Дыялекты — як люстэрка нацыянальных асаблівасцей

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У год 500-годдзя айчыннага кнігадрукавання нельга не згадаць пра “бабулю” нашай літаратурнай мовы — дыялектную мову.  Менаві-та яна стала асновай для фарміравання беларускай літаратурнай мовы, на якой затым і стваралася айчыннае прыгожае пісьменства. Больш таго, многія аўтары шчодра аздаблялі  свае творы моўнымі залацінкамі роднай мясцовасці. Цікава і тое, што ў Беларусі склалася такая моўная сітуацыя, што нярэдка не толькі ў розных раёнах, але і нават у розных кутках адной і той жа вёскі людзі могуць размаўляць па-рознаму.

Мне пашчасціла некалькі разоў у 80—90-я гг. мінулага стагоддзя браць удзел у дыялекталагічных экспедыцыях. Мы запіс-валі ад старажылаў розных мясцовасцей Бацькаўшчыны гэтыя каштоўныя залацінкі народнай мовы, знаёміліся з укладам жыцця і быту ў многіх рэгіёнах. Занатовак хапіла на некалькі сшыткаў. А гэта ўсё бессмяротнае багацце нашай спадчыны, якое можа беззваротна знікнуць разам з апошнімі старажыламі зямлі роднай. Таму сёння хочацца  яшчэ раз звярнуцца да маладога пакалення: часцей сустракайцеся з шаноўнымі землякамі, занатоўвайце іх жыццёвую мудрасць і моўныя багацці. Унукі і ўнучкі, вас чакаюць у госці бабулі і дзядулі, якія вам і раскажуць казкі, паданні, і праспяваюць, і навучаць жыццёвай мудрасці.

На шчасце, дыялектнай эстэтыцы і красамоўству нам ёсць у каго павучыцца. Шмат дыялектызмаў запісаў  ураджэнец вёсачкі Лаша Гродзенскага павета Яўхім Карскі. Ён падрыхтаваў “Праграму для збору асаблівацей беларускіх гаворак” (1897 і 1916), якая не страціла сваёй актуальнасці і ў наш час. Скрупулёзна  вывучаў беларускія гаворкі ў час камандзіровак, асабліва на Гро-дзеншчыне, Віленшчыне, Міншчыне. Мне асабліва падабаецца яго даследаванне “Беларускія песні с. Беразавец Навагрудскага павета”. А яго праца “Беларусы” — гэта вышэйшае дасягненне еўрапейскай славістыкі канца ХІХ ст., сапраўдная  энцыклапедыя беларусазнаўства. Цікава, што прарадзімай славян Карскі лічыў Палессе (басейн Прыпяці, верхняга Нёмана і ніжняй Бярэзіны). Ён вызначыў час фарміравання беларускай народнасці (ХІІ — ХV стст.), сцвярджаў, што ў яе аснову ляглі плямёны дрыгавічоў, радзімічаў і крывічоў.  Надзвычай цікавым з’яўляецца другі том “Беларусаў” —  “Мова беларускага племені” (1908—1912).

Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны Інстытут мовазнаўства АН Беларусі сумесна з ВНУ рэспублікі  арганізавалі падрабязнае і сістэматычнае вывучэнне гаворак. На падставе сабраных матэрыялаў быў складзены  “Дыялектычны атлас беларускай мовы” (1963), а затым — “Лексічны атлас беларускіх народных гаворак” (1993—1998). Дарэчы,  не ўсе мовы свету  могуць пахваліцца такімі фундаментальнымі  даследаваннямі.

Традыцыйна вылучаюцца  асноўныя групы дыялектаў: паўночна-ўсходні — Віцебшчына, паўночны ўсход і цэнтральная частка Магілёўшчыны; віцебская група — усход Віцебшчыны; полацкая група — заходняя і цэнтральная часткі Віцебшчыны і паўночны захад Магілёўшчыны; усходне-магілёўская — усход і частка цэнтра Магілёўшчыны; сярэдне-беларускія дыялекты — паласа праз поўнач Гродзеншчыны, цэнтр Міншчыны, паўднёвы захад Магілёўшчыны і паўночны ўсход Гомельшчыны; паўднёва-заходні дыялект — Гро-дзеншчына, поўдзень Міншчыны і Гомельшчыны; гродзенска-баранавіцкая група  — Гродзеншчына  і поўнач Брэстчыны; слуцкая група  — поўдзень і паўднёвы ўсход Міншчыны, Гомельшчыны; мазырская група — поўдзень Гомельшчыны; палеская група — паўднёвы захад Брэстчыны.

Існуе тэрмін “загародскія гаворкі”, якім акрэсліваюць брэсцка-пінскія гаворкі заходнепалескага дыялекту. Ён быў утвораны ад назвы гістарычнай часткі Піншчыны, старажытных шляхоў і аднайменнай раўніны. Тэрмін у навуковы зварот увёў знакаміты дыялектолаг Фёдар Клімчук, ураджэнец вёскі Сіманавічы Драгічынскага раёна. Яшчэ ў 1962 г. ён пачаў супрацоўнічаць з мовазнаўцам, вялікім прыхільнікам дыялекталогіі  Мікітам Талстым, праўнукам Льва Талстога.  Дарэчы, Фёдар Данілавіч пераклаў некаторыя творы рускага класіка на палескую гаворку.  Пераклаў  таксама на родную гаворку і Біблію.

Шмат для вывучэння палескіх гаворак зрабіла Заходнепалескае навукова-краязнаўчае таварыства “Загароддзе”. Мне пашчасціла прысутнічаць у Мінску на адным з яго пасяджэнняў. Багаты дыялектны збор  быў змешчаны ў  выпусках выдання “Беларуская дыялекталогія. Матэрыялы і даследаванні”, пачатак якога як перыядычнага выдання быў пакладзены ў 2010 г.

Трэба сказаць, што не толькі вучоныя, энтузіясты роднага слова, патрыёты сваёй мясцовасці, але і пісьменнікі лічылі неабходным занатоўваць цікавыя слоўцы  сваёй мясцовасці. Гэтай высакароднай справе сёння дапамагае інтэрнэт, выходзяць электронныя выданні. Так што інтэрнэт-прастора шырока адкрыта і для рупліўцаў матчынай мовы — нашчадкі потым скажуць дзякуй!

Мы маем даволі багаты спіс адпаведных кніг, слоўнічкаў, прац, атласаў, што былі выдадзены  ў розныя гады ХХ і ХХІ стст.

Нам ёсць у каго вучыцца, каб працягваць справу дыялекталогіі  пад пачэсным дэвізам “Маці казала так…” А маці, як вядома, дрэннага ніколі не скажа і не параіць. За працу, рупліўцы роднага слова! Будзем зберагаць моўную спадчыну для нашчадкаў.

Канстанцін КАРНЯЛЮК,

педагог.

 

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.