“Сваім дваром я ганаруся, перад суседам пахвалюся”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Шмат у Беларусі розных вёсак,

Досыць і вялікіх гарадоў.

Толькі мне наканавана лёсам

Завітой аддаць сваю любоў.

Словамі нашага таленавітага земляка Міхаіла Дварэцкага, які жыў у нашай вёсцы, але заўчасна пайшоў з жыцця ў росквіце гадоў, пачалося свята вуліц Лясной 1-й і  Садовай.

Вядучыя прадставілі гасцей свята: кіруючага справамі Гара-дзейскага сельскага выканкама Наталлю Цвірко і старшыню прафкама ДП “ЭБ “Свеклавічная” Алену Галяновіч. Шмат было сказана пра  жыхароў гэтых вуліц, якія знахо-дзяць занятак па душы, могуць  прадэманстраваць свае здольнасці, бо няма такога чалавека на нашых вуліцах, у якога б не былі залатыя рукі, шчырае сэрца, багатая фантазія, пявучая і шчодрая душа.

На вуліцу Лясную 1-ю пачалі перасяляцца людзі з вёскі Круты Бераг у далёкія 1901-1902 гады. А Садовая  вуліца забудавалася, калі  ў вёсцы з’явіўся новы жывёлагадоўчы комплекс. У 1982 го-дзе пераехала ў новы дом сям’я Ніны Арсеньеўны і Уладзіміра Міхайлавіча Пічкоўскіх. Там у іх нарадзіўся сын Іван. Жывёлаводы, якія прызджалі працаваць на МТФ, атрымлівалі кватэры.

Ёсць на вуліцах людзі, якія  нарадзіліся і выраслі тут, і якія, аднойчы пераехаўшы сюды, усім сэрцам прыкіпелі да гэтых дзівосных мясцін і  засталіся жыць па сённяшні дзень. Гэта нашы старэйшыя жыхары Марыя Мікалаеўна Карпач і Алена  Канстанцінаўна Азарка. Абедзве працавалі  ў нашай гаспадарцы, гадавалі дзяцей. У сярэднім узросце засталіся ўдовамі. На сваіх плячах вынеслі ўсе цяжкасці жыцця.

IMG_20170729_180538

Вёска будзе жыць, калі ў яе ёсць працяг — маленькія жыхары. Гэта — наша будучае. На свяце віталі  самых маленькіх жыхароў вуліц  Сцефанію Аўсянік і Мацвея Мілюка.

Ні для каго не сакрэт, што ўсе сем’і розныя,  але ва ўсіх аднолькавыя жыццёвыя турботы: гаспадарка, выхаванне дзяцей, адпачынак, клопаты, шчаслівыя моманты. З задавальненнем узгадвалі сем’і-юбіляры: Леанід Міхайлавіч і Таццяна Яўгенаўна Цітко адзначылі 40 гадоў сумеснага жыцця, Дзмітрый Мікалаевіч і Людміла Сяргееўна Карпач — 25 гадоў, Вадзім Анатольевіч і Наталля Іосіфаўна Мартос — 20 гадоў. Павел і Іна Ямпольскія, Аляксандр і Вольга Гусцянёвы, Віктар і Таццяна Кухта святкавалі  ружовае вяселле.

Старшыня прафкама  ДП “ЭБ “Свеклавічная” Алена Галяновіч падзякавала работнікам  палёў і фермы, механізатарам, вадзіцелям, якія працуюць у гаспадарцы, і ўзгадала тых, хто аддаў працы ў ёй усе лепшыя гады. Гэта Яўгенія Андрэеўна Мартос, Валянціна Міхайлаўна Мартос, Алена Канстанцінаўна Азарка, Галіна Канстанцінаўна Кухта, Аляксандр Іванавіч Высоцкі, Таццяна Іванаўна Якаўлева, Марыя Мікалаеўна Карпач, Люцыяна Аляксандраўна Сойка, Лідзія Міхайлаўна Багданавічус,  Роза Анвараўна  Шыманская.

Вядучыя свята — сёстры Валерыя і Ксенія Сакавец — цёплымі словамі віталі ліпеньскіх імяніннікаў і юбіляраў.

85 гадоў адзначыла  Алена Канстанцінаўна Азарка, 80 — Яўгенія Андрэеўна Мартос, 70 — Таццяна Іванаўна Якаўлева, 60 — Васіль Мікалаевіч Власін і Віктар Васільевіч Ільюшэнка, 40 — Віктар Вячаслававіч Кухта, Павел Мікалаевіч Ямпольскі, Наталля Віктараўна Сандракова, 20 — Уладзіслаў Бруй і Яўген Турко.

SAM_3926

Не так даўно ў вёсцы быў праведзены конкурс на лепшы падворак. У ім спаборнічала шмат дагледжаных двароў з добрымі гаспадарамі і дбайнымі гаспадынямі, але перавагу аддалі Таццяне Яўгенаўне і Леаніду Міхайлавічу Цітко, Валянціне Міхайлаўне Мартос, Яўгеніі Андрэеўне Мартос, Наталлі Іосіфаўне і Вадзіму Анатольевічу Мартос. Запрасілі былую загадчыцу Завітанскага ФАПа, што знахо-дзіўся  на адной з вуліц — Тамару Генадзьеўну  Яфімаву, якая пачала і закончыла сваю  працоўную дзейнасць сярод жыхароў нашай вёскі. Са слязьмі на вачах яна расказала, што ўсіх памятае, штодзённа ўспамінае, бачыць у снах. Сказала, што многія тэлефануюць ёй дадому, просяць той ці іншай парады.

Узгадалі на свяце і дынастыю  Марыі Мікалаеўны і Яўгена Канстанцінавіча Карпач, якія ў маладыя  гады спявалі ў клубе. Яўгена Канстанцінавіча, на жаль, ужо шмат гадоў няма ў жывых, але многія  вяскоўцы і сёння памятаюць, як цудоўна ён іграў на баяне. Іх дзве дачкі,  Таццяна і Ганна, таксама пайшлі ў сама-дзейнасць. Цяпер іх дзеці, Кацярына і Алена, сталі ўдзельнікамі  калектыву аматарскай творчасці. Радуюць сваімі галасамі  жыхароў нашай вёскі і іх праўнукі Аліна і Максім.

Усіх жыхароў вуліц Лясной 1-й і Садовай шчыра віталі, дарылі музычныя падарункі ўдзельнікі аматарскай  творчасці Навасёлкаўскага сельскага цэнтра культуры і Завітанскага сельскага клуба-бібліятэкі. Напрыканцы быў вынесены  святочны каравай, якім частавалі  ўсіх прысутных. Доўга гучала  музыка, танцуючых нельга было спыніць.

Жыве і квітнее наша вёска, квітнеюць вуліцы Лясная 1-я і Садовая. І хто яго ведае, можа, праз сто гадоў на гэтым  месцы будзе пасёлак гарадскога тыпу. Гэта мы дакладна ведаць не можам, але ўпэўнены, што і праз дзясяткі гадоў у Завітой  будуць жыць дбайныя гаспадары і гасцінныя гаспадыні.

Вядучыя закончылі свята словамі М. Дварэцкага:

Вёска багацее, працавітая,

Людзі ўсе тут шчырыя жывуць.

Жураўлі па небе пралятаюць,

І на полі сеюць, потым жнуць.

Я ніколі край свой не змяняю

На замежжа, Крым ці серабро.

Жураўлі па небе пралятаюць,

А ў душы маёй заўжды святло.

Арганізатары свята і вяскоўцы дзякуюць старшыні прафкама ДП “ЭБ “Свеклавічная” Алене Уладзіміраўне Галяновіч  за дапамогу ў правядзенні мерапрыемства.

P.S. Нядаўна новая радасць прыйшла да вяскоўцаў: на вуліцы Лясной 1-й пачалася ўкладка асфальту.

Ганна ДАМЕНІКОЎСКАЯ,

в. Завітая.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.