Меню
Курс $  3.26 | €  3.55 | ₽100  3.53 |
Погода 7 °C

Дэкарацыі з родных пагоркаў

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 2 0

15 снежня спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння нашага земляка, заслужанага дзеяча  культуры, мастака Яўгена Ждана. Шчымліва ўсведамляць, што высокі юбілей супадае з журботна-развітальнай рыскай жыццёвага шляху Яўгена Іванавіча — першай гадавінай ягонай смерці. Два, такія розныя, снежаньскія дні. Здагадваюся, нават чую голас мастака, які з гэткай нагоды па-філасофску, глыбока ўверавана ды спакойна кажа пра спасланы Божы знак. Уважым ды ўдзячна паслухаем: Яўген Іванавіч  не праміне ўспомніць сваіх сноўскіх дзядоў-прадзедаў, пасведчыць іх досведам — на ўсім Божы знак, схаваная таямніца вялікай нябеснай волі і абавязкова — высока-спагадлівае спрыянне зямным чалавечым клопатам.



Штодзённым клопатам мастака былі ягоныя творы, дэкарацыі, карціны-малюнкі, роздум каля мальберта з нязменным позіркам на сцежкі малой радзімы, на родны дзедаўскі кут, на Верамецкі пагорак.

Клопатны, мудры абсяг яго творчасці сёння спрабуем спасцігнуць і мы, ягоныя нашчадкі, кіруючыся знакамі ўдзячнай памяці пра земляка.

Яўген Ждан у сваёй
мінскай кватэры. Верасень 2014. Публікуецца ўпершыню

Роднае ўлонне. Вытокі

З багатай творчай спадчыны Яўгена Іванавіча выбіраю невялікі памерам сціплы сюжэт-краявід. Гэта ён, “Верамецкі пагорак”. Тут, на гэтым месцы, любіў запыняцца мастак, углядаючыся ў роднае наваколле, нярэдка — залятаючы сюды ў сваіх снах і ўспамінах…

Заслужаны дзеяч культуры Беларусі, першы лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне”, ганаровы грамадзянін Нясвіжа мастак Яўген Ждан нарадзіўся і  гадаваўся ў маленькай вёсцы Тарэйкі, што непадалёк ад Снова, дакладней,  на  тарэйкаўскім хутары. Яго песцілі-даглядалі маці ды  дзед з бабуляй.

Хутарское жыццё адметнае: тут чалавек сам-насам з прыродай — садам і  полем, сонцам і жаваранкамі, ветрам і воблакамі; усё гэта таксама  і гадавала, і вучыла, і выхоўвала. Прой-дзе дзень — і нічога, апроч  нябесна-зямнога прастору ды яшчэ самых родных людзей, не ўбачыш і не пачуеш. Але хіба гэтага мала! Таму і не было адчування адзіноты, наадварот, чалавек пачуваў цёплую далучанасць як да зямлі, так і да ўсясвету, космасу, Нябеснага валадарства. Ужо ў сталым  веку мастак выкажа такое прызнанне-ўспамін: “Сусвет мяне пакарыў. Я заўжды ў трапяткім захапленні перад Ягонай вышняй красою, рухам-стыхіяй. Гэта пачуцці сэрца, душы. І нязменна — адчуванні рукі, у якой мае фарбы”.

Фарбы для ўнука

Адчуванні рукі прыйдуць крыху пазней. А зараз з тарэйкаў- скага пагорка  ўвачавідкі паўставаў і блізкі  людскі  свет, які захапляў “рухам-стыхіяй” не менш, чым свет навакольна-прыродны. Дзядуля меў шырокія стасункі, часта выпраўляўся ў Нясвіж і далей, прывозіў розныя прылады, начынне, а праз год-другі — і фарбы для здольнага ўнука. Перападала з дзедавага воза і цікавых сноўска-нясвіжскіх гавэндаў, так бы мовіць, інфармацыйных гасцінцаў: прымавак, прыказак, показак.

А яшчэ быў зусім свойскі свет бабуліных абразоў, матчыных выцінанак, гаспадарліва абладжанага дзедавага падворка. Няма сумнення, што  адтуль, з тарэйкаўскага хутара, яго самадастатковасці і самастойнасці — грані натхнення майстра. Адтуль, не прымяншаючы ролі “шкалярства” ды вывучкі, прыйшлі ў свет мастацкіх вобразаў і волатаўскі дух краявідаў, і філасафічнасць графікі, і жаночыя станы-абліччы, і годныя постаці беларускага сялян-скага свету ды яшчэ глыбокі і ўсяісны грунт хрысціян-скай веры. Прытульнае, добрае святло хутара праменіла, сілкуючы творчасць, заставалася трывалым падмуркам для жыцця, мастакоўскіх перакананняў.

“Тарэйкаўская мадонна.
Памяці мамы Надзеі Іосіфаўны”

Святло

дабрачыннасці

Сёння ў Вялікай выставачнай зале Ждана — будзем гаварыць і так, маючы на ўвазе ўмоўную галерэю твораў, якія мастак перадаў розным асяродкам культуры, найперш Нясвіжчыны, а гэта сотні разнажанравых твораў — бачыцца не толькі шматграннасць спадчыны майстра, але паслядоўнасць і няўрымслівасць чалавека, які трымаў абавязак за свой, Богам дадзены, талент. Як ніводзін з мастакоў, Яўген Ждан падаваў бліскучы прыклад, ажыццяўляў дабрачынную місію: больш за 200 работ падараваныя аднаму толькі Нясвіжу! Кажу пра гэта і з адчуваннем праблемы: многія  работы яшчэ не дачакаліся мастацтвазнаўцаў,   удзячных прыхільнікаў і знаўцаў-цаніцеляў — каб асэнсаваць каштоўнасці, зрабіць  хоць бы беглы кароткі аналіз-прэзентацыю. У нечым мастак апярэджваў час, жыццё, культурнае грамадства. Але, разам з тым, — і падахвочваў, мабілізоўваў, прыспешваў: даробак-спадчыну трэба асвойваць, набліжаць да гледача, весці “ў людзі”, паказваць, а не кансерваваць у музейных запасніках.

Што праўда, пры жыцці Яўгену Ждану не даводзілася наракаць на недахоп увагі: ён часта паказваўся і ў Нясвіжы, і на рэспубліканскіх пляцоўках. Маё знаёмства з земляком акурат і адбылося, дзякуючы аднаму з першых вернісажаў у раённым гісторыка-краязнаўчым музеі. Скажу больш: з гэтай сустрэчы пачалося маё асабістае краязнаўчае асваенне ягонай спадчыны — найперш спадабаліся творы, прысвечаныя Нясвіжчыне і повязі з Бацькаўшчынай, —“Аўтапартрэт у капелюшы”, “Адпачынак у Тарэйках”, “Сноўскі кірмаш”, “Калядная ноч”, “Хвост паўліна” ды іншыя.

“Вясновы букет”

Знакавая

сустрэча

Вяртаюся на Верамецкі пагорак…

Вытокі мастака былі і застаюцца для яго шмат у чым паказальна-сакральнымі. Адслужыўшы больш як паўсотні гадоў у “гарачым цэху” мастацтва, Яўген Ждан не спрацаваўся, не выгараў — і не жадаў адпачынку. Яго адчуванні былі па-юначаму свежыя, натхненне шматграннае, фантазія неўтаймоўная, задумы дзёрзкія, вока пільнае, рука адказная. На аркушах паперы, на эцюдніку і мальберце новыя і новыя сюжэты, серыі, цыклы, тэматыка якіх карэнілася ў Нясвіжы, у гісторыі краю, у свеце сноў і ўспамінаў.

З гэтай увагі гадоў колькі таму наведала радзіму Я. Ждана — вёску Тарэйкі, каб уявіць хутар на ўзгорку ды на свае вочы ўбачыць гарызонты ягонай будучыні. Мне лёгка прымроіўся дзень, як ён, пастушок, з алоўкам ды шматком паперы, сустрэўся ў полі, непадалёк сядзібы Верамецкіх (адсюль і назва пагорка), з мастаком Міхалам Сеўруком — на той час вядомым майстрам, жы-   вапісцам і графікам, педагогам. Адгарнуў свае “альбомы”, паказаў дзядзьку Міхалу. І ўпершыню пачуў ягонае “нядрэнна, нядрэнна”. Затым браў у майстра ўрокі, выходзіў у свет з ягонымі парадамі і блаславеннем. Ці не адтуль смеласць, упэўненасць, творчая дзёрзкасць, стылістычная разнастайнасць у ягонай творчасці? І нястомнасць, жаданне жыць пры мальберце, з эцюднікам, фарбамі, алоўкамі і паперай — жыць, штодня ствараючы? Падаецца, усё адтуль, з тых, яскрава завоблачных, гарызонтаў.

Грані

натхнення

Апошняя прыжыццёвая выстава адбылася ў Нацыя-нальным гістарычным  музеі і адзначана фенаменальна працяглым адрэзкам часу — больш за тры месяцы. І называлася яна “Грані натхнення”. Дакладна ведаю ад супрацоўнікаў музея, што асаблівае ўражанне выстава зрабіла на моладзь —  школьнікаў, удзельнікаў студый, навучэнцаў каледжаў…

Мастак, на маю думку, вельмі блізкі па духу гэтаму пакаленню, найперш — тым няўрымслівым трапяткім натурам, хто шукае сябе, спрабуе самастойна адчуць і спасцігнуць свае карані, свой, беларускі свет, замацаваць яго ў дасканалых мастацкіх вобразах.  Для Яўгена Ждана гэты свет такі моцны, трывалы, такая няўкорная яго сіла — аснова-падмурак, што ні гады сталічнай вучобы, ні дзесяцігоддзі багемнага жыцця, ні праца ў галоўным тэатры краіны (оперы і балета), ні тым больш грамадска-палітычныя ўзрушэнні не пахіснулі яго — ён, гэты свет, з ільнянымі перавясламі, ветракамі на пагорках, ручнікамі на крыжах, ценямі продкаў, мо, часам і мімаволі аўтара, заўжды і нязменна сваім таемна-дзівосным ходам праточваецца ў творы. Свет — праўдзівы і вечны, як жыццё і Радзіма, як Дзесяць запаведзей на скрыжалях.

Услед за Марай?..

Далёка не ўсе ведаюць, што апошнія гады жыцця Яўген Іванавіч бачыў сябе на роднай Нясвіжчыне, марыў-планаваў пераехаць сюды жыць і працаваць, не адрываючыся ад мальберта, заснаваць у Нясвіжы невялікую арт-галерэю ў адным з гістарычных будынкаў… Мастак меў пільны клопат і пра сваю “хатнюю” калекцыю твораў, зрабіў адмысловую заяву, у якой сярод іншага  напісаў, маючы на ўвазе свой творчы здабытак апошніх гадоў: “Сам я ўжо наўрад ці змагу перагледзець, сістэматызаваць, асэнсаваць увесь назапашаны матэрыял для яго далейшага скарыстання. Мне ўяўляецца важным і актуальным асваенне гэтай часткі спадчыны тымі, хто ў гэтым шчыра зацікаўлены, мае эстэтычны густ, валодае адпаведнымі навыкамі і хто засведчыў свае добрыя адносіны да маёй творчасці. (…) Выключна важна, што ў Снове дзейнічае мая прыватная кватэра-музей, і гарадская калекцыя магла б стаць дапаўненнем да яе”.

На жаль, хвароба і раптоўная смерць не далі ажыццявіць задуманае. Мастак памёр у прыватным прытулку на Валожыншчыне. Некаторыя рэчы, якія ён называў “гарадской калекцыяй”, неўзабаве былі перададзены ў Сноў, у “Галерэю Яўгена Ждана”, якой па-ранейшаму апякуецца мясцовае сельгаспрадпрыемства. Тут, на сноўскіх могілках, побач з маці На-дзеяй Іосіфаўнай, летась і быў пахаваны мастак. Яго апошняе зямное месца і Верамецкі пагорак падзяляюць лічаныя кіламетры.

Наталля ПЛАКСА,

краязнаўца.

Фота з архіва аўтара.

2 комментария

2 комментария

  1. wiktoria:

    Zawsze zadziwiają mnie teksty pani Natalii Płaksa i choć trudno mi jest je czytać,ponieważ nigdy nie uczyłam się języka białoruskiego, to po wielu ,wielu powrotach do tego artykułu, zaczynam wczuwać się w klimat i bogactwo słów. Doprawdy, Ziemia Nieświeska ma szczęście do utalentowanych Ludzi Sztuki i nie tylko.Wspomnienie o malarzu Eugeniju Żdanu odbieram jako piękną liryczną opowieść osobistej znajomości i wędrówki śladami Artysty-nawet nie znając twórczości Malarza, obrazy przedstawione przez p. Natalię jak żywe przesuwają się przed oczami. Dziękuje Pani Natalio.
    Wiktoria Żukiewicz, Świnoujście, Polska

  2. Відамля:

    Чорна-белыя рэпрадукцыі не робяць гонару публікацыі. Ды і наогул мала карцін. А тэкст надзвычай цікавы, даволі грунтоўны і шчыры. Рэспект аўтарцы.

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!