Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 13 °C

Памяць заўсёды жывая

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

Заўтра, 2 лістапада, католікі Нясвіжчыны адзначаць дзень усіх памерлых вернікаў. З гэтай нагоды мы вырашылі пазнаёміць нашых чытачоў з цікавым гістарычным матэрыялам — з прамовай-прывітаннем  ксяндза Рыгора Каласоўскага да прымаса Польшчы Юзафа Глемба, якая прагучала ў касцёле Божага Цела ў 1988 годзе. За шчырую працу на карысць Бога і людзей і неацэнны ўклад у выратаванне касцёла як вялікага гістарычнага помніка ксёндз Каласоўскі ў 2002 годзе быў удастоены звання “Ганаровы грамадзянін горада Нясвіжа”. У яго прамове, напісанай рукой самога святара ў звычайным школьным сшытку, паўстаюць рэаліі самага трывожнага і небяспечнага часу, які забраў жыцці многіх несвіжан і жыхароў Нясвіжчыны. Таму ў памяць аб гэтым неардынарным чалавеку і ўсіх тых, хто аддаў сваё жыццё за сцвярджэнне хрысціянскіх каштоўнасцей, мы прыводзім гэту прамову поўнасцю. 



1 

“Ваша Эксцэленцыя! Глыбокапаважаны ксёндз Біскуп! Тут стаіць перад Вашай Эксцэленцыяй ксёндз Гжэгаш Каласоўскі, пробашч і дэкан рымска-ката-ліцкага  касцёла ў Нясвіжы, дыяцэзіі Пінскай.

Касцёл “Фарны” пад назваю Божага Цела Пінскай дыяцэзіі зафундаваны ў 1589 г. праз Крыстофа Мікалая Радзівіла (Сіротку), кансакраваны (асвечаны — Рэд.) у 1601 годзе праз Клаўдзія Рангонія, князя і біскупа Рэгеньскага, нунцыя Апостальскай Сталіцы. Працую ў гэтым касцёле больш за 49 гадоў без перапынку.

Пасля пасвячэнняў святарскіх у 1939 годе быў накіраваны праз біскупа святой памяці Казіміра  Букрабы ў Нясвіж як памочнік ксяндза-дэкана Кубіка. Узрадаваўся вельмі, што буду працаваць у такім прыгожым касцёле пад кіраўніцтвам заслужанага і мудрага святара. На жаль, радасць нядоўга трывала. Немцы пасля акупавання гэтых тэрыторый арыштавалі ксяндза-дэкана Кубі-ка, разам з іншымі вывезлі ў Баранавічы, дзе замардавалі. У 1942 годзе я таксама быў арыштаваны  за тое, што не кланяўся нямецкаму афіцэру на вуліцы. Сказалі, што я не люблю немцаў. (Сядзеў 6 тыдняў). Пасля вызвалення з вязніцы быў вымушаны абслугоўваць 5 парафій, дзе не было святароў, немцы замардавалі.

Немцы аддалі загад здаваць у дзяржаву рэчы з каляровых металаў. Наказалі таксама здаць званы касцёла і пішчалкі ад аргану. Атрымаў фальшывае пасведчанне, што гэтыя рэчы ўжо здадзены, а я іх схаваў. Пагражала гэта расстрэлам.

Немцы, калі адыходзілі з Нясвіжа ў 1944 г., падпалілі касцёл запальнымі снарадамі.

Усе дахі і маленькі купал згарэлі поўнасцю. Патрэбна было ратаваць касцёл. Пакласці як мага хутчэй дах, бо  восенню дождж мог размыць скляпенні, а зімою маразы знішчылі б  фрэскі. Праца была вельмі цяжкая: не было людзей да працы,  пайшлі ў армію, не было інжынера-будаўніка, не было тэхнічнай дакументацыі, каб адбудаваць спалены купал. Каб за-плаціць работнікам, патрэбна было ездзіць па вёсках і збіраць прадукты. Марка ўжо не мела ніякай вартасці, а рубель не быў стабільны. Усе гэтыя праблемы трэба было як мага хутчэй вырашыць. Узяўся за работу. Некаторыя людзі смяяліся з гэтага, казалі, што кінуўся з матыкай на сонца і што нічога з гэтага не бу-дзе — вайна ідзе. Аднак я, поўны энэргіі, узяўся за работу, даверыўшыся Божай волі і апецы найсвяцейшай панны Марыі. На працягу трох месяцаў зноў дах стаяў на касцёле. Касцёл і прыгожыя фрэскі былі выратаваны. Казалі мне, калі б я не быў ксяндзом, то меў бы вялікую ўзнагароду, удзячнасць ад улад за выратаванне такога помніка архітэктуры, але шкада, што з’яўляешся святаром. Я падзякаваў за такую ўдзячнасць.

Распачалася рэпатрыяцыя. Адны выязджаюць, іншыя застаюцца. Ніхто не ведае, што, па-сутнасці, рабіць. Некаторыя святары таксама вырашылі выехаць. Я і сам не ведаў, што рабіць? Нарэшце вырашыў застацца, што Бог дасць, тое і будзе. Не хацеў быць наёмнікам у аўчарні Хрыстовай, але пастырам.

Да сённяшняга дня працую ў гэтай парафіі і дзякую Пану Богу і найсвяцейшай панне Марыі, што даюць мне сілы і энэргію каб выконваць гэтыя мае абавязкі.

У сучасны час  і надалей аб-слугоўваю 5 парафій, дзе няма святароў.

У 1980 г. аднавілі абраз “Апошняй вячэры — Вячэры Пана”. Аўтар Ю. Гескі (1752 — 1754).

Абраз быў вельмі знішчаны     з-за старасці (240 год). Рэстаўратары былі з Масквы. Вельмі старанна зрабілі. Падклеена на новае палатно. Рэстаўрацыя вельмі шмат каштавала. 30 тысяч рублёў. Аплачана з ахвяр парафіян. Зроблены абраз святога Францішка. Каштавала 3000 руб. Павінны рабіць рэстаўрацыю сцен касцёла ўнутры. Не можам знайсці рэстаўратараў — баюся брацца за гэту працу, патрэбна будзе шукаць спецыялістаў у Польшчы. У наступным годзе, калі дажыву, буду мець тры юбілеі: 50 год святарства, 50 год працы ў Нясвіжы, 80 год жыцця.

Цяпер стан парафіі:

Колькі парафіян дакладна акрэсліць цяжка. Калі вялікае свята, то і касцёл змясціць усіх не можа. Па прыкладных падліках, каля 10 тысяч.  Стан духоўны парафіян не з’яўляецца трагічным, улічваючы сучаснасць. Але не ўсё поўнасцю ў парадку. Шкада, што мала моладзі ўдзельнічае ў набажэнствах.

Некаторым падаецца, што не разумеюць польскай мовы. Але ёсць і такія, хто свядома не хрысціць сваіх дзяцей, жывуць без шлюбу, не адбываюць споведзі Велікоднай, паміраюць без святых сакраментаў, хаця святар ёсць на месцы і заўсёды спяшаецца з дапамогай, калі паклічуць.

Не думаю, што гэтыя людзі самі па сабе злыя, але хіба атуманеныя, страцілі раўнавагу жыццёвую, не ведаюць, за што хапацца. У мінулым годзе было каля 40 дзяцей да першай святой камуніі.

На святога Міхала, 29 верасня, была канфірмацыя (бежмаванне). Каля 150 чалавек.

Гэта стан духоўны парафіі, хацеў бы, каб было лепей, каб было больш запалу ў службе Божай, вялікае разуменне патрэбы выканання рэлігійных абавязкаў.

Малюся аб гэтым да Пана Бога, да найсвяцейшай панны Марыі і цябе, найшаноўнейшы арцысвятар (Езус Хрыстус — Рэд.).

Ваша Эксцэленцыя, просім аб малітве і благаслаўленні апостальскім”.

Пераклад з польскай мовы пробашча парафіі Божага Цела ў Нясвіжы, дэкана

Нясвіжскага дэканата, ксяндза-каноніка

Пятра ШАРКО.

(Арфаграфія і пунктуацыя арыгінала па магчымасці захаваны).

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!