Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 13 °C

Нясвіжская старонка ў біяграфіі аса

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

Ас (ад фр. аs — туз) — ваенны пілот вышэйшага класа.

Тэрмін узнік у гады Першай сусветнай вайны.

6 чэрвеня (даты па ст.ст.) 1917 г. пры заходзе на пасадку на ваенны аэрадром расійскай арміі ў раёне Тарнопаля (Украіна) разбіўся знішчальнік  “Ньюпар”. Калі да зямлі заставалася 20 — 30 метраў, у машыне стаў матор, і яна ўрэзалася ў зямлю. Лётчык загінуў. У зага-дзе па арміях Паўднёва-Заходняга фронту, які выйшаў на наступны дзень, пра гэту падзею было сказана: “Вяртаючыся з баявога палёту, разбіўся насмерць адзін з самых адважных нашых лётчыкаў — капітан Круцень”.



Яўграф Круцень, якому на момант смерці ішоў 27-ы год, быў адным з самых паспяховых расійскіх лётчыкаў Першай сусветнай вайны. У паветраных баях ён збіў, па розных ацэнках, ад 15 да 20 варожых самалётаў. Шэраг гучных перамог быў здабыты ў небе над Нясвіжам…

11

Асаблівасцю Першай сусветнай стала шырокае выкарыстанне новых відаў зброі — танкаў, агнямётаў, атрутных газаў, авіяцыі. Уздзеянне апошняй адчувалася не толькі на пазіцыях варагуючых армій, але і ў пры-франтавой паласе. Нясвіж, за 40 кіламетраў ад якога пралягала перадавая лінія акопаў, неаднаразова рабіўся аб’ектам авіяналётаў. 20 студзеня 1916 г. на горад з нямецкага аэраплана былі скінуты тры бомбы. Асколкамі дзвюх цяжка параніла пяхотнага ўнтэр-афіцэра і казацкага каня. Выбух трэцяй не прычыніў ніякай шкоды. На наступны дзень нямецкі аэраплан зноў з’явіўся над Нясвіжам, але бомбаў не скідваў. На працягу вясны налёты здараліся кожныя некалькі тыдняў. Так, 9 сакавіка выбухам авіябомбы былі цяжка паранены трое несвіжан: Міхаіл Сіняўскі, Эля Харлаб і Вацлаў Азгольскі. У выніку бамбардзіроўкі 15 мая лёгкія раненні атрымалі два чалавекі. Наступствам авіяналёту 2 ліпеня сталі выбітыя ў некалькіх дамах вокны. У параўнанні з бамбёжкамі часоў Другой сусветнай вайны такія страты выглядаюць нязначнымі. Але не трэба забывацца пра псіхалагічнае ўздзеянне авіяцыі на людзей пачатку мінулага стагоддзя, большасць з якіх упершыню бачыла крылатыя машыны. Акрамя таго, бамбардзіроўкі сведчылі, што па-дзел на фронт і тыл адышоў у мінулае. Смерць магла насцігнуць у любы момант, далёка ад перадавой.

У тым жа 1916 г. на Нясвіжчыне з’явіліся першыя супрацьпаветраныя аддзелы. 3 ліпеня 1916 г. загадам камандавання 4-й ра-сійскай арміі быў зацверджаны ўзмоцнены “супрацьсамалётны” разлік артылерыйскіх батарэй. Па дзве батарэі выдзяляліся для абароны Нясвіжа, чыгуначных станцый Пагарэльцы і Хвоева, тры батарэі прыкрывалі станцыю Замір’е. А неўзабаве паблізу горада размясціўся авіяцыйны атрад, якім камандаваў штабс-ка-пітан Я. Круцень.

Яўграф Круцень нарадзіўся ў Кіеве ў снежні 1890 г. (дарэчы, некаторыя даследчыкі гавораць пра беларускія карані будучага аса, а нашы паўднёвыя суседзі лічаць яго ўкраінскім лётчыкам). Бацька Яўграфа быў кадравым ваенным, што не магло не паў-плываць на выбар шляху: спачатку кадэцкі корпус, потым артылерыйскае вучылішча і служба ў конна-гвардзейскай батарэі Кіеў-скай ваеннай акругі. Аднак маладога афіцэра ўсё больш вабіў новы род войскаў — авіяцыя, першыя крокі па стварэнні якой толькі рабіліся. Неўзабаве ён дамогся пераводу ў авіяцыйную роту, дзе яго настаўнікам  стаў славуты лётчык Пётр Несцераў, аўтар вядомай “мёртвай пятлі”. А незадоўга да пачатку вайны скончыў паветраплавальную (як тады казалі) школу ў Гатчыне.

З верасня 1914 г. Яўграф Круцень знаходзіўся на фронце. Спачатку займаўся разведкай варожых пазіцый. Калі нямецкія аэрапланы пачалі бамбіць шпіталі і санітарныя цягнікі, ён арганізаваў так званы “налёт адплаты”. Група расійскіх самалётаў ноччу атакавала варожыя пазіцыі на рацэ Бзуры. Круцень асабіста скінуў на нямецкія ўмацаванні шэсць бомбаў. А ў сакавіку 1916 г. ён запісаў на свой рахунак першы збіты самалёт. Набываючы баявы вопыт, малады лётчык паслядоўна адстойваў ідэю арганізацыі знішчальных атрадаў. “Любая ўніверсальная рэч нічога не вартая”, — пісаў ён, заклікаючы да стварэння авіяцыі “адмыслова прысвечанай паветраным баям”. Неўзабаве знішчальныя атрады пачалі стварацца пры ўсіх расійскіх арміях. Па штаце ў іх павінна было быць 6 самалётаў, 7 лётчыкаў і 4 лётчыкі-назіральнікі.  Я. Круцень быў прызначаны камандзірам 2-га знішчальнага атрада.

Напрыканцы ліпеня 1916 г. атрад прыбыў на аэрадром пад Нясвіжам, а праз некалькі дзён яго камандзір атрымаў чарговую перамогу. Адбылося гэта 30 ліпеня ў раёне в. Сваяцічы, дзе лётчык атакаваў нямецкі аэраплан “Альбатрос” і вымусіў яго сесці ў раёне расійскіх пазіцый. Экіпаж быў захоплены ў палон. Яшчэ праз дзень сведкамі майстэрства Круценя сталі ці не ўсе несвіжане. Камандзір 2-й арміі генерал У. Смірноў у сваім загадзе адзначыў: “1 жніўня, каля 19 гадзін, над Нясвіжам з’явіўся варожы самалёт. Штабс-капітан Круцень дагнаў немца і ўступіў з ім у бой. Я, многія чыны майго штаба і ўвесь горад назіралі за смелым боем двух самалётаў. Штабс-капітан Круцень коршунам наляцеў на немца і пасля кароткага, але надзвычай эфектнага бою збіў яго…”

Генерал і шматлікія цікаўныя бачылі толькі фінальную стадыю бою. “Паляванне” на немца заняло значна больш часу, чым магло здавацца. Вось што запісаў сам Круцень у “Ведамасці баявых вылетаў” свайго атрада: “Убачыўшы са свайго аэрадрома ў в. Малева варожы самалёт, які абстрэльвалі над Пагарэльцамі, я ўзняўся да Замір’я, адтуль, набіраючы вышыню, праследаваў германца ўздоўж чыгункі да ст. Стоўбцы. Над Негарэлым дагнаў непрыяцельскі самалёт і адрэзаў яму шлях на пазіцыю. Ён паспрабаваў прарвацца і нырнуў пад мяне. Я спікіраваў на яго і выпусціў абойму, але міма. Адразу ж павярнуў за ім, замяніў абойму і зноў пачаў праследаванне, адрэзаўшы яму зваротны шлях. Над м. Нясвіж атрымалася блізка падысці да яго спераду. Ён зноў паспрабаваў нырнуць, але я, на пікіруючым спуску, высадзіў у яго другую і апошнюю абойму, пры гэтым некалькі куляў трапілі ў жыццёва важныя часткі апарата. Аднак мне гэта было незаўважна, а непрыяцель зноў стаў набіраць вышыню… Тады я пачаў увесь час накідвацца на немца то зверху, то спераду, прымушаючы яго зніжацца. Прыціснуўшы яго да зямлі, я заўважыў, што ў яго кіпіць вада ў радыятары, а матор не працуе. Мне стала ясна, што вораг падбіты…” Нямецкі самалёт прызямліўся каля Нясвіжа. Лётчыкі паспрабавалі спаліць машыну, але дзейнічалі вельмі няўмела. Полымя ахапіла іх вопратку, якую ледзьве атрымалася загасіць, а самалёт застаўся не пашкоджаны. “Ньюпар” Круценя кружыў над месцам пасадкі, пакуль немцаў не захапіў казацкі раз’езд, і толькі потым накіраваўся на свой аэрадром. Удзячныя несвіжане пасля прызямлення сустрэлі штабс-капітана авацыяй. (Дарэчы, хаця ў тагачасных дакументах дакладна прапісаны назвы ўсіх населеных пунктаў, над якімі адбываліся баі, сёння ў многіх рускамоўных публікацыях беларускія назвы скажаюцца. Напрыклад, можна прачытаць, што 2-і знішчальны авіяатрад дыслацыраваўся паблізу мястэчка “Несбиш”, а варожы самалёт Круцень перахапіў над станцыяй “Столбы”).

Дзве паветраныя перамогі з такім малым інтэрвалам былі па тых часах рэдкасцю. Да таго ж, дзякуючы Круценю, у рукі расіян трапілі дзве амаль не пашкоджаныя машыны, якія былі выкарыстаны для навучання ўласных лётчыкаў. А ў палоне апынуліся два нямецкія экіпажы. Трэба сказаць, што ў тыя часы існавала своеасаблівая ваенна-паветраная этыка. Так, палонны лётчык перад адпраўкай у лагер мог разлічваць на развітальную вячэру са сваім пераможцам. Але мала ў каго за сталом у якасці “гасцей” аказваліся адразу чатыры збітыя лётчыкі. Яўграфу Круценю пашанцавала.

Перамогі прынеслі афіцэру заслужаную славу. Неўзабаве ў папулярным часопісе “Новое время” быў змешчаны яго партрэт з подпісам: “Шт.-капітан Я. М. Круцень, які збіў два варожыя самалёты, за што ўзнагароджаны ордэнам св. Георгія 4 ст.”. Сапраўды, у жніўні 1916 г. лётчык атрымаў згаданы ордэн, але гэта ўзнагарода дасталася яму за папярэднія заслугі. А канкрэтна — за бамбардзіроўку нямецкіх пазіцый пад Варшавай у ліпені 1915 г. За бой над Нясвіжам Я. Круцень атрымаў Георгіеўскую зброю, праўда, адбылося гэта вясной 1917 года.

Да таго часу славуты лётчык паспеў пабываць у Францыі, куды выехаў у складзе групы лепшых расійскіх авіятараў для абмену баявым вопытам і асваення новых тыпаў самалётаў. Там ён прымаў удзел у вылетах саюзнай авія-цыі, збіў тры нямецкія аэрапланы і быў узнагароджаны ордэнам “Ваенны Крыж”. А яшчэ раней, напрыканцы 1916 г., у Петраградзе ўбачыла свет яго брашура “Стварэнне знішчальных груп у Расіі”, якая стала сур’ёзным унёскам у тэорыю баявога выкарыстання авіяцыі. Абапіраючыся ў тым ліку і на свой нясвіжскі вопыт, Яўграф Круцень вызначыў асноўныя і дапаможныя задачы знішчальнай авіяцыі, прывёў прыблізную схему і штат знішчальнай групы.

Увогуле, ён цалкам апраўдаў сваё імя (Яўграф з грэчаскай — той, хто добра піша), калі падчас вайны напісаў восем прац, прысвечаных надзённым патрэбам паветранага флоту. Сучаснікі прыгадвалі: “Вельмі сціплы ў побыце, Круцень вёў спартанскі лад жыцця, які быў скіраваны на развіццё лётных здольнасцей, на найбольш поўнае авалодванне прафесіяй ваеннага лётчыка”. Кожную вольную хвіліну ён прысвячаў вывучэнню спецыяльнай літаратуры, аналізу ўласных вылетаў або назіранню за палётамі іншых. Запісваў усе падрабязнасці баёў: як атакаваў, як праследаваў, якія манёўры выкарыстоўваў праціўнік. Распрацаваў звыш 20 спосабаў паветраных атак для самалётаў розных тыпаў. Мала каму за такі кароткі час удавалася зрабіць так многа.

У красавіку 1917 г. капітан Я. Круцень быў прызначаны камандзірам авіягрупы на Паўднёва-Заходнім фронце. Тут і абарваўся яго зямны і паветраны шлях. Цяжка сказаць, як склаўся б лёс афіцэра ў бурлівыя рэвалюцыйныя гады. Што яго чакала: служба ў Чырвонай Арміі, белая гвардыя, узброеныя сілы Украінскай Народнай Рэспублікі? Гісторыя не ведае ўмоўнага ладу. Застаецца толькі памяць пра лётчыка і пра яскравую нясвіжскую старонку яго жыцця.

Андрэй БЛІНЕЦ,

старшы навуковы

супрацоўнік ДУ “НГКМЗ “Нясвіж”.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!