Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 12 °C

«Кастрычніцкі эканамічны форум «Падмуркі будучыні»

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

Канферэнцыя «Кастрычніцкі эканамічны форум «Падмуркі будучыні» (KEF-2107) прайшла ў Мінску 2-3 лістапада. Задача мерапрыемства — пошук рашэнняў, якія дапамогуць закласці асновы будучыні краіны і скараціць разрыў паміж палітыкай і практыкай. Сярод спікераў канферэнцыі былі першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Васіль Мацюшэўскі, старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур, галоўны саветнік старшыні праўлення Нацбанка Аляксандр Забароўскій, дырэктар па краінавай эканоміцы і палітыцы Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Артур Радзівіл, кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын, рэгіянальны дырэктар Сусветнага банка па Беларусі, Малдове і Украіне Сату Кахканен і іншыя.



Астатнія дакументы па лібералізацыі бізнесу будуць падпісаны ў бліжэйшы час — Мацюшэўскі

Астатнія дакументы па лібералізацыі бізнесу будуць падпісаны ў бліжэйшы час, заявіў першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Васіль Мацюшэўскі перад пачаткам канферэнцыі «Кастрычніцкі эканамічны форум «Падмуркі будучыні».

«Восем з дзесяці дакументаў падпісаны. У бліжэйшы час будзе падпісаны дакумент па лічбавізацыі эканомікі, па Парку высокіх тэхналогій. Ён практычна гатовы. Спадзяюся, будзе нарада, каб у шырокім фармаце абмеркаваць усе нюансы», — адзначыў Васіль Мацюшэўскі.

Мяркуецца, што пасля прыняцця ўсяго пакета дакументаў па лібералізацыі эканомікі будзе праведзена шырокае грамадскае абмеркаванне навацый, якія прадугледжаны.

Як заяўляў Васіль Мацюшэўскі раней, пакет дакументаў, накіраваных на развіццё прадпрымальніцтва, павінен кардынальна змяніць бізнес-асяроддзе ў Беларусі. Прыняцце дакументаў накіравана на выкананне дзвюх асноўных задач: забеспячэнне самазанятасці насельніцтва, зніжэнне кошту ўваходу ў любы бізнес і далейшага адміністравання, а таксама лічбавізацыя эканомікі.

Мацюшэўскі пазітыўна ацэньвае месца Беларусі ў рэйтынгу Doing Business

Паводле слоў Васіля Мацюшэўскага, згодна са змененай методыкай у мінулым годзе ў Беларусі ў рэйтынгу было 40-е месца, у гэтым годзе — 38-е. «Напэўна, гэта нядрэнна. Некаторыя рэформы, якія былі праведзены, пакуль не ўвайшлі ў гэты рэйтынг. Спадзяёмся, што ў наступным годзе яны ўвойдуць, і пазіцыя наша палепшыцца», — адзначыў ён.

Як паведамлялася, Беларусь заняла ў рэйтынгу Doing Business 2018 («Вядзенне бізнесу — 2018») 38-ю пазіцыю сярод 190 дзяржаў, па якіх праводзіцца гэта даследаванне. Згодна з аналагічнай справаздачнай, апублікаванай у кастрычніку мінулага года, краіна займала 37-е месца.

Пры складанні справаздачы «Вядзенне бізнесу — 2018» даследаваліся сферы жыццядзейнасці бізнесу, сярод якіх «Атрыманне дазволаў на будаўніцтва» — 22-е месца (у справаздачы 2017 года — 28-е), «Рэгістрацыя ўласнасці» — 5-е месца (5-е), «Падаткаабкладанне» — 96-е месца (99-е), «Вырашэнне неплацежаздольнасці» — 68-е месца (69-е). Усяго было прааналізавана дзесяць індыкатараў. У гэтым годзе даныя засталіся практычна без змен па ўсіх з іх.

Урад Беларусі разлічвае на больш высокі тэмп росту ВУП — Мацюшэўскі

«Цяперашні тэмп росту — гэта адносна мала. Пакуль гэта аднаўленчы рост, мы разлічваем на большае», — адзначыў першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Васіль Мацюшэўскі.

Тэмп росту ВУП Беларусі па рэзультатах 9 месяцаў 2017 года склаў 101,7%. Інфляцыя склалася на ўзроўні 2,7%. З сямі ключавых паказчыкаў эфектыўнасці работы ўрада і Нацбанка выканана шэсць. Па сёмым — рэальных даходах насельніцтва — эксперты адзначаюць дадатную дынаміку. На працягу пяцігоддзя да 2020 года эканоміка Беларусі можа вырасці на 12,1-15%.

Нацбанк плануе перайсці на інфляцыйнае таргетаванне да 2020 года

Аб гэтым паведаміў старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур на палях «Кастрычніцкага эканамічнага форуму».

«Спадзяюся, што да 2020 года, калі мы дасягнём 5% па інфляцыі, у нас будзе паўнацэнная грашова-крэдытная палітыка пад назвай інфляцыйнае таргетаванне», — заявіў кіраўнік Нацбанка. Паводле яго слоў, пераход будзе мець паступовы характар.

Павел Калаур падкрэсліў, што цэнавая стабільнасць з’яўляецца асноўнай мэтай дзейнасці Нацыянальнага банка.

«У бягучым годзе гэта ўжо вызначана ў статуце Нацбанка. Мы будзем паступова рухацца да прымянення манетарнай палітыкі, якая называецца інфляцыйнае таргетаванне. Мы паставілі перад сабой канкрэтныя мэты па дасягненні інфляцыі не больш за 5% да 2020 года», — расказаў ён.

Павел Калаур растлумачыў, што на наступны год Нацбанк, пакідаючы шырокую грашовую масу як прамежкавую мэту грашова-крэдытнай палітыкі, змяняе аперацыйную мэту, гэта значыць замест грашовай базы будзе кантраляваць працэнтныя стаўкі на грашовым рынку.

Старшыня праўлення Нацбанка таксама адзначыў, што адной з задач рэгулятара з’яўляецца забеспячэнне фінансавай стабільнасці. «Гэта таксама адна з прыярытэтных задач у дзейнасці Нацбанка. Мы шмат зрабілі з пункту гледжання пабудовы інстытутаў для фінансавай стабільнасці — у Нацбанку гэта асобны напрамак, — сказаў Павел Калаур. — У аснову фінансавай стабільнасці пакладзены эканамічны дабрабыт нашых прадпрыемстваў, і тут нас з урадам чакае вялікая работа па павышэнні эфектыўнасці іх дзейнасці ў бліжэйшым будучым».

Нацбанк да 2018 года плануе знізіць стаўку рэфінансавання да 10%

«У тым праекце грашова-крэдытнай палітыкі (на 2018 год. — Заўвага БЕЛТА), які цяпер падрыхтаваны Нацбанкам, ацэначная лічба па стаўцы рэфінансавання — каля 10%. Мы не маем намеру ў наступным годзе рабіць нейкія вялікія крокі па зніжэнні стаўкі», — заявіў Павел Калаур.

Ён адзначыў, што Нацбанк павінен пераканацца ў стабільнасці плацежнага балансу, стабільнасці інфляцыі. «Наша задача па інфляцыі — максімальна замацавацца ў межах 6% плюс-мінус 1 працэнтны пункт. Калі сітуацыя будзе даваць магчымасць прымаць рашэнні больш хуткімі тэмпамі, мы гэта будзем рабіць», — растлумачыў кіраўнік Нацбанка.

Стаўка рэфінансавання 18 кастрычніка была зніжана ў Беларусі да 11% гадавых. Гэта было восьмае зніжэнне стаўкі з пачатку года.

Тэндэнцыю росту эканомікі Беларусі трэба замацаваць з улікам сусветнага макраасяроддзя, якое паляпшаецца

Аб гэтым заявіў галоўны саветнік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Аляксандр Забароўскі на палях канферэнцыі «Кастрычніцкі эканамічны форум «Падмуркі будучыні».

«У гэтым годзе ўпершыню за многія гады МВФ, Сусветны банк двойчы паляпшалі прагноз тэмпу росту сусветнага ВУП. Хоць крыху, але паляпшалі. Гэта значыць мы бачым пэўны аптымізм па глабальным росце, і мы будзем абмяркоўваць, наколькі ўстойлівы гэты трэнд, наколькі Беларусь можа на яго разлічваць. Сёння, аналізуючы сусветны вопыт і тыя трэнды, якія ёсць, мы пастараемся абмеркаваць рэцэпты, якія павінны быць выкарыстаны ў эканамічнай палітыцы, каб замацавацца ў новым макраасяроддзі, якое паляпшаецца», — адзначыў Аляксандр Забароўскі.

Ён падкрэсліў, што тэмп росту ВУП залежыць ад ключавога фактару — прадукцыйнасці працы. «Вельмі важна, каб ва ўмовах няпростай дэмаграфіі эканамічны рост быў забяспечаны за кошт росту прадукцыйнасці працы. А прадукцыйнасць і эфектыўнасць — гэта не толькі лепшы станок, лепшыя тэхналогіі. Гэта комплекс пытанняў, якія ўключаюць і кіраванне, і стварэнне адпаведнага асяроддзя, і іншыя», — сказаў Аляксандр Забароўскі.

Нацбанк Беларусі і Еўракамісія плануюць падпісаць пагадненне па праграме «Твінінг»

«Ёсць такая праграма, якая называецца «Твінінг»: ёю перыядычна карыстаюцца дзяржавы, якія хочуць атрымаць падтрымку ад іншых дзяржаў, у першую чаргу ад дзяржаў-суседзяў. Мы працуем з Еўрапейскай камісіяй і блізкія да падпісання такога пагаднення. Пераможцам на гэтым этапе выйшаў Бундэсбанк», — растлумачыў Павел Калаур. Ён удакладніў, што пагадненне можа быць падпісана ўжо ў снежні.

Кіраўнік Нацбанка дадаў, што ў праекце могуць удзельнічаць літоўскі і польскі банкі.

Праграма «Твінінг» ЕС накіравана на аказанне доўгатэрміновага (працягласцю да двух гадоў) тэхнічнага садзейнічання дзяржаўным органам зацікаўленых краін — суседзяў ЕС у збліжэнні з еўрапейскім заканадаўствам і стандартамі па розных тэматычных напрамках дзейнасці. У прыватнасці, твінінг прадугледжвае вызначэнне партнёрскага дзяржаўнага органа ў адной з краін ЕС, які на аснове ўласнага вопыту аказвае садзейнічанне дзяржоргану краіны — суседкі ЕС ва ўдасканаленні нацыянальнага заканадаўства з улікам аналагічных прававых норм ЕС і павышэнні кваліфікацыі кадраў.

Пытанні фінансавання не з’яўляюцца ключавымі ва ўзаемадзеянні з МВФ — Калаур

Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур заявіў, выступаючы на палях «Кастрычніцкага эканамічнага форуму»: «Беларусь тройчы звярталася да фінансавай дапамогі МВФ. Рэалізацыя стабілізацыйных праграм дапамагла краіне ў сціслыя тэрміны пераадолець крызісныя з’явы і пазбегнуць глыбокай рэцэсіі ў эканоміцы. Разам з тым пытанні фінансавання не з’яўляліся і не з’яўляюцца ключавым аспектам нашага ўзаемадзеяння. У яго аснову пакладзена кансалідаваная работа экспертаў, накіраваная на рэалізацыю сумесных праектаў і пошук актуальных рашэнняў».

Пры гэтым ён адзначыў, што Беларусь не ставіць цяпер пытанне аб нейкіх надзвычайных крэдытах. «Мы ў іх на гэтым этапе не маем патрэбы», — сказаў старшыня праўлення Нацбанка.

У якасці прыкладу экспертнага супрацоўніцтва з МВФ Павел Калаур прывёў праграму ацэнкі фінансавага сектара Беларусі і маштабную ацэнку актываў беларускіх банкаў. «Цяпер узаемадзеянне з экспертамі фонду вядзецца па шырокім спектры напрамкаў, такіх як дзяржаўныя расходы, фіскальная палітыка, банкаўскі нагляд, грашова-крэдытная палітыка, а таксама ў галіне статыстыкі і бухуліку», — расказаў ён.

Павел Калаур паведаміў, што на чарговы фінансавы год толькі ў рамках Нацбанка запланавана сумесная работа па развіцці сістэмы аналізу і прагназавання грашова-крэдытнай палітыкі, а таксама па ўдасканаленні камунікацыйнай палітыкі, што асабліва важна напярэдадні пераходу Нацбанка на інфляцыйнае таргетаванне. «Акрамя таго, сумесна з урадам будзе ажыццяўляцца супрацоўніцтва па пытанні развіцця рынку праблемных актываў. Актуальнай застанецца і тэма ацэнкі і кіравання фіскальнымі рызыкамі ў дзяржсектары. Але гэта не ўсе напрамкі нашага ўзаемадзеяння на бліжэйшую перспектыву з экспертамі МВФ — пералік пытанняў адкрыты і пастаянна актуалізуецца з улікам новых рэалій», — канстатаваў кіраўнік Нацбанка.

Ён падкрэсліў, што менавіта такая прафесійная дыскусія з экспертамі МВФ дапамагае выпрацоўваць прымальныя рашэнні, заснаваныя на правільнай дыягностыцы. «Самае вялікае дасягненне — гэта правільна паставіць дыягназ: правесці адпаведную дыягностыку, разумець глыбіню праблем і выбудаваць прыярытэтнасць гэтых праблем. Тут міжнародная экспертыза нам дапамагае. Мы (я маю на ўвазе эканамічную каманду ўрада) ведаем, што трэба рабіць, і кожны дзень над гэтым працуем», — рэзюмаваў Павел Калаур.

МВФ выказвае асцярожны аптымізм адносна росту эканомікі Беларусі

Аб гэтым заявіў намеснік дырэктара Еўрапейскага дэпартамента МВФ Атанасіяс Арваніціс на канферэнцыі «Кастрычніцкі эканамічны форум «Падмуркі будучыні».

«Прагназуецца рост сусветнай эканомікі на 3,5%. Прадугледжваецца, што гэты рост будзе прадаўжацца. Магчыма, гэта самае хуткае аднаўленне, якое назіралася з 2011 года. Рост будзе ва ўсіх еўрапейскіх краінах. Расце і Беларусь. Пасля двух гадоў рэцэсіі рост амаль на 2% — гэта прыемная навіна. Мы канстатуем асцярожны аптымізм», — адзначыў Атанасіяс Арваніціс.

Ён падкрэсліў, што ўрады ўсіх краін павінны выкарыстоўваць паляпшэнне сітуацыі ў сусветнай эканоміцы для таго, каб актывізаваць правядзенне неабходных эканамічных пераўтварэнняў. «Трэба рамантаваць дах, пакуль свеціць сонца. Гэта датычыцца і Беларусі», — сказаў намеснік дырэктара дэпартамента.

Драйверам росту эканомікі Беларусі павінен стаць прыватны сектар

Такое меркаванне выказала рэгіянальны дырэктар Сусветнага банка па Беларусі, Малдове і Украіне Сату Кахканен на канферэнцыі «Кастрычніцкі эканамічны форум «Падмуркі будучыні».

Паводле слоў рэгіянальнага дырэктара, асноўным драйверам эканамічнага росту павінен стаць прыватны сектар, для гэтага неабходна дабіцца значнага паляпшэння канкурэнтнага асяроддзя за кошт узмацнення рыначных складнікаў. Акрамя таго, павінны быць палепшаны ўмовы вядзення бізнесу, узмоцнена ступень абароны правоў інвестараў.

«Калі ёсць якая-небудзь непрадказальнасць для інвестыцый, нічога добрага гэта не абяцае. Гэта датычыцца любой краіны», — сказала Сату Кахканен.

Таксама яна канстатавала неабходнасць гарантаваць сацыяльную ўключанасць. «Цяпер гэта ваш моцны бок. У час эканамічнай трансфармацыі трэба абараняць людзей», — падкрэсліла Сату Кахканен.

Пры гэтым яна канстатавала вялікі патэнцыял Беларусі. «Тут жывуць вельмі адукаваныя людзі, развіты інфраструктура і інжынерныя магчымасці, цудоўнае геаграфічнае становішча. Ёсць усе перспектывы стаць адной з найбольш развітых, працвітаючых краін у Еўропе, калі выкарыстоўваць усе існуючыя магчымасці», — адзначыла рэгіянальны дырэктар СБ.

ЕС прадоўжыць аказваць падтрымку Беларусі ў перагаворах з МВФ — Віктарын

Аб гэтым заявіла кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын на канферэнцыі «Кастрычніцкі эканамічны форум «Падмуркі будучыні».

«Для Еўрасаюза супрацоўніцтва з міжнароднымі фінансавымі інстытутамі мае вялікае значэнне. ЕС заўсёды дапамагаў і падтрымліваў перагаворны працэс Беларусі з МВФ. Наша глыбокая перакананасць — пагадненне з МВФ значна палепшыць сітуацыю ў беларускай эканоміцы, калі яно будзе дасягнута, а таксама паслужыць пазітыўным сігналам для ўсяго свету. Беларусі важна сфарміраваць станоўчы імідж і пасылаць правільныя паведамленні міжнароднай інвестыцыйнай супольнасці», — сказала Андрэа Віктарын.

Андрэа Віктарын адзначыла станоўчы вопыт узаемадзеяння Беларусі і ЕС. «У гэтым годзе мы падпісалі кантракт на 6 млн еўра з ЕБРР па падтрымцы эканамічнага развіцця ў рэгіёнах. Сэнс гэтага праекта ў тым, каб малыя і сярэднія прадпрыемствы на месцах атрымалі доступ да грантавых сродкаў да 70 тыс. еўра для кансультацыйных паслуг. Гэтыя гранты могуць быць выкарыстаны на распрацоўку бізнес-планаў, удасканаленне маркетынгу, сістэм сертыфікацыі. Мы лічым, што такая дапамога дасць магчымасць значна павысіць якасць работы малых і сярэдніх прадпрыемстваў, павялічыць колькасць рабочых месц. Аналагічны праект, які накіраваны на далейшае ўдасканаленне і спрашчэнне бізнес-клімату, мы рэалізуем з Сусветным банкам. Спадзяёмся, што ўсе разам мы рухаемся ў правільным напрамку», — сказала Андрэа Віктарын.

Пры гэтым яна падкрэсліла, што згаданыя праекты не адлюстроўваюць паўнату ўзаемадзеяння Беларусі і ЕС. «Мы прапануем шырокі спектр інструментаў, якімі можа скарыстацца Беларусь. У прыватнасці, краіна можа атрымліваць крэдытныя рэсурсы ад Еўрапейскага інвестыцыйнага банка, таксама ён можа дапамагчы прыцягнуць прыватныя рэсурсы. Наша цеснае супрацоўніцтва адкрые дзверы для інвестыцый у такія галіны, як транспарт, камунікацыі, устойлівая энергетыка, кіраванне адходамі і воднай інфраструктурай», — сказала Андрэа Віктарын.

Інтарэс брытанскага бізнесу да Беларусі расце

Аб гэтым заявіла Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Беларусі Фіёна Гіб на канферэнцыі «Кастрычніцкі эканамічны форум «Падмуркі будучыні».

«Гандаль з’яўляецца адным з галоўных лакаматываў эканамічнага развіцця. Вялікабрытанія — важны партнёр Беларусі, трэці экспартны рынак пасля Расіі і Украіны. Інтарэс брытанскага бізнесу да Беларусі расце», — адзначыла Фіёна Гіб.

Паводле яе слоў, у Вялікабрытаніі разглядаюць розныя варыянты арганізацыі гандлю з Беларуссю. «Брытанскі ўрад і далей будзе нарошчваць аб’ёмы падтрымкі Беларусі для таго, каб зняць бар’еры ва ўзаемным гандлі і стварыць умовы для нарошчвання канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі для работы на глабальных рынках», — паведаміла Фіёна Гіб.

У час Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва ў Беларусь прыбудзе брытанскі эксперт, які раскрые сакрэты паспяховага інвесціравання. «Таксама мы падтрымаем мерапрыемства, якое будзе называцца Belbiz Battle. Гэта конкурс стартапаў. Пяць беларускіх стартапаў, выбраных экспертамі, адправяцца ў Лондан у пачатку наступнага года і атрымаюць магчымасць прэзентаваць свае ідэі бізнес-супольнасці Вялікабрытаніі», — канстатаваў пасол.

Фіёна Гіб выказала падтрымку пакрокавым падыходам беларускіх улад у частцы рэалізацыі эканамічных пераўтварэнняў. Паводле яе слоў, імклівыя змяненні Беларусі не падыходзяць. «Але гэта не азначае, што нічога не трэба мяняць. У першую чаргу трэба памяняць стаўленне інвестараў і бізнесу да Беларусі. Зрабіць гэта трэба для таго, каб у адзін цудоўны дзень яны прачнуліся і вырашылі, што сёння адправяцца ў Беларусь», — сказала яна.

Пасол вітала стварэнне ў Беларусі рабочай групы па ўдасканаленні кантрольнай дзейнасці і ўстараненні залішніх патрабаванняў да суб’ектаў гаспадарання, а таксама вынікі яе дзейнасці.

Фіёна Гіб лічыць канструктыўным увядзенне Беларуссю пяцідзённага бязвізавага рэжыму. «Спадзяюся, ён будзе прадоўжаны мінімум да 30 дзён», — дадала яна.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!