Аб новай рэдакцыі Дэкрэта № 3

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Новая рэдакцыя Дэкрэта нумар 3 павінна быць прыземленай і збалансаванай. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе аб праектах прававых актаў, накіраваных на развіццё рэальнага сектара эканомікі, навуковай дзейнасці і забеспячэнне занятасці насельніцтва. «Асабліва грунтоўна трэба абмеркаваць прапановы ўрада па забеспячэнні занятасці насельніцтва. Я абяцаў, што да канца гэтага года мы распрацуем і прымем дэкрэт Прэзідэнта, які будзе развіваць вядомы дэкрэт нумар 3. Мы з вамі тады дамовіліся, каб нас не крытыкавалі і не называлі рэтраградамі, мы павінны дапрацаваць гэты праект з улікам тых недахопаў і, магчыма, памылак, якія былі дапушчаны пры распрацоўцы дэкрэта нумар 3, зрабіць яго прыземленым», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэты дакумент павінен быць збалансаваным. «З аднаго боку — даць людзям магчымасць працаўладкавацца, з іншага — прымусіць працаваць тых, хто сёння можа, але не хоча, — растлумачыў Прэзідэнт. — Другое канцэптуальнае патрабаванне: не мы адсюль, з цэнтра, павінны адшукваць гэтых непрацуючых людзей і прымяняць да іх меры. Яны жывуць у канкрэтных гарадах, канкрэтных вёсках, і там ёсць органы ўлады, якія разбяруцца, можа чалавек працаваць, не можа, трапіў ён у цяжкую сітуацыю ці не трапіў».

Аляксандр Лукашэнка перакананы: калі чалавек трапіў у цяжкую сітуацыю, яго трэба падтрымаць, а калі ён сапраўды дармаед, значыць, яго трэба прымусіць працаваць. «І гэтым будуць займацца мясцовыя органы ўлады. Мы ім павінны стварыць прававы калідор, як юрысты кажуць, прававое поле», — адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт пацікавіўся ў распрацоўшчыкаў дакумента і членаў урада, ці рэалізаваны ў новай рэдакцыі дэкрэта гэтыя канцэптуальныя патрабаванні.

Міхаіл МАЦІЕЎСКІ,

blr.belta.by

 

Падпісаны Дэкрэт

“Аб развіцці лічбавай эканомікі”

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт «Аб развіцці лічбавай эканомікі». Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы паведаміў на сустрэчы з прадстаўнікамі дзелавых колаў. Паводле слоў Прэзідэнта, галоўная мэта дакумента — стварыць такія ўмовы, каб сусветныя IT-кампаніі прыходзілі ў Беларусь, адкрывалі свае прадстаўніцтвы, цэнтры распрацовак і стваралі запатрабаваны ў свеце прадукт. «Другая мэта дэкрэта — інвестыцыі ў будучае. Гэта IT-кадры і адукацыя. Трэцяя — укараненне найноўшых фінансавых інструментаў і тэхналогій. Вядучыя эканомікі свету яшчэ толькі прыглядаюцца да гэтай новай з’явы. Беларусь становіцца фактычна першай у свеце дзяржавай, якая адкрывае шырокія магчымасці для выкарыстання тэхналогіі блокчэйн. У нас ёсць усе шанцы стаць рэгіянальным цэнтрам кампетэнцый у гэтай галіне», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ён падтрымаў усе прапановы прадпрымальнікаў, якія складаныя тэмы яны ні закраналі б. «Ёсць у нас прагрэсіў-ныя людзі, якія падумалі ўжо, як гэтым займацца. Я падумаў так: у нас сёння гэтага няма, калі нешта будзе добрае — у плюс, калі будзе ў мінус — я ведаю, з каго патрабаваць», — сказаў ён. Больш таго, заўважыў Прэзідэнт, з прыняццем дэкрэта ў Беларусі не толькі будуць створаны ўмовы для развіцця IT-сферы, але і набыты ўнікальныя канкурэнтныя перавагі для прыцягнення тэхналогій, капіталаў і, галоўнае, разумных і таленавітых людзей з усяго свету. «Гэты дэкрэт разам з пакетам прынятых рашэнняў для бізнесу павінен даць Беларусі магчымасць стаць на шлях апераджальнага развіцця», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Міхаіл Маціеўскі,
blr.belta.by

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.