Таніна шчасце

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Яна памятае сябе цікаўнай дзяўчынкай, калі назірала, як працуе ў кузні яе дзед.  Са стоеным страхам глядзела, як разгараецца ў горане полымя,  як плавіцца і мякчэе там метал. А потым дзядуля даставаў яго і гарачым клаў на накавальню, у руках спрытна  хадзіў  молат. Праз некаторы час выходзіла падкова, а ў другі  раз — абады. Ды ці мала чаго ўмеў Максім Пятровіч! Калі зловіць у рэчцы шчупака,  дык і скажа: ”Вось гэта штука — якая шчука!”  Каб даспелі слівы, ён клаў  іх у снапы, і потым даставаў наліўныя, з водарам цёплай саломы. Ведаў і сакрэт добрых пчол: каб яны вяліся, трэба абавязкова пачаставаць каго-небудзь першым мёдам.

Таня расла і рабіла ўсё, што іншыя дзеці ў вёсцы, не ленавалася ні кароў пасвіць, ні зелля для свіней нарваць. Ёй падабалася назіраць, як жанчыны адбельвалі палотны  ля ракі, як сушылі і паласкалі. А памытая бялізна пахла неяк незвычайна, і раскінутая ля той рэчкі, сохла…

Ішлі гады, дзяўчынка станавілася   дзяўчынай, праўда, тоненькая была, як трасцінка. Хацелася і ў кампанію, і на танцы. Аднойчы там убачыла хлопца з іх вёскі, які адслужыў у Германіі і дэмабілізаваўся. Дзяўчаты ледзь не млелі, гледзячы на яго: высокі, стройны прыгажун. Толькі Таня заставалася раўнадушнай, яна думала, што такі кавалер і не гляне на яе.

Але Віктар (так звалі таго хлопца) запрасіў яе на танец і пайшоў праводзіць дадому. Таня бянтэжылася, сарамліва адво-дзіла пагляд. Сустракаліся яны год, і каханы заўсёды быў сціплы, аберагаў яе, на руках насіў, называў “піянерачкай”. Дарыў ёй букеты чаромхі, пышныя півоні, далікатныя першыя краскі. Пажаніліся маладыя 13-га чысла, але гэта  не бянтэжыла закаханых.

З палёў сыходзіў снег, і ў душах маладых панавалі вясеннія пачуцці.

Галоўным было каханне, ды і жыццё ў далейшым паказала, што ніякія забабоны не маюць значэння. Таня даіла з мамай калгасных кароў, Віктар працаваў  механікам у майстэрні. Калі нарадзілася першая дачка, шчаслівы бацька спяваў, прынёс ахапак кветак і шчыра дзякаваў жонцы.  Першанькую назвалі Марынай, імя падабалася абаім. Праз колькі  часу Таня пайшла працаваць паштальёнам у роднай вёсцы. Старалася ўсё выконваць  як належыць, інакш не ўмела. Памятае, аднойчы зімой столькі снегу наваліла,  амаль ці не пад стрэхі дамоў. Прабіралася Таня з сумкай раз, ды не заўважыла, што яма пад снегам. А як заўважыш? І правалілася,  сядзіць, бедалага, выбрацца самой цяжка. Невядома, колькі б давялося быць у белым палоне, каб не заўважыў мужчына з бліжэйшай хаты. Ён якраз глядзеў у акно і бачыў, што  паштальён  ідзе. Потым зноў зірнуў  ды падумаў: ”А дзе ж гэта Таня дзелася? Ішла вось…”  Заклапочаны,  выйшаў на вуліцу, пагля-дзеў па баках  ды ўбачыў, дзе варушыцца нехта. Так і выцягнуў небараку.

Гады праляталі, маладая   сям’я расла, ужо былі чатыры дачкі, прыгожыя, высокія, падобныя на бацьку. Калі мужчыны ў калгаснай майстэрні пасмейваліся, маўляў, дамскі майстар, Віктар спакойна адказваў: “А вось вы паспрабуйце, каб чатыры красуні мець. У каго такія ёсць? Ага, маўчым”.

Калі купілі машыну, светла-жоўтага “Масквіча”, гаспадар у выхадныя вывозіў сваіх дзяўчат на адпачынак да рэчкі, вучыў плаваць таго, хто не ўмеў.

Ім было весела і добра разам. Вырашылі паехаць у Хатынь і дружна адправіліся па-глядзець тое месца болю для ўсіх беларусаў. Наведаліся і ў Брэсцкую крэпасць, каб дзеці ведалі, дзе і як трымалі абарону мужныя людзі.

Бацькі заўжды стараліся быць з дзецьмі, выхоўвалі іх працавітымі, добрымі. Калі дочкі павыходзілі замуж, стала крыху сумна, бо Святлана са сваім ваеннаслужачым паехала ў Расію, Наташа — у Магілёўскай вобласці, Марына з сям’ёй жыве ў Клецку. І толькі малодшая, Ліля, засталася з бацькамі.

Віктар Сцяпанавіч быў адданым сем’янінам і такім жа ў рабоце, намагаўся, каб усё рабілася як след. Пастаяннае напружанне, клопаты не давалі яму звярнуць увагі на сваё здароўе. Ці то сам не хацеў… І аднойчы  яму стала дрэнна, выклікалі ўрача, той канстатаваў інсульт. Праз два дні вялікая сям’я хавала свайго найлепшага гаспадара і бацьку, дзядулю пяці ўнукаў. Таня не хацела верыць, што  Віця пакідае свой дом і яе, каханую, якой ні разу не здрадзіў, не сказаў дрэннага слова. Цяжкім было развітанне назаўжды.

Але час, як кажуць, лечыць. Праўда, не вылечвае, бо забыць тое, што было такім дарагім для чалавека, проста немагчыма. І Таня, часта думаючы пра Віктара, вышывае кветкі: півоні, белую чаромху, розныя яркія ўзоры. Яна любіць глядзець, як з-пад рук выходзяць жывыя  вобразы,  каляровыя ніткі складаюць  прыгожы малюнак, чаргуюць светлае і цёмнае, роўнае і звілістае. Як наша жыццё, у якім шчаслівы ўток перабіваецца сумнай асновай, але заўсёды перамагае  светлае і вечнае, каханне і шчасце.

Раіса ХВІР,

г. Нясвіж.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.