Меню
Курс $  3.27 | €  3.48 | ₽100  3.47 |
Погода 8 °C

Жыццё амаль у стагоддзе

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 0

Пост опубликован: 25.08.2017

Не так даўно мне пашчасціла пазнаёміцца з надзвычай цікавай жанчынай. За свае 96 год жыцця яна бачыла столькі, што не хопіць і цэлай газеты, каб пра ўсё гэта расказаць. Завуць яе Праскоўя Аляксандраўна  Коржык (Букетава).

Жыве гэта цудоўная кабета праз дарогу ад школы, з якой звязана большая частка яе жыцця. Сама выходзіць у двор, з усмешкай сустракае гасцей і выглядае не старэй за 80 год. За сваё працоўнае жыццё гераіня гэтага аповеду вывучыла больш за 1 000 вучняў, якія і на сённяшні дзень наведваюць сваю настаўніцу, калі аказваюцца непадалёку. Але мала хто з іх ведае пра жыццё Праскоўі Аляксандраўны да пачатку работы ў Гарадзейскай сярэдняй школе № 1.



HYHyoM3eAzY

Нарадзілася Праскоўя Аляксандраўна у 1920 г. у в. Следзюкі Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Бацькі былі простымі, але вельмі працавітымі сялянамі і з малых год прывучалі дзяцей да працы і любові да прыроды. “Устаём мы раненька, — узгадвае Праскоўя Аляксандраўна, — бяжым да бацькі на двор, а ён слухае, як птушкі пяюць. І нам кажа: “Слухайце!” І мы, малыя, стаім з босымі нагамі, у караценькіх сарочках і слухаем. А колькі птушак было! Ды так яны спявалі — што мы дзівіліся”.

У 30-я гады Праскоўя Аляксандраўна пайшла ў школу. Звычайна дзеці ішлі ў сем год, але ёй дазволілі ў шэсць. Правучылася ў сельскай школе чатыры класы — а больш няма. Прыйшлося паступаць у Быхаў, у вучэбна-практычную, і там працягваць навучанне. Ды толькі яно за грошы было, і бацьку прыходзілася шмат плаціць. Але ён не засмучаўся. Наадварот, сам і настаяў на паступленні туды — хацеў, каб дзеці вывучылі-ся і выйшлі ў людзі. А па заканчэнні школы, калі Праскоўі было 13 год, параіў паступаць у педагагічны тэхнікум, дзеля чаго дзяўчына і адправілася ў Магілёў.

Вывучылася там і паехала працаваць настаўніцай пачатковых класаў. За год зразумела, что гэта не яе, і паступіла ў Магілёўскі педагагічны інстытут, дзе правучылася 5 год.

— Амаль усе выкладчыкі выкарыстоўвалі беларускую мову, але некаторыя і па-руску вучылі. Напрыклад, быў у нас гісторык Бяляўскі. Выкладаў на рускай мове, і ўсе былі задаволеныя. А  на беларускай я выдатна размаўляла. І дыктоўкі на выдатна пісала”, — з гонарам падзялілася Праскоўя Аляксандраўна, калі растлумачвала, чаму ў дыпломе напісана, што мае права выкладаць і рускую, і беларускую мову.

Вучоба, канешне, вучобай, але ж заўсёды трэба нешта есці. Усе шукалі работу, якая дазваляла лепш выжываць. Вось і паехала Праскоўя Аляксандраўна ў Казань працаваць настаўніцай у мужчынскай гімназіі. У тыя гады яе брат Якаў быў там дырэктарам хлебазавода і дапамагаў сям’і, як мог. Але доўга пражыць там жанчына не змагла — вельмі сумавала па Беларусі. І праз год вярнулася на Радзіму.

— Дома, у бацькоў, сапраўднага голаду не было, — кажа мая суразмоўца. — Была бульба, карова і малако. Але вельмі не хапала хлеба. Часам маці купляла на рынку льняное семя — нічога больш не было. Мы сушылі яго, таўклі, а потым рабілі бліны. Яны нам былі такімі смачнымі!

Два разы спрабавала Праскоўя Аляксандраўна працаваць дыктарам у радыёкамітэце ў Магілёве. Было складана, але горш за ўсё, што варта застудзіцца — і голас у мікрафоне ўжо іншы, быццам хто другі гаворыць. Але там выдавалі паёк — кавалачак хлеба памерам з два запалкавыя карабкі.

— Бывала, іду — хаця б не згубіць. Пашчыпваю па дарозе. Часам усё з’ядала адразу, а потым дакарала сябе — чаму не пакінула на потым!”, — гаворыць пра той час мая суразмоўца.

Аднойчы, ідучы па Магілёве, сустрэла свайго знаёмага — Захара Пятровіча Петрачкова, які быў настаўнікам у Нясвіжы.  І ён расказаў, што там настаўнікі атрымліваюць муку.

— Вось я і прыехала, — гаворыць Праскоўя Аляксандраўна. — І засталася назаўсёды.

Працаваць яе адразу адправілі ў Гарадзею, дзе яна і адрабіла з 1947 па 1968 год настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Першапачаткова яна жадала весці беларускую мову, але на гэту вакансію ўжо знайшлі кандыдатуру, і прыйшлося згаджацца на тое, што было.

Праскоўя Аляксандраўна не засмучаецца, што жыццё склалася менавіта такім чынам. Яна лічыць, што ўсё ідзе так, як павінна быць. Аддаючы шмат увагі чужым дзецям, яна разам з мужам выгадавала добрымі людзьмі дачку і сына, яны ў сваю чаргу падарылі бацькам трох унукаў, а тыя, у сваю чаргу — і праўнучку з прыгожым іменем беата, якая жыве ў Маскве.

Задумаўшыся, як атрымалася пражыць столькі год, жанчына сказала: “Я ніколі не магла падманваць ці лгаць. І перад сваёй сям’ёй у мяне чыстае сумленне. Гэта, мабыць, і ёсць самае галоўнае”.

Неаніла ЛЮБАНЕЦ,

студэнтка  Інстытута журналістыкі БДУ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!