Меню
Курс $  3.27 | €  3.48 | ₽100  3.51 |
Погода 6 °C

Матуліна свята

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

Пост опубликован: 10.11.2017

Кружыць у вальсе лістота, разам з ветрам прытанцоўваюць асобныя лісточкі. А тут і дождж не прымусіў сябе чакаць: заплакаў ледзь не ў голас.

Але нават у дрэннае надвор’е ёсць месца святу, тым больш, такому дарагому і доўгачаканаму, як Дзень маці. Яго святкавалі ў дзіцячых садках і школах, бібліятэках і дамах культуры. З вялікіх і малых сцэн несліся віншаванні ў гонар дарагіх матуль. А ў Нясвіжскім раённым цэнтры дзіцячай творчасці ва ўтульнай зале за кубачкам гарбаты сабралася сямейная гасцёўня: мамы, бабулі і нават таты выхаванцаў гэтай установы.



Галоўны рэжысёр свята, Алена Уладзіміраўна Абцэшка, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, арганізавала шматлікія конкурсы для дзяцей і іх матуль: “Мая мама самая…”, “Пяшчотныя матуліны рукі”, “Кулінарны”. І самае цікавае, што ў гэтых конкурсах усе былі пераможцамі.  Бо для кожнага дзіцяці яго мама — самая-самая, а яе рукі самыя пяшчотныя і іх нельга пераблытаць з нейчымі іншымі, і гаспадыні нашы матулі таксама цудоўныя. Пераможцы атрымлівалі салодкія ўзнагароды, пра якія паклапацілася, як і пра пачастункі для ўсіх гасцей, старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людміла Крупец.

Усіх парадавалі і  музычныя падарункі, якія гучалі  ў выкананні Уладзіміра Парэйкі, Паліны Кавалеўскай, Надзеі Язвінскай і Валерыі Рыдак. А разам з педагогам дадатковай адукацыі Уладзімірам Парэйкам усе госці спачатку ўгадвалі мелодыі, а пасля пад баян спявалі матуліны песні.

Асабліва спадабалася гульня “Музычны капялюш”. Па чарзе капялюш пераходзіў ад адной матулі ці бабулі да другой. Такім чынам усе прысутныя змаглі даведацца пра іх патаемныя думкі, якія чамусьці супадалі з думкамі вядомых эстрадных спевакоў. Усім было вельмі весела, і кожнай удзельніцы гульні  моцна апладзіравалі.

А пасля казачныя героі, якія таксама завіталі на свята, усім матулям падаравалі віншавальныя паштоўкі.

Калі госці разыходзіліся, усмешка ўсё яшчэ заставалася на іх тварах. Гэту ўсмешку кожны панёс з сабой, дорачы кожнаму сустрэчнаму.  Усмешак было так многа, што нават дождж суцешыўся і перастаў плакаць. Вецер аблашчыў мокрыя лісточкі і зноў запрасіў на танец. Свята працягвалася і працягваецца зараз, бо калі ў чалавека, малога ці вялікага, ёсць мама, гэта ўжо свята. І няхай яно ніколі не скончыцца.

Валянціна ШЧАРБАКОВА,

г. Нясвіж.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!