Жыццё — не чарнавік, нанова не напішаш

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

На мінулым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх было разгледжана 9 спраў, пяць з якіх тычылася з’яўлення непаўналетніх у нецвярозым стане ў грамадскіх месцах або распіцця спіртных напояў там жа, адна — аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце хуліганства і тры — аб прамежкавых выніках выканання індывідуальных планаў абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, прызнаных патрабуючымі дзяржаўнай абароны і адабраных у бацькоў згодна з Дэкрэтам №18.

Першай разглядалася справа 17-гадовага жыхара аграгарадка Заазер’е, які распіваў піва каля аднаго з нясвіжскіх кафэ. Паколькі яму больш за 16 гадоў і ён ужо працуе, справа была заведзена менавіта на яго і дзве базавыя велічыні штрафу з васьмі магчымых, якія былі прысуджаны камісіяй, ён заплаціць са сваёй зар-платы. Гэты відны, знешне, можна сказаць, нават прыгожы хлопец, ужо і раней вызначаўся зусім непрыгожымі справамі: у яго “паслужным спісе” — кража колаў з легкавога аўтамабіля, якую ён у больш юным узросце здзейсніў разам з іншымі такімі ж аматарамі небяспечных прыгод, і вось зараз ізноў трапіў у поле зроку міліцыі, забаўляючыся са спіртным. Штраф у дзве базавыя велічыні можна палічыць даволі мяккім пакараннем, але ці зробіць з гуманнасці камісіі належныя вывады гэты малады чалавек, пакажа час. Услед разглядаўся яго 15-гадовы аднавясковец, навучэнец Клецкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя, які разам з ім распіваў піва каля таго ж самага кафэ. Тут да артыкула адмі-ністратыўнага Кодэкса, што рэгламентуе адказнасць за з’яўленне ці знаходжанне ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы, дабавіўся і артыкул за невыкананне бацькамі або асобамі, якія іх замяняюць, абавязкаў па выхаванні непаўналетніх, таму што падлетак быў затрыманы на вуліцы пасля 23.00. Улічваючы чыстасардэчнае раскаянне хлопца і тое, што ён раней не трапляў на камісію, яго бацькі атрымалі штраф у дзве базавыя велічыні за першае правапарушэнне і папярэджанне — за другое.

Наступныя дзве справы тычыліся адзінаццацікласнікаў Нясвіж-скай СШ №1, якіх нарад міліцыі застаў на адной з вуліц Нясвіжа ў нецвярозым стане. Пра іх прадстаўнікі школы і грамадскасці не маглі сказаць ніводнага дрэннага слова. Адзін з іх, жыхар вёскі Рудаўка, нават збіраўся паступаць у Маскоўскае лётнае вучылішча, і вось з-за незразумелай ні бацькам, ні настаўнікам лёгкадумнасці страціў права паступлення ў ВНУ сілавых структур і закрыў сабе дарогу ў ваенныя, міліцыянеры ці выратавальнікі. Шкада? Вядома. Але закон ёсць закон, і слёзы маці, тут, напэўна, з’яўляюцца куды больш цяжкім пакараннем, чым дзве базавыя велічыні штрафу, прысуджаныя абодвум хлопцам, другі з якіх, несвіжанін, яшчэ, дарэчы, і не вызначыўся, з якой прафесіяй звяжа свой лёс, хаця час ужо падціскае.

Моцна выбілася з шэрагу астатніх апошняя справа з гэтай жа катэгорыі. Тут таксама ішла размова пра з’яўленне ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы. Толькі гэтым месцам аказалася не вулі-ца, не падваротня ці які-небудзь вугал за кафэ, а… школа. Так,     17-гадовы жыхар аграгарадка Юшавічы, якога, увайшоўшы ў яго складанае жыццёвае становішча, у 2017 годзе прыняла СШ №3 г. Нясвіжа, вось так “аддзячыў” школе за разуменне і ўвагу. Прыйшоў на ўрокі ў стане, які выклікаў сапраўдны шок і ў настаўнікаў, і ў вучняў. Аналіз паказаў 1,24 праміле алкаголю ў крыві, або 3,4 — у выдыхаемым паветры. “Цэлую ноч адзначаў дзень нараджэння сябра, не помню, якога”, — прыкладна так гучала яго тлумачэнне. Маці хлопца была ў свой час пазбаўлена бацькоўскіх правоў, ад бацькі, з якім ён жыве і які прыйшоў разам з ім на камісію, адчуваўся пах “перагару” пасля ўчарашняга. Наіўнае пытанне — што можна чакаць ад чалавека, які рос, не ведаючы ні ласкі маці, ні добрага прыкладу бацькі, але наглядна назіраючы, што ў свеце ЯГО дарослых спіртное рашае ўсе праблемы? Выслухоўваючы пытанні членаў камісіі, у якіх былі змешаны і справядлівае абурэнне, і шкадаванне, некаторы час спрабаваў бравіраваць сваёй псеўдасмеласцю, але ў рэшце рэшт на пытанне: “Што ты выбіраеш сам — лячэнне ў спецыялізаванай клініцы ці адпраўку ў спецустанову?” — адказаў, апусціўшы галаву: “Буду лячыцца”. Што ж, дай Бог, як кажуць. Час пакажа, ці здолее спыніцца ў сваім разгоне ўніз, па нахільнай, гэты зусім яшчэ юны, але ўжо перапоўнены праблемамі чалавек.

Пасля “алкагольных” спраў было разгледжана пастанаўленне аб узбуджэнні крымінальнай справы па ч.2 арт.339 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь у адносінах да 16-гадовага жыхара вёскі Малева, навучэнца Капыльскага дзяржаўнага каледжа. У апошні вечар верасня разам з сябрам з Расійскай Федэрацыі ён у нецвярозым стане паразбіваў кулакамі сэндвіч-панэлі на дзвярах кабінак у туалеце аднаго з нясвіжскіх кафэ, учыніўшы гэтым немалую шкоду ўстанове. На жаль, сам ён ніякіх тлумачэнняў па гэтаму выпадку даць не мог, таму што, па словах маці, не паспяваў даехаць з каледжа ў Нясвіж, аднак тое, што на адну крымінальную справу сярод непаўналетніх у раёне стала больш — гэта, вядома, вельмі прыкра, балюча і, ўрэшце рэшт, проста страшна не толькі для родных “гора-ваякі”, але і для ўсіх нас. Сёння яму трапіла пад гарачую руку панэль на дзвярах, а заўтра — чалавек, які таксама будзе незразумела ў чым вінаваты?.. Вядома, агрэсія не ўзнікае без прычыны, але каб усвядоміць, прызнаць і прыняць са свайго жыцця гэтыя прычыны, патрэбна пэўная псіхалагічная культура. Дайсці да яе вельмі няпроста, аднак, згадзіцеся, выбар невялікі — або вучымся новаму і ствараем, або дэградуем і разбураем.

Заключным этапам работы камісіі стаў разгляд стану спраў у трох сем’ях — з пяццю, чатырма і трыма дзецьмі, — дзе непаўналетнія былі адабраны згодна з Дэкрэтам №18. Тут парадавала тое, што ўсе яны — хто ў большым аб’ёме, хто ў меншым, але ўжо зрабілі пэўныя захады, каб атрымаць назад сваіх дзяцей. У гэтых людзей яшчэ ёсць усе шансы вярнуць у свае сем’і радасць і любоў. І яны над гэтым працуюць. А за тым, як у іх гэта будзе атрымлівацца, пільна сочаць адпаведныя службы. І мы вам аб гэтым абавязкова раскажам у наступных рэпартажах з пасяджэнняў раённай камісіі па справах непаўналетніх.

“НН”.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.