Меню
Курс $  3.27 | €  3.48 | ₽100  3.51 |
Погода 7 °C

Хочаш увагі? Пачні з павагі…

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 0

Пост опубликован: 18.08.2017

журналисты

Свайго дзеда ўспамінаю амаль штодня з самых розных нагод. У яго, прайшоўшага два фашысцкія канцлагеры, лесанарыхтоўкі ў Сібіры і на Далёкім Усходзе, перажыўшага цяжкія пасляваенныя гады і смерць дзіцяці, Чарнобыль і пераезд-вяртанне, практычна на ўсе жыццёвыя сітуацыі і пытанні былі адказы. Ды такія слушныя, што не памятаю ніводнага выпадку, каб яны не дапамагалі, бо, як гаворыцца, былі “пацверджаныя клінічнымі даследаваннямі” — самымі што ні на есць дакладнымі і гарантаванымі. Быў у дзеда да апошніх яго дзен і свой “кодэкс гонару”, якога ён прытрымліваўся цвёрда, і які імкнуўся перадаць усім нам, сваім родным.  Павага да людзей у гэтым зводзе правіл жыцця была ў дзеда на адным з першых месцаў, і праяўлялася яна ва ўсім,  у тым ліку і ў знешнім выглядзе. Ніколі за ўсё жыццё дзед не дазволіў сабе выйсці на вуліцу, — у краму ці ў іншае грамадскае месца — не пераапрануўшыся ў чыстае адзенне, не наваксаваўшы абутак і непаголеным. Гэта не залежыла ад ступені яго занятасці, стану здароўя, настрою, надвор’я, а таксама ад таго, на чвэрць гадзіны ён ішоў па хлеб ці на палову дня  ехаў у паліклініку. І ён заўсёды літаральна мяняўся ў твары, калі яго дзеці ці мы, унукі, малыя ці ўжо ў сталым узросце (мяне дзед “давёў” да трыццаці шасці), збіраліся выйсці з хаты, маючы, на яго погляд, нейкую неахайнасць у знешнім выглядзе і — барані, Божа! — хоць адну пясчынку на абутку. Ен стаяў у дзвярах і пільна сачыў за намі. І калі бачыў, што яго заўвагу  збіраюцца праігнараваць, можна было лёгка атрымаць і ў каўшэль. З абуткам, дарэчы, у нас, калі дзед апошнія гады жыў з намі, праблем ніколі не было, бо кожную раніцу ён сам чысціў яго ўсім членам сям’і, пакуль мы яшчэ спалі. Так было і раней, калі мы прыязджалі да яго на Гомельшчыну. Я і зараз, нават моцна спяшаючыся, выйсці з хаты ў брудным абутку не магу — адразу нямым дакорам паўстае дзед перад вачыма.



З дзяцінства памятаю выпадак, пра які з абурэннем шмат гадоў перыядычна нагадваў нам дзед. Васьмідзясятыя гады. Самы поўдзень краіны. Пякучы летні дзень. Вясковыя жанчыны босыя шчыруюць у градах. Хлеб у сельскую краму тады прывозілі тры разы на тыдзень, заўседы ў адзінаццаць гадзін. Трэба было паспець яго купіць, бо разбіралі хутка. Таму прыходзілі па яго раней, вымыўшы пасля агарода твар, рукі і ногі, пераапрануўшыся ў чыстае. І вось стаіць дзед у чарзе, гутарыць з аднавяскоўцамі. І раптам у краму літаральна забягае яшчэ нестарая вясковая кабета, босая, з бруднымі нагамі, у запыленай хустцы і такой жа сукенцы, і з парога выдае: “Ой, гэта ж во цэлы дзень палю, не разгінаючыся, нават прысесці няма калі, то выскачыла на хвілінку па хлеб, а потым зноў у агарод. От жа бабская доля!” І становіцца ў канец чаргі, яўна спадзяючыся на разуменне. Усе вяскоўцы, як казаў дзед, былі вельмі абураныя. Мужчыны паадварочваліся, жанчыны — дык тыя не змаўчалі: “Таццяна, ну ногі памыць магла б ужо, усё ж у людзі ідзеш. Не больш за другіх занятая. Ды не толькі да людзей, да хлеба трэба ж нейкую павагу мець”. Жанчына не чакала такой рэакцыі, сумелася, моўчкі купіла хлеб, і больш ніколі, як казаў дзед, ён не бачыў яе ў краме ў такім выглядзе. Гэта быў урок не толькі для вясковай кабеты Таццяны, яе аднавяскоўцаў, але і для ўсіх, каму потым пераказвалі гэтую гісторыю. Урок павагі да хлеба, да людзей, якія на вёсцы ведалі адзін аднаго “як аблупленых” і маглі сустракацца за дзень па многа разоў, але пры гэтым паважалі адзін аднаго так, што не дазвалялі выйсці “ў людзі” неахайнымі. І, у першую чаргу, паважалі сябе. Дарэчы, гэтую павагу да людзей і да сябе выхоўвалі і ў нас, дзяцей,  як мясцовых, так і тых, што прыязджалі на лета з горада: даючы грошы і торбу і адпраўляючы ў краму, баба з дзедам заўседы сачылі, каб мы былі чыстыя і абавязкова абутыя, хоць амаль усё лета мы гойсалі босыя з раніцы да ночы, і “злётаць” у краму ў такім выгля-дзе маглі б “на раз”.

Гэты выпадак за апошні месяц ўзгадвала ўжо не адзін раз, асабліва пасля таго, як у райвыканкаме пачала дзейнічаць забарона на пропуск наведвальнікаў у шортах, гумавых сланцах, майках-“алкагалічках”, дваццацісантыметровых “топіках” і іншым падобным адзенні і абутку, а то і пры яго адсутнасці. Я ўжо не кажу пра стан алкагольнага ап’янення, з сабакамі і катамі — здаралася і такое! Здавалася б, усё правільна, амаль увесь цы-вілізаваны свет жыве па такіх патрабаваннях, але ж не: што ні дзень, то высвятленне адносін, лямант, скандал. “Якое вы маеце права?! Вы не паважаеце людзей! Я што, у такую спёку павінен апранаць касцюм, каб узяць адну даведку ў райвыканкаме?! Я буду скардзіцца, хутчэй дайце мне кнігу скаргаў і прапаноў!” Такія “тырады” з пагрозамі чуваць з першага паверха амаль па чацвёрты. І высвятляецца, што практычна ўсе ў нас ведаюць тэлефоны “гарачай лініі” АНТ, прыёмнай губернатара, адрас Адміністрацыі Прэзідэнта і іншых устаноў, дзе на аўтараў забароны павінны “знайсці ўправу”. Згадзіцеся, мала каму прыйдзе ў галаву пайсці ў міністэрства або пасольства ў шортах і сланцах, а ў падатковую ці ў райвыканкам, выходзіць, можна ў любым выглядзе.

— “Што вы ад мяне хочаце?! Я ж не голы!” — гэты “аргумент” прыводзяць амаль усе, каго спыняе міліцыянер пры ўвахо-дзе ў райвыканкам. (Дарэчы, пакупнікі з голым торсам у гарадскіх аб’ектах гандлю ўжо нікога, на вялікі жаль, не здзіўляюць).

Дзеля справядлівасці адзначу, што ёсць усё ж людзі, якія пасля тлумачэння прычын забароны з разуменнем адносяцца да новаўвядзення, згаджаюцца, што гэта правільна, ніякавеюць, апускаюць вочы, саромеючыся за свой знешні выгляд. Адразу пранікаешся нейкім шкадаваннем, пэўнай павагай і жаданнем дапамагчы, бо, як правіла, чуеш потым ціхае: “Калі ласка, прапусціце ўжо мяне ў гэты раз. Я сёння спецыяльна ехаў з Астровак (Хвоева, Лявонавіч) сюды, горача вельмі было з раніцы, не падумаў, а мне вельмі патрэбна…”  І прапускаеш, бо па чалавеку бачыш усё, адразу разумееш, што ён сапраўды больш ніколі так не зробіць і другім накажа. Але большасць, на жаль, зусім іншага кшталту. Крыўдна бывае за тое, што часта побач з такімі, на іх погляд, “униженными и оскорбленными”, якія за сваім лямантам нічога і нікога не хочуць чуць, стаяць іх дзеці, якія ўсё бачаць і чуюць, хутка пераймаючы мадэль паводзін бацькоў, лічачы, што так і трэба, што толькі “горлам” і пагрозамі можна дабіцца свайго. Добра, калі ў школе гэтым дзецям хто-небудзь раскажа пра тое, што, напрыклад, у самай шчаслівай, як лічыцца, дзяржаве ў свеце — Бутане — з’яўляцца на людзях без касцюма непрыстойна, што без яго не пусцяць ні ў адну дзяржаўную ўстанову. Што ў многіх краінах каля ўваходаў у дзяржаўныя ўстановы стаяць спецыяльныя банэры, якія тлумачаць турыстам правілы паводзін і дрэс-код, якога трэба прытрымлівацца ў грамадскіх месцах. І там ніхто не лямантуе. Для ўсіх гэта нормы жыцця.

Мы ўсе хочам, каб нас паважалі. Але ж хто нас будзе паважаць, калі мы самі сябе не паважаем?! Калі мы дазваляем сабе нават на прыём да намесніка міністра  прыйсці ў шортах і гумавых сланцах, не кажучы ўжо пра прыём да старшыні райвыканкама па серадах, калі ў прыёмную кіраўніка раёна вельмі часта хочацца запрасіць стваральнікаў папулярнай перадачы “Снимите это немедленно!”. І пры гэтым, ідучы так на прыём, спадзяюцца толькі на станоўчае вырашэнне свайго пытання, забываючы, што сустракаюць усё ж “по одежке”, што першае ўражанне самае яркае, і вельмі важна, каб яно было станоўчым, каб было бачна, што ты чалавек сур’ёзны, разумееш, куды, да каго і чаго прыйшоў. Мы ж у большасці сваёй думаем, што нам усе ўсё па-вінны проста так. Тое, што гэта не так, даўно пара ўсвядоміць кожнаму. Праблем будзе менш і сабе, і іншым.

Аналагічную памылку, дарэчы, робяць і тыя, хто на гутарку пры прыёме на працу таксама ідуць абы ў чым, лічачы, што важна толькі тое, што ў дыпломе і ў галаве. Яно, вядома, так, але… Кіраўнік аднаго  прадпрыемства, дзе многія хацелі б працаваць хоць кім, нядаўна сказаў мне, што, з’явіся на парозе прыёмнай яго кабінета “соискатель” у шортах і сланцах, то нават калі гэта будзе выпускнік БДУ з чырвоным дыпломам, ён яго на працу не возьме. Зараз можаце назваць гэтага кіраўніка самадурам, успомніць Біла Гейтса ў джынсах і кедах і іншыя прыклады, але задумацца ўсё ж ёсць над чым.

Гляджу часам з замілаваннем на бабулек, што прыхо-дзяць ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне: яны заўсёды чысценькія, акуратныя, з сумачкамі. Бачна, што збіраліся і рыхтаваліся да паездкі “ў раён”. Узгадваю зараз і паважаных нашых жанчын — былых калег, кіруючых справамі пасялковага і сельскіх выканкамаў, дырэктараў школ, што зараз на пенсіі. Да іх з вялі-кай павагай адносяцца і на вёсцы, і “ў раёне”, і яны ніколі не дазвалялі сабе раней і не дазваляюць зараз прыехаць у райвыканкам “з карабля на баль”. А мужчыны — былыя кіраўнікі і не толькі! Калі яны прыходзяць у выканкам, з імі не толькі заўсёды прыемна пагутарыць, але і вока, гледзячы на іх, адпачывае, — я ўжо не кажу пра парфум. Ніводзін не дазваляе сабе прыйсці непаголеным, у брудным абутку. Ім ужо нікому нічога не трэба даказваць, і, здавалася б, павінна быць, як казаў адзін мой знаёмы, “вшыстка една”, але ж яны паважаюць сябе і тых, хто вакол іх. Таму і самі заслугоўваюць да сябе вялікай павагі. Я гэта да таго, што прыклад ёсць з каго браць, толькі чаму мы гэтага не робім?!

Усім вядомы выраз пра тое, што той, хто хоча, шукае магчымасці, а хто не хоча — апраўданні. Як высвятляецца, многія з тых, хто прыходзіць у райвыканкам нават у цяперашняе спякотнае надвор’е як “лонданскі дэндзі”, у сваіх аўтамабілях спецыяльна возяць касцюм і абутак “на выхад”. Вырашыўшы ўсе пытанні ў выканкаме, проста мяняюць іх на зручныя тэніску, шорты і тыя ж сланцы. “Всё в твоих руках…”, як спявае Леанід Агуцін.

…На мінулым тыдні завіталі да нас калегі з суседняй вобласці, што прывезлі сваіх гасцей з расійскага горада-партнё-ра Краснагорска. Вадзіцель аўтобуса, які мы сустракалі на плошчы каля Ратушы, папрасіў адзначыць “камандзіроўку”. На маю прапанову падысці на ганак райвыканкама, а я патэлефаную, і хто-небудзь да яго спусціцца, каб паставіць пячатку, катэгарычна замахаў рукамі: “Не-не-не!!!” І вінавата паказаў на свае шорты, нават вельмі прыстойныя, і акуратныя летнія басаножкі (у той дзень было вельмі горача). На ганак!!! І гэта, як потым стала вядома, былы дальнабойшчык з трыццацігадовым стажам, у якога, як сам адзначыў, у такіх шортах прайшло амаль усё жыццё, бо ездзіў, у асноўным, у краіны з цёплым кліматам. Вось так. Павага да сябе і да людзей, як і выхаванне, — яны альбо ёсць, альбо іх няма. Вельмі б хацелася, каб такім, на самай справе, вельмі простым рэчам вучылі нашых дзяцей, пачынаючы з дзіцячых садкоў.

Ірына ЦІХОНКА,

начальнік аддзела

арганізацыйна-кадравай

работы райвыканкама.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!