Падарожжа па мясцінах Песняра

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Няма ў чалавека нічога       прыгажэй і даражэй за радзіму.

Чалавек без радзімы —       бедны чалавек.

Якуб Колас.

12

Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч) (3.11. 1882 — 13.8. 1956 гг.) — беларускі паэт, празаік, драматург, крытык, публіцыст, перакладчык, вучоны, педагог, грамадскі дзеяч, адзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы. У 1926 г. яму было прысвоена званне народнага паэта Беларусі. У 1928 г. стаў акадэмікам Акадэміі навук Беларусі. У 1944 г. — заслужаным дзеячам навукі Беларусі. Лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР.

Малая радзіма Якуба Коласа (Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча) — засценак Акінчыцы (цяпер — у межах г. Стоўбцы).  Будучы класік нарадзіўся ў сялянскай сям’і Міхала Казіміравіча і Ганны Юр’еўны (народжаная Лёсік) з вёскі Мікалаеўшчына (за 12 км ад Стоўбцаў). Неўзабаве пасля наражэння Костуся (так звалі Канстанціна дома) сям’я пераехала ва ўрочышча Ласток (або Сухошчына), потым, у 1890 — 1904 гг., Міцкевічы жылі ў леснічоўцы Альбуць паблізу Мікалаеўшчыны. Хлопчык надзвычай  любіў слухаць  беларускія песні, якія спявала маці. Вялікі аўтарытэт меў у падлетка дзядзька па бацьку — Антось, які першы абудзіў цікавасць да літаратуры.

У 1894 г. юнак скончыў 2-гадовае Мікалаеўшчынскае народнае вучылішча. Затым тры гады жыў у Альбуці, дапамагаў бацькам па гаспадарцы, рыхтаваўся да паступлення ў настаўніцкую семінарыю. У 1898 г.  паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. На гэты перыяд прыпадаюць і першыя літаратурныя спробы паэта (вершы на рускай мове, празаічны твор “наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле”).  Пасля заканчэння яе ў 1902 г. працаваў настаўнікам на Палессі ў вёсках Люсіна (цяпер Ганцавіцкі раён), Пінкавічы (цяпер Пінскі раён). Адметна, што педагог Колас  зрабіў этнаграфічныя і фальклорныя запісы мілагучнага Палесся. У 1905 г. ён склаў петыцыю пінкавіцкіх сялян з патрабаваннямі да памешчыка Зыгмунта Скірмунта, за гэта на пачатку 1906 г. быў пераведзены з Пінкавіч на працу ў Верхменскае народнае вучылішча (цяпер Смалявіцкі раён). Актыўна ўдзельнічаў у нелегальным настаўніцкім з’ездзе (9-10.7.1906 г.) у Мікалаеўшчыне. Яму забаранілі настаўнічаць.

Зімою 1906-1907 гг. Якуб Колас жыў у родных у леснічоўцы Смалярня, без адпаведнага дазволу адкрыў прыватную школу. У студзені — красавіку 1908 г. працаваў у прыватнай беларускамоўнай школе ў вёсцы Сані (цяпер Талачынскі раён), аргані-затарамі якой былі Тэрэза Гардзялкоўская і яе сын Канстанцін Гардзялкоўскі. Неўзабаве Якуб Колас быў арыштаваны і 15.9.1908 г. асуджаны на 3 гады турэмнага зняволення, якое адбываў у Мінскім астрозе. Пасля вызвалення ў 1911 г. з верасня без дазволу навучаў дзяцей чыгуначнікаў у Лунінцы, у 1912 г. атрымаў пасведчанне пра добранадзейнасць і да 1914 г. афіцыйна працаваў настаўнікам у Купяцічах паблізу Пінска, а затым — у Пінскім 3-м прыходскім вучы-лішчы. У чэрвені 1913 г. ажаніўся з настаўніцай пінскай чыгуначнай школы Марыяй Дзмітрыеўнай Каменскай. Яны пражылі разам больш за 30 гадоў, мелі трох сыноў. У жніўні 1912 г. у леснічоўцы Смольня, паблізу Мікалаеўшчыны, Якуб Колас пазнаёміўся з Янкам Купалам,  пачалося іх сяброўства.

Пасля Першай сусветнай вайны, падчас якой служыў у Пермі, на Румынскім фронце,  у 1921 г. Якуб Колас быў выкліканы ўрадам БССР у Мінск. Выкладаў у Беларускім педагагічным тэхнікуме і Беларускім дзяржаўным універсітэце, чытаў лекцыі па граматыцы і методыцы выкладання беларускай мовы на Слуцкіх настаўніцкіх  курсах. У  Вялікую Айчынную паэт жыў у Клязьме паблізу Масквы, Ташкенце, Маскве. У канцы 1944-га вярнуўся ў Мінск.

Памёр 13 жніўня 1956 г. Пахаваны ў Мінску на Вайсковых могілках. Яго імя было нададзена Мінскаму паліграфічнаму камбінату, Інстытуту мовазнаўства НАН,  Нацыянальнаму  драматычнаму тэатру ў Віцебску, Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН, многім  іншым бібліятэкам Беларусі. Яго імем  быў названы Нацыянальны  гуманітарны ліцэй  і Нясвіжскі  каледж. Імя Якуба Коласа носяць школы, плошчы, вуліцы гарадоў і вёсак Беларусі. Помнікі паэту пастаўлены ў Мінску (на плошчы, названай у яго гонар), у вёсцы Мікалаеўшчына, Навагрудку, у вёсцы Плоскае Талачынскага раёна. Бюст паэта  ўсталяваны ў Нясвіжы.

Бываючы ў сталіцы, трэба абавязкова наведаць  Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. Ён быў створаны паводле пастановы ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР ад 16 жніўня 1956 г. і быў афіцыйна адчынены 4 снежня 1959 г. у доме, у якім пісьменнік жыў апошнія гады.  Першым дырэктарам музея быў яго сын Даніла Міцкевіч. Тут захаваны прыжыццёвыя інтэр’еры рабочага кабінета і спальні, утрымліваюцца шматлікія цікавыя матэрыялы. Невыказныя пачуцці атрымліваеш і ад ланд-шафтнай зоны сядзібы. З 1987 г.  дырэктарам музея стала Зінаіда Камароўская. Музей мае філіял, які ўключае мемарыяльныя сядзібы Акінчыцы, Альбуць, Ласток, Смольня. (Цікава, што Альбуць  апісана ў паэме “Новая зямля” пад назвай “Парэчча”). На сядзібе Смольня растуць ліпы, пасаджаныя паэтам у 1911 г. 22 верасня 1972 г. быў створа-ны  Коласаўскі заказнік на Стаўб-цоўшчыне, каб зберагчы прыродны комплекс мясцін, звязаных з паэтам. Ён надзвычай любіў прыроду Беларусі, стварыў безліч яе лірычных апісанняў.  Заказнік уключае тэрыторыю, прылеглую да Смольні, да мемарыяльных сядзіб Альбуць, Ласток, урочышча Бервянец (Дубы). У заказніку  адкрыты мастацка-мемарыяльны комплекс “Шлях Коласа”, які налічвае каля паўсотні драўляных скульптур па матывах яго твораў.

Літаратурныя музеі былі створаны ў сярэдніх школах вёсак Люсіна Ганцавіцкага  (надзвычай цікавым з’яўляецца пісьмо паэта да жыхароў Люсіна ад 2 чэрвеня 1948 г., а таксама матэрыялы аб прататыпах аповесці “У палескай глушы”, дзе Люсіна апісана як Цельшына), Пінкавічы Пінскага раёна (дарэчы, Пінкавічы ў аповесці “У глыбі Палесся” апісаны як Выганы; захавалася і пісьмо Коласа да жыхароў Пінкавіч ад 1952 г.), Верхмень Смалявіцкага, Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага, пасёлка Лясны Мінскага раёна. У Нацыянальнай акадэміі навук  існуе мемарыяльны пакой Коласа. На будынках, дзе жыў і працаваў народны паэт, устаноўлены мемарыяльныя дошкі.

Якуб Колас — класік не толькі беларускай, але і  сусветнай  літаратуры, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай мовы.  Той самай, на якой мы, удзячныя нашчадкі, павінны сёння думаць, размаўляць, пісаць. Бо, як пісаў мудры дзядзька Якуб: “Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову”.  І тых мясцін, дзе нарадзіўся чалавек, — дададзім па-коласаўску.

Канстанцін КАРНЯЛЮК,

педагог.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.