажыначны сноп з надпісам “Ураджай-2017” кіраўніку сельгаспрадпрыемства, члену Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалаю Радаману (фота 2), далажылі яму аб выніках сваёй працы. А яны не могуць не радаваць — са сноўскіх палёў сабрана 28237 тон збожжа, ура-джайнасць склала 96,4 ц/га. А пераможцамі спабор-ніцтва — Сяргеем Вайняком і Мікалаем Клімовічам — намалочана і перавезена больш за 3000 тон збожжа.
Мікалай Вячаслававіч, у сваю чаргу, звярнуўся да іх і ўсіх прысутных са словамі шчырай удзячнасці за самаадданую працу, за добры ўклад ва ўмацаванне эканамічнага падмурку гаспадаркі.
Пасля старшыні перад землякамі таксама выступілі галоўны аграном агракамбіната Аляксандр Шаманаў і лепшы камбайнер Сяргей Вайняк. Кожнае выступленне ўпрыгожвала сваёй творчасцю вакальная група народнага ансамбля народнай песні і танца “Вяночак”, а вядучыя мерапрыемства Аляксей Дунчанка і Юлія Коўш зрабілі яго сапраўды ўзнёслым і хвалюючым.
Урачыстая сустрэча хлебаробаў стала своеасаблівай “рэпетыцыяй” вялікага свята дажынак, на якім будуць ушанаваны ўсе, хто вызначыўся на ўборцы. Яно адбудзецца ў “Снове” пазней, а пакуль камбайны, што адпрацавалі на жніве, дапамагаюць вяскоўцам на ўборцы іх асабістых прысядзібных участкаў. Наперадзе — завяршэнне ўборкі саломы і дапрацоўка зерня на збожжатаках.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.
Фота Уладзіміра СЛАБКО.