Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 14 °C

Сумеснае вучэнне ўзброеных сіл Беларусі і Расіі «Захад-2017»

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 0

Сумеснае стратэгічнае вучэнне ўзброеных сіл Беларусі і Расіі «Захад-2017» прайшло 14-20 верасня. На тэрыторыі Беларусі былі задзейнічаны палігоны Лепельскі, Барысаўскі, Лосвіда, Асіповіцкі, два палігоны ВПС і войскаў ППА — Ружанскі і Даманаўскі, а таксама два ўчасткі мясцовасці ў Віцебскай вобласці — Дрэтунь і Глыбокае. У Расіі яно праходзіла на палігонах Лужскі, Стругі Чырвоныя і Праўдзінскі ў Калінінградскай, Ленінградскай і Пскоўскай абласцях. Пры вызначэнні задумы вучэння «Захад-2017» улічваліся сучасныя падыходы да прымянення войскаў (сіл) на аснове вопыту сучасных узброеных канфліктаў. У аснову задумы пакладзены варыянт узнікнення крызіснай сітуацыі і нарастання канфлікту, звязаны з узрастаннем актыўнасці незаконных узброеных фарміраванняў, міжнародных сепаратысцкіх і тэрарыстычных арганізацый, якія маюць знешнюю падтрымку. Пры гэтым проціборствуючыя бакі ўмоўна размешчаны ў межах рэальных граніц Беларусі: з аднаго боку — «Паўночныя», якія ўключаюць Саюзную дзяржаву, з другога — «Заходнія» — кааліцыя зацікаўленых дзяржаў. Колькасць асабовага складу, што ўдзельнічае ў вучэнні, склала каля 12,7 тыс. ваеннаслужачых. Пры гэтым у Беларусі будзе задзейнічана каля 10,2 тыс. чалавек (ад Беларусі — крыху больш за 7 тыс., Расіі — каля 3 тыс.), 370 адзінак бранятанкавай тэхнікі, у тым ліку амаль 140 танкаў. Выкарыстана да 150 адзінак артылерыі і рэактыўных сістэм залпавага агню, больш за 40 самалётаў і верталётаў. «Захад-2017» прайшоў у два этапы. Першы доўжыўся трое сутак. У час яго была завершана падрыхтоўка войскаў да баявога прымянення па ізаляцыі раёнаў дзеянняў незаконных узброеных фарміраванняў і дыверсійна-разведвальных груп праціўніка, праведзена нарошчванне групоўкі ВПС і войскаў ППА для прыкрыцця важных дзяржаўных і ваенных аб’ектаў. На другім этапе вучэння  адпрацаваны пытанні кіравання войскамі ў ходзе вядзення ваенных дзеянняў пры адбіцці агрэсіі супраць Саюзнай дзяржавы, арганізацыі ўзаемадзеяння і ўсебаковага забеспячэння ва ўмовах хутказменлівай абстаноўкі. Беларусь запрасіла для назірання за вучэннем прадстаўнікоў міжнародных арганізацый: ААН, АБСЕ, Арганізацыі Паўночнаатлантычнага дагавора, СНД, АДКБ, Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа, а таксама ваенна-дыпламатычнага корпуса замежных дзяржаў, акрэдытаваных пры пасольствах сваіх краін у Беларусі — усяго больш за 80 чалавек. На вучэнне прыбылі ваенныя наглядальнікі з Латвіі, Літвы, Польшчы, Украіны, Эстоніі, Швецыі і Нарвегіі. Ход вучэння шырока асвятляецца ў СМІ. Вялікую зацікаўленасць у асвятленні вучэнняў выказалі замежныя медыя. У адрас беларускага боку паступіла беспрэцэдэнтная колькасць зваротаў з просьбай аб акрэдытацыі — каля 270. Заяўкі атрыманы ад інфармагенцтваў, выданняў і тэлеканалаў з усіх краін-суседзяў, а таксама Вялікабрытаніі, Германіі, Даніі, Канады, Нідэрландаў, Нарвегіі, ЗША, Турцыі, Фінляндыі, Францыі, Швецыі. Вучэнне  асвятляюць таксама журналісты з Катара, Рэспублікі Карэя, Японіі.



Лукашэнка прыняў удзел у вучэнні «Захад-2017» на палігоне Барысаўскі

Прэзідэнт Беларусі, Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у сумесным стратэгічным вучэнні ўзброеных сіл Беларусі і Расіі «Захад-2017». Пасля прыбыцця на 227-ы агульнавайсковы палігон Барысаўскі Аляксандр Лукашэнка наведаў дапаможны пункт кіравання рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл) Беларусі і Расіі, а таксама дапаможны пункт кіравання 1-й танкавай арміі Заходняй ваеннай акругі Узброеных Сіл Расіі. Прэзідэнту далажылі аб развіцці ваенна-палітычнай абстаноўкі ў Еўрапейскім рэгіёне і яе ўплыве на забеспячэнне ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы, аб парадку прымянення арміі, у тым ліку ва ўзаемадзеянні з групоўкай войскаў, дзеючай на паўночна-заходнім аперацыйным напрамку. Кіраўнік дзяржавы таксама агледзеў рухомы пункт кіравання камандуючага РГВ(с). Гэты браніраваны аўтамабіль айчыннай вытворчасці аснашчаны самымі сучаснымі сродкамі сувязі, якія дазваляюць кіраваць войскамі непасрэдна ў руху. «Малайцы! За кароткі прамежак часу зрабілі добрую сістэму», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: сумесная ваенная дзейнасць Беларусі і Расіі служыць выключна абароне нацыянальных інтарэсаў

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на Барысаўскім палігоне ў час агляду войскаў, якія ўдзельнічаюць у сумесным стратэгічным беларуска-расійскім вучэнні «Захад-2017». Прэзідэнт адзначыў, што сучасная ваенна-палітычная абстаноўка характарызуецца нарастаннем актыўнасці ў ваеннай дзейнасці па ўсім свеце. У гэтых умовах Беларусь разам з брацкай Расіяй забяспечвае бяспеку Саюзнай дзяржавы, а таксама краін — удзельніц Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне. «Мы ўсямерна падтрымліваем неабходны ваенны патэнцыял і сумесна прымаем меры па прадухіленні ваенных пагроз Беларусі і Расіі, удасканаленні функцыянавання рэгіянальнай групоўкі войскаў. Пры гэтым сумесная ваенная дзейнасць і супрацоўніцтва з Расіяй у правядзенні вучэнняў не накіраваны супраць трэціх краін і служаць выключна абароне нашых нацыянальных інтарэсаў», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. У гэтым, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, змаглі пераканацца прадстаўнікі ваенна-дыпламатычнага корпуса і шматлікіх міжнародных арганізацый, якія прысутнічаюць на завяршальным этапе вучэння. «Мы нікому не пагражалі і пагражаць не збіраемся. З нашых зямель не зыходзілі пагрозы і войны, але той, хто прыходзіў на гэту зямлю, заўсёды атрымліваў дастойны адпор. Гэта ідэалагічны складнік нашых вучэнняў. Іншага няма і быць не павінна», — заявіў беларускі лідар.

Лукашэнка: мэты вучэння «Захад-2017» дасягнуты

«Мэты, якія ставіліся, дасягнуты. Мы ўсе задачы поўнасцю рэалізавалі», — сказаў беларускі лідар. Прэзідэнт адзначыў, што асноўная фаза вучэння прайшла ў Беларусі на шасці палігонах і двух участках мясцовасці. Пры гэтым адпрацоўваліся дзеянні не толькі непасрэдна ўзброеных сіл, але і тэрытарыяльнай абароны. Кіраўнік дзяржавы выказаў словы ўдзячнасці ўсім журналістам, якія, паводле яго слоў, проста бліскуча адпрацавалі гэта вучэнне як на этапе падрыхтоўкі, так і на этапе правядзення. «Павінен адкрыта сказаць, што мэты, якія пастаўлены ў шырокім плане перад вучэннем, былі рэалізаваны не толькі на беларускіх палігонах, але і на расійскіх. Усе элементы вучэння мы адпрацавалі. Вынікі мы яшчэ падвядзём больш канкрэтна, але ў цэлым задачы вырашаны», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Гаворачы аб правядзенні вучэнняў, Прэзідэнт падкрэсліў, што лепш нешта дэманстраваць, чым ваяваць. «Мы ні ад каго не ўтойвалі гэту дэманстрацыю, паказалі здольнасць узброеных сіл Расіі і Беларусі па абароне саюза і інтарэсаў нашых дзяржаў. Гэта сапраўды была дэманстрацыя нашых магчымасцей, без гэтага нельга», — адзначыў беларускі лідар. У цэлым Прэзідэнт не заўважыў якіх-небудзь недахопаў па ходзе вучэння. «Усё было на вельмі высокім узроўні, і гэта вучэнне не мела паказушны характар. Гэта было абсалютна практычнае вучэнне, як гэта будзе, не дай бог, вядома, у рэальнай абстаноўцы», — рэзюмаваў ён.

«Адпрацавалі з высокай якасцю» — Лукашэнка ацаніў вынікі вучэння «Захад-2017»

«Вучэнне праведзена згодна з зацверджанай задумай, пастаўленыя мэты дасягнуты, вучэбныя пытанні адпрацаваны з добрай якасцю. На належным узроўні вырашаны задачы па сумеснай абароне ва ўмовах сучасных выклікаў і пагроз бяспецы», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Праведзеныя манеўры далі магчымасць павысіць узровень зладжанасці органаў ваеннага кіравання і аператыўнай сумяшчальнасці штабоў розных узроўняў, а таксама баявую і, самае галоўнае, таварыскую ўзаемадапамогу беларусаў і расіян пры выкананні вучэбна-баявых задач. «Камандзіры і штабы атрымалі добрую практыку ў планаванні дзеянняў войскаў. Паказаны высокі ўзровень і майстэрства ў палявой, паветранай вывучцы асабовага складу злучэнняў і воінскіх часцей, якія ўваходзяць у склад рэгіянальнай групоўкі», — адзначыў Прэзідэнт. Вучэнне «Захад-2017» таксама дало магчымасць апрабаваць на практыцы палажэнні новых статутных дакументаў, вызначыць далейшыя шляхі супрацоўніцтва ў інтарэсах развіцця ўзброеных сіл і ўмацавання абараназдольнасці дзвюх дзяржаў.

Лукашэнка аб апасеннях ад прысутнасці расійскіх войскаў у Беларусі: трэба супакоіцца

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка раіць супакоіцца тым, хто апасаецца прысутнасці на беларускай тэрыторыі расійскіх войскаў у ходзе сумеснага стратэгічнага вучэння ўзброеных сіл Беларусі і Расіі «Захад-2017». Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў журналістам пасля назірання за ходам вучэння. Прадстаўнік нямецкага тэлебачання пацікавіўся, ці можа даць кіраўнік беларускай дзяржавы гарантыю, што расійскія войскі пакінуць тэрыторыю Беларусі пасля завяршэння вучэння. «Па-мойму, гэтыя гарантыі ўжо дадзены шмат разоў яшчэ да гэтых вучэнняў», — падкрэсліў беларускі лідар. Ён адзначыў, што і на папярэднія такія вучэнні прыцягваліся расійскія войскі прыкладна ў такой жа колькасці. «Трэба супакоіцца вашым сябрам. Перадайце ім: няхай жывуць спакойна, мы не будзем ваяваць супраць каго б там ні было, калі нас ніхто не будзе чапаць. Гэта самая вялікая гарантыя», — заявіў Прэзідэнт. Што датычыцца прысутнасці расійскіх войскаў, ён запэўніў, што праз тыдзень гэта пытанне адпадзе само па сабе. «Вы не хвалюйцеся, мы не агрэсіўная дзяржава, мы і так напакутаваліся ад вайны, і вы таксама, хоць вы і ваявалі супраць нас, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Таму ні вы не хочаце ваяваць, я думаю, а мы тым больш не хочам. Мы толькі-толькі аднавілі даваенны ўзровень насельніцтва. З нашай зямлі ніколі не ішлі войны. Мы толькі ад іх пакутавалі». Аляксандр Лукашэнка дадаў, што хоча, каб беларускі народ разумеў, што ў выпадку чаго ў дзяржаве ёсць чым абараніць сваіх людзей і сем’і. «Я хачу звычайнай чалавечай бяспекі, да якой імкнуцца ўсе дзяржавы. Ніякая атакі вы ад нас не чакайце — ні ў Германіі, ні ў Польшчы, ні ў краінах Балтыі, а тым больш у роднай Украіне», — падкрэсліў ён.

Лукашэнка: спроба дыскрэдытацыі беларуска-расійскіх вучэнняў была вельмі непрафесійнай

Адказваючы на пытанне наконт апасенняў напярэдадні вучэнняў з боку шэрага заходніх палітыкаў і ваенных, што датычыліся ў прыватнасці таго, што не ўсе расійскія войскі могуць быць выведзены з тэрыторыі Беларусі, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Я з задавальненнем пракаменцірую гэта праз пэўны час, калі ўсе войскі, якія былі задзейнічаны ў вучэннях, будуць у месцах пастаяннай дыслакацыі, у тым ліку і расійскія». Тым, хто рабіў спробы дыскрэдытацыі беларуска-расійскіх вучэнняў, Прэзідэнт параіў «хаця б навучыцца гэта рабіць па-сапраўднаму». Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што пры колькасці беларускай арміі ў памеры 75 тыс. прысутнасць некалькіх тысяч расійскіх войскаў у Беларусі нічога не змяніла б. «Калі нам трэба вырашаць нейкія праблемы, мы іх будзем вырашаць, і ў выпадку нейкага сутыкнення на заходнім напрамку інтарэсы Расіі і Беларусі перш за ўсё пачынае абараняць і ўступае ў вайну беларуская армія. І праз некаторы час згодна з задумай і нашымі ваеннымі планамі сюды імгненна падключаюцца часці Узброеных Сіл Расіі», — адзначыў беларускі лідар. Ён падкрэсліў, што спроба дыскрэдытацыі была вельмі непрафесійнай. «Але давайце пачакаем, што яны будуць гаварыць пасля таго, як усе ўзброеныя сілы, і Расіі, і нашы, будуць на месцах свайго пастаяннага знаходжання», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка і Пуцін загадзя вызначыліся з раздзельным удзелам у вучэнні «Захад-2017»

«Мы дамовіліся, што паколькі ўсё ж такі асноўная фаза сапраўды тут (у Беларусі. — Заўвага БЕЛТА), але вельмі буйныя вучэнні праходзілі якраз у Ленінградскай вобласці, то Прэзідэнт Расіі пракантралюе і будзе назіраць за вучэннямі на поўначы, а я — ужо ў цэнтры», — заявіў кіраўнік дзяржавы. «Я нашым ваенным і расіянам удзячны, што яны мне асноўную фазу прапанавалі для кантролю і даручылі менавіта цэнтральны напрамак. А наогул мы раней планавалі разам прысутнічаць на вучэнні, але па ходзе вызначыліся, што нам усё ж такі трэба больш шырока ахапіць гэта вучэнне, каб людзі бачылі прэзідэнтаў — дзе яны працуюць, як», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: ВПК Беларусі прадоўжыць глыбокую мадэрнізацыю ўзбраення, але распрацоўваюцца і новыя ўзоры

Адным з напрамкаў развіцця арміі і яе тэхнічнага аснашчэння кіраўнік дзяржавы назваў глыбокую мадэрнізацыю ўжо існуючага ўзбраення і тэхнікі. Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што неабавязкова закупляць нейкія дарагія новыя ўзоры за мільёны долараў, калі магчыма мадэрнізаваць тое, што ўжо ёсць і атрымаць параўнальныя характарыстыкі. «Мы гэта ўмеем рабіць — і лятальныя апараты, і бранятэхніку, і стралковую зброю», — падкрэсліў Прэзідэнт. Разам з тым вядзецца работа над новымі відамі ўзбраення. Прыклад таго — ракетная сістэма «Паланэз» або айчынныя бронемашыны. Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу, што работа вядзецца перш за ўсё па тых узорах тэхнікі, якія могуць быць запатрабаваны ва ўмовах сучасных ваенных канфліктаў. «Вайна не будзе фронт на фронт. Будуць лакальныя баі. Нам для абароны патрэбны вельмі рухомыя часці, і апошнія войны ў свеце арыентуюць нас на тое, каб мы мелі мабільныя падраздзяленні», — заявіў ён. «Самая сучасная высокадакладная зброя тыпу «Паланэз». У гэтым напрамку мы вельмі сур’ёзна працуем. Не хачу раскрываць дэталі, але мы сапраўды працуем. Мы вельмі шмат чаго дабіліся па беспілотных лятальных апаратах, сёння немагчыма ваяваць, не маючы беспілотнікаў. Вядома, мы ствараем і ўдарныя беспілотнікі — без гэтага нельга. Яны хутка будуць пастаўлены на ўзбраенне», — сказаў беларускі лідар. У Беларусі ўдалося захаваць прадпрыемствы і школы ў сферы ВПК, і яны запатрабаваны. «Па ўсіх напрамках мы навучыліся рабіць і будзем пашыраць гэты спектр. Не толькі таму, што трэба ўзброіць нашу армію, — у свеце вельмі вялікі попыт на глыбокую мадэрнізацыю, стварэнне новай тэхнікі. Тое, што мы ўмеем, не толькі вырабляем для сябе, але і паспяхова прадаём на міжнародных рынках», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь пры гэтым нічога забароненага не робіць і не пастаўляе ў іншыя дзяржавы.

Лукашэнка аб’явіў падзяку ўдзельнікам вучэння «Захад-2017»

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка аб’явіў падзяку ўсяму асабоваму складу, які прыняў удзел у сумесным стратэгічным вучэнні «Захад-2017» на беларускай тэрыторыі. Кіраўнік дзяржавы павіншаваў ваеннаслужачых з паспяховым завяршэннем вучэння і пажадаў ім далейшых поспехаў у ратнай працы па надзейным забеспячэнні бяспекі і мірнай працы двух брацкіх народаў. «Усяму асабоваму складу, які прымаў удзел у вучэнні «Захад-2017″ на тэрыторыі Беларусі, аб’яўляю падзяку», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт дадаў, што не першы раз прымае ўдзел у вучэнні «Захад». «У кожнага са старшых афіцэраў, генералаў у гэтых вучэннях нешта і асабістае. Гэтак жа, як і ў мяне», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы, у прыватнасці, успомніў вучэнне «Захад-81». «Зусім маладым лейтэнантам мне даводзілася ўдзельнічаць у гэтых вучэннях. Я параўноўваю тыя вучэнні і цяперашнія: вывучка і ўзровень значна выраслі. Вы зусім іншыя салдаты і афіцэры. Але мэты ў нас тыя ж — абараніць незалежнасць нашых дзяржаў, нашы нацыянальныя інтарэсы і проста абараніць нашы сем’і», — падкрэсліў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што цяперашняе вучэнне стала самым значным і маштабным мерапрыемствам у сістэме сумеснай падрыхтоўкі органаў ваеннага кіравання і войскаў Беларусі і Расіі ў 2017 годзе. «Сімвалічна, што вучэнне праходзіла на беларускай зямлі, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны разгарнулася небывалае па маштабах усенароднае супраціўленне агрэсару. Мы свята помнім і ганарымся подзвігам пакалення пераможцаў, якое ўратавала чалавецтва ад фашызму. Быць дастойнымі іх нашчадкамі — значыць усямерна ўмацоўваць агульную ваенную бяспеку», — заявіў беларускі лідар.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!