З паспяховым дэбютам, “Агра Плюс” і “Агра Пазітыў”!

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У канцы мінулага навучальнага года ў Нясвіжскім каледжы імя Якуба Коласа правялі маніторынг наконт таго, дзе навучэнцы будуць працаваць летам падчас другаснай занятасці. Была арганізавана працоўная брыгада па падрыхтоўцы інтэрната каледжа. (Навучэнцы мылі, фарбавалі падлогу і сцены, заносілі і збіралі мэблю). А таксама аказалася шмат  жадаючых трапіць у студэнцкі  сельскагаспадарчы атрад. Хто  хацеў, напісаў адпаведную заяву на імя дырэктара каледжа Алены Жураўлёвай.

Навучэнцы групы Ф-33 каледжа, члены студатрада “Агра Пазітыў”

Навучэнцы групы Ф-33 каледжа, члены студатрада “Агра Пазітыў”

Так былі створаны два працоўныя атрады — “Агра Плюс” і “Агра Пазітыў”. А на працу іх узяла  да сябе Нясвіжская сортавыпрабавальная  станцыя, з якой наладжаны даўнія моцныя сувязі. Юнакі і дзяўчаты зноў напісалі заявы, ужо на імя дырэктара станцыі Васіля Грышчанкі, з просьбай прыняць іх на працу ў якасці паляводаў. Так у дзяржаўнай сельскагаспадарчай  установе з’явіліся сёлета  57 маладых работнікаў. З 11 па 29 верасня  працавалі 30 навучэнцаў чацвёртага курса, будучыя настаўнікі пачатковай адукацыі і фізічнай культуры — атрад “Агра Плюс” (камандзір атрада —  Яўген Клімовіч, камісар — Лізавета Каратай). Яны капалі бульбу і перабіралі яе. А з 2 па 20 кастрычніка на змену прыйшлі трэцякурснікі, будучыя настаўнікі фізічнай культуры. Група — 27 чалавек (18 хлопцаў і 9 дзяўчат). Ім даручылі пераборку бульбы. Адбіралі буйную харчовую асобна, насенную і дробную — асобна. Буйную затарвалі ў сеткі. Астатнюю — у кантэйнеры. Камяні  і сапсаваныя клубні — у асобны кантэйнер. Аграном станцыі Сяргей Карачун даваў раніцай заданне, а пасля прымаў работу.

— Добра працавалі дзеці, акуратна. На работу прыязджалі своечасова, — расказвае ён.

Працавалі навучэнцы з 9-і раніцы на працягу чатырох гадзін. Аўтобус станцыі забіраў іх з каледжа, туды ж і дастаўляў. Задаволена работай дзяцей і куратар  групы Ф-33, выкладчык Наталля Гуцько, якая амаль усе дні ездзіла з імі:

— Хлопчыкі такія гаспадарлівыя. Рассартуюць нейкую часть клубняў, прыбяруць тое месца, падчысцяць, тады далей прасоўваюцца. І добра працавалі ўсе, незалежна ад таго, жыхар горада ці  вёскі, знаёмы з сялянскай працай ці не. Кожны дзень запаўнялі па 300 — 400 сетак.  Плюс ад 7 да 17 кантэйнераў, у залежнасці ад велічыні клубняў. Акрамя таго, два дні ў садзе абіралі яблыкі.

1509082024

Навучэнцы паспявалі і на пераборцы бульбы працаваць, і да ўрокаў   рыхтавацца і прысутнічаць на іх, і сцэнічнай творчасцю займацца

Навучэнцы паспявалі і на пераборцы бульбы працаваць, і да ўрокаў
рыхтавацца і прысутнічаць на іх, і сцэнічнай творчасцю займацца

Сярод навучэнцаў чацвёртага курса мне ў гутарках  адзначалі Анастасію Коржаль, Аляксандра Трутнева, Іллю Русецкага, Іллю Луцэвіча. Сярод трэцякурснікаў — камандзіра атрада  Дзмітрыя Тупеку, камісара Віялету Кудзіну, а таксама Уладзіслава  Сапагова, Арцёма Аляшкевіча, Карыну  Даманскую, Іллю Янчыка, Андрэя Жураўлёва, Маргарыту Радкевіч. На зборы яблыкаў вялікі аб’ём работы выканалі Уладзіслаў Прышчэп, Яўген Камёнка, Мікіта Цвірко, Ула-дзіслаў Лемеш, Аляксандра Турко. А сапраўдным  гаспадаром на вытворчасці праявіў сябе Сяргей Пратасевіч. Ён родам з адной з вёсак Брэсцкай вобласці, бацькі заняты  на сельгасвытворчасці. І сын пераняў іх гаспадарчую жылку — усё бачыць, усё ўмее, з’яўляецца вельмі добрым прыкладам для таварышаў.

— З задавальненнем ездзіла на работу кожны дзень, — гаворыць Віялета Кудзіна. —  Усе навучэнцы — таксама. І раніцай збіраліся своечасова, і працавалі з ахвотай, часам нават не спыняліся на перапынак. Каб было хутка і зладжана, абавязкі падзялілі: хтосьці перабіраў клубні, хтосьці вёдры адносіў, высыпаў бульбу, а хтосьці завязваў сеткі, затым — мяняліся. А я яшчэ вяла  табель наведвання.

— Куды патраціце заробленыя грошы? — пацікавілася я ў дзяўчыны.

— Адклала на салідную пакупку.

— З аднаго боку — гэта была дарослая калектыўная работа і калектыўная адказнасць, — падкрэслівае Наталля Уладзіміраўна Гуцько. — Да нас наведваўся  дырэктар сортавыпрабавальнай станцыі Васіль Іванавіч Грышчанка, глядзеў, як працуем. З другога боку — дзеці ўпершыню пісалі  заяву аб прыёме на работу, атрымалі  працоўныя кніжкі, атрымалі  нядрэнную зарплату. Гэта таксама вельмі важны аспект — умець уладкоўвацца на працу. Да таго ж, навучэнцы сумяшчалі работу і вучобу — паабедаўшы, у 14 гадзін ужо былі на занятках. А яшчэ ўдзельнічалі ў конкурсе мастацкай самадзейнасці, які праходзіў у каледжы — мерапрыемства называлася “Мы — нашчадкі Песняра” і было прысвечана 135-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. І падрыхтавалі канцэрт да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі, з якім плануюць выступіць перад калектывам сортавыпрабавальнай станцыі.

Энергічныя, таленавітыя, яны спяваюць, танцуюць, удзельнічаюць у КВЗ, спартыўных спаборніцтвах. Іван Тупека і Кірыл Гапоненка іграюць у народным ансамблі “Нясвіжскі лыжкары”. Паўналетнія Маргарыта Радкевіч і Кірыл Гапоненка  нават сталі донарамі, упершыню. Я сама з’яўляюся Ганаровым донарам Рэспублікі Беларусь, і мае паўналетнія выхаванцы выказалі жаданне быць імі. Іншыя таксама  чакаюць свайго 18-годдзя, каб стаць донарамі, выратоўваць жыцці людзей.

Вось такія яны, байцы атрадаў “Агра Пазітыў” і “Агра Плюс”.

 

Каментарый

Аляксандра КРУГЛІКА,

начальніка аддзела

ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі раённага выканаўчага камітэта:

— На аснове Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”, у красавіку 2016 года выйшла распараджэнне  старшыні Нясвіжскага райвыканкама Івана Іванавіча Крупко “Аб стварэнні  раённага аператыўнага штаба студэнцкіх атрадаў”.

У склад штаба ўвайшлі прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых ведамстваў і структур. Узначальвае яго намеснік  старшыні  райвыканкама  Аляксандр Іванавіч Майсеня.

Дзейнасць студэнцкіх атрадаў — гэта адзін са шляхоў выхавання ў моладзі пачуцця калектывізму, адказнасці за даручаную справу, гэта  шлях сталення маладых грамадзян. Іх работа  запатрабавана, яна прыносіць плён, таму і працуюць юнакі і дзяўчаты з “агеньчыкам”, з запалам.

Нагадаю: педагагічны атрад Нясвіжскага каледжа імя Якуба Коласа пастаянна заяўляў пра сябе  дастойна, аўтарытэтна. А сёлета дэбютавалі два  сельскагаспадарчыя атрады. Гэта  заслугоўвае ўвагі і павагі. Навучэнцы каледжа заўсёды  аказвалі гаспадаркам дапамогу на сельгасработах. Стварэнне  атрадаў узняло гэту планку, дабавіла адказнасці.

Застаецца пажадаць ініцыятыве добрага шляху!

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота прадастаўлена Нясвіжскім

дзяржаўным каледжам 

імя Якуба Коласа.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.