Калі тканіна гаворыць…

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

На мінулым тыдні ў выставачнай зале палацава-паркавага ансамбля князёў Радзівілаў адкрылася выстава мінчанкі Маргарыты Котавай, якая стварае карціны ў арыгінальнай тэхніцы мазаікі з абрэзкаў тканіны. 

Гледачы знаёмяцца з карцінамі мастачкі

Гледачы знаёмяцца з карцінамі мастачкі

 

Ва ўрачыстым адкрыцці экспазіцыі пад назвай “Нясвіж. Бег вякоў”, якая змяшчае больш за 70 работ, прынялі ўдзел намеснік дырэктара Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Наталля Жэрка, якая прадставіла мастачку гледачам, прафесар кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, кандыдат мастацтва-знаўства, дацэнт Яўген Шунейка, вядомая паэтэса Валянціна Паліка-ніна і дочкі мастачкі — філолаг Наталля і мастак-графік Ірына, якая жыве і працуе ў Францыі.

Маргарыта Котава — член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці — неаднаразова прадстаўляла свае творы на шматлікіх выстаўках і фестывалях у Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі, і вось упершыню магчымасць убачыць яе незвычайныя работы атрымалі і нясвіжскія гледачы.

Шлях да мастацтва быў для аўтаркі выставы даволі доўгім: яна скончыла філалагічны факультэт  БДУ, працавала ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальным навукова-асветніцкім цэнтры імя Францыска Скарыны і, толькі поўнасцю выйшаўшы на заслужаны адпачынак, аднойчы нечакана для сябе адкрыла прыгажосць спалучэнняў колераў і фактур розных відаў тканіны. Тады Маргарыта Іванаўна, ужо валодаючы вялікім інтэлектуальным і жыццёвым вопытам, і пачала займацца новымі для сябе творчымі эксперыментамі. З таго пераломнага 2001 года  пачалася яе незвычайная творчая біяграфія.

Маргарыта Котава разам з дочкамі Наталляй і Ірынай

Маргарыта Котава разам з дочкамі Наталляй і Ірынай

Сюжэты кампазіцый Маргарыты Котавай разнапланавыя і разнастайныя: яна чэрпае натхненне з рэлігіі і фальклору, традыцыйнай ікана-графіі і мастацтва авангарда, а спецыяльна для выставы ў Нясвіжы мастачка падрыхтавала серыю работ, аб’яднаных вобразам Нясвіжскага замка. Дзяўчына, якая ідзе па дарожцы з на-дзеяй уладкавацца на работу ў княжацкі палац, Чорная Панна Нясвіжа, якая ніяк не можа пакінуць замак, княгіня Уршуля Радзівіл, якая кіруе сваімі акцёрамі, букет кветак для княгіні — гэтыя і іншыя работы мовай колераў, формаў і фактур гавораць з гледачом, і кожны чуе ў гэтай гаворцы нешта сваё.

— Ствараючы жывапісныя палотны з тканіны, я стаўлю перад сабой пэўную задачу, я думаю, што скажу майму гледачу, — адзначыла ў гутарцы з карэспандэнтам “НН” Маргарыта Іванаўна.

І сапраўды, гледзячы на работы мастачкі, нельга не заўважыць: кожная з іх — гэта частка яе душы, якая імкнецца падзяліцца з гледачом сваім захапленнем прыгажосцю гэтага свету і ўменнем радавацца жыццю. Яе “Баль”, “Праменад”, “Дождж”, “Анёлы ў горадзе”, “Флора”, “Птушка Сірын”, “Птушка Ноч” і іншыя заварожваюць і зацягваюць гледача ў салодкія глыбіні казачна-рэальных фантазій, у якіх на кожным кроку чакае сюрпрыз і няма нічога немагчымага.

А патрапіць у гэту цудоўную краіну, створаную пералівамі разнастайных тканін, можна будзе да 15 студзеня будучага года.

Не адкладвайце падарожжа ў казку!

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.