Меню
Курс $  3.27 | €  3.48 | ₽100  3.51 |
Погода 11 °C

Марыя Худая: “Як шмат зрабілі людзі!”

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

Пост опубликован: 29.12.2017

Адна з тых, хто ўнёс вялікі ўклад у развіццё

Нясвіжскага раёна і Мінскай вобласці,  — ганаровы грамадзянін горада Нясвіжа і Мінскай вобласці Марыя Мікалаеўна Худая,

кавалер ордэнаў “Знак Пашаны” (1971 г.),

Працоўнага Чырвонага Сцяга (1975 г.), Дружбы народаў (1981г.), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1988 г.) і Пашаны (2008 г.),

ганаровы  эколаг Беларусі —



гэтае званне ёй было прысвоена ў 2012 годзе.

Працы на Нясвіжчыне яна прысвяціла 30 гадоў жыцця.

На кожнай сваёй пасадзе Марыя Мікалаеўна 

глыбока ўнікала ў сутнасць пытанняў, вырашала праблемы,

даводзіла пачатую справу да канца. Стаўшы кіраўніком,

вучыла гэтаму і патрабавала таго ж  ад сваіх падначаленых.

Марыя Мікалаеўна Худая, ганаровы грамадзянін горада Нясвіжа і Мінскай вобласці, ветэран працы

Пачынала яна ў далёкім  1959-м, пасля заканчэння Лідскага сельскагаспадарчага тэхнікума. На працу яе накіравалі ў калгас  “Ленінскі шлях” Нясвіжскага раёна. Была галоўным бухгалтарам, галоўным эканамістам, з’яўлялася адначасова намеснікам старшыні калгаса і сакратаром партыйнай арганізацыі. Вышэйшую адукацыю набывала завочна — у Беларускай  сельгасакадэміі, Маскоўскай сельгасакадэміі імя Ціміразева, Мінскай вышэйшай партыйнай школе.

З 1977 года яна — старшыня калгаса “1 Мая”. З верасня 1979 года — начальнік райсельгасупраўлення. Са студзеня 1981 года — старшыня выканкама  Нясвіж-скага раённага Савета народных дэпутатаў. У снежні 1983 г. стала першым сакратаром раённага камітэта  Камуністычнай партыі Беларусі.

3 лістапада 1988 г. да лютага 1996 г. Марыя Худая ўзначальвала Мінскі абласны камітэт па экалогіі. Яна выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 8-га і 13-га скліканняў і тры скліканні — дэпутатам Палаты прадстаў-нікоў Нацыянальнага  сходу Рэспублікі Беларусь.

З 2008 года Марыя Мікалаеўна Худая з’яўляецца  старшынёй Мінскага абласнога каардынацыйнага  савета грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый,  у 2007 — 2017 гадах была  першым сакратаром Мінскага абкама КПБ.

Як старшынёй калгаса Марыя Мікалаеўна ведала, дзе, што і як у ім робіцца, так і, стаўшы начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама, пасля — кіраўніком раёна, дасканала ведала, што робіцца на яго тэрыторыі. Яна ўставала рана, садзілася за руль УАЗіка і аб’язджала  палі і фермы,  наведвалася да кіраўнікоў гаспадарак. Абмяркоў-валі праблемы, прымалі нейкія захады для іх вырашэння. Яна ніколі не была кабінетным работнікам, заўсёды — у гушчы народа. Шмат надавала ўвагі дакладнай і зладжанай рабоце ўсіх звенняў раённага апарату, яго ўплыву на развіццё эканомікі, вырашэнне сацыяльных пытанняў.

— Мы праводзілі вялікую работу па павышэнні ўрадлівасці глебы і ўраджайнасці сельгаскультур, — расказвае Марыя Мікалаеўна. — Асаблівую ўвагу звярталі на вырошчванне цукровых буракоў, таму што на тэрыторыі раёна дзейнічаў Гарадзейскі цукровы камбінат і яго трэба было забяспечваць сыравінай. Пасля ачысткі нясвіжскіх радзі-вілаўскіх сажалак з іх на палі калгасаў і саўгасаў вывезлі велізарную колькасць  сапрапелю, а гэта было добрае ўгнаенне для глебы. Старанні акупіліся. У 1987 годзе хлебаробы раёна сабралі па 53,1 цэнтнера збожжа з гектара — такога не меў ні адзін раён рэспублікі. Нясвіжчына і цяпер трымае першынство ў вобласці  па выхадзе збожжа з аднаго гектара. І гэта радуе. Гэтыя і іншыя дасягненні былі атрыманы, дзякуючы пастаяннаму падбору і вучобе кадраў. Два гады запар мы вазілі ўсіх кіраў-нікоў і спецыялістаў у Гродзенскі раён пераймаць вопыт.

Шмат зрабіла М.М. Худая, узначальваючы прыродаахоўную службу Мінскай вобласці. Яна фактычна стаяла ля вытокаў фарміравання экалагічнага фонду, які спачатку  ствараўся на добраахвотнай аснове, а потым быў  уведзены ў краіне ў ранг падатку. Дзякуючы гэтаму, у нашым раёне, як і ў цэлым у рэспубліцы, былі вырашаны многія праблемы. За сродкі, адлічаныя ў фонд, будаваліся водазаборы, ствараліся палігоны ТБА, сістэмы ачысткі выкідаў у паветра прамысловымі  прадпрыемствамі. Пачалася рэкультывацыя адпрацаваных кар’ераў. Прадпрыемствы і арганізацыі добраўпарадкавалі тэрыторыі, ажыццяўлялі праекты па азеляненні. У Нясвіжы адбылася рэканструкцыя гарадскога парка і ачышчальных збудаванняў.  Большую ўвагу пачалі звяртаць на якасць пітной вады. Для яе ачысткі ў школах і дзіцячых садах Нясвіжчыны былі  пастаўлены дадатковыя  фільтры. А гэта ж — клопат пра здароўе людзей, пра  здароўе падрастаючага пакалення.

1987 год. Першы сакратар Нясвіжскага райкама
КПБ Марыя Худая падчас сустрэчы дэлегацыі
ў калгасе імя Калініна (вёска Сноў)

Стаўшы дэпутатам Палаты  прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і працуючы на пастаяннай аснове намеснікам старшыні камісіі па праблемах чарнобыльскай катастрофы, экалогіі і прыродакарыстанні, яна  ўносіла своечасовыя і абгрунтаваныя прапановы пры распрацоўцы і прыняцці праектаў законаў.

Акрамя таго, яна з’яўлялася старшынёй пастаяннай камісіі  Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і ліквідацыі наступстваў аварый.

Дзякуючы энтузіязму, актыўнасці, нераўнадушшу Марыі  Мікалаеўны, яе ўменню з усімі знайсці агульную мову, у Мінскай вобласці пачалі праводзіць дзіцячыя экалагічныя форумы. Пасля форум узняўся і на рэспубліканскі ўзровень. Прапаганда экалагічнага выхавання набывала ўсё большы размах.

Добрай традыцыяй стала падчас форумаў пасадка алей, сквераў і паркаў да юбілейных дат у гісторыі Беларусі. Напрыклад, ля Кургана Славы былі пасаджаны дрэвы ў гонар Герояў Савецкага Саюза і Герояў Сацыялістычнай Працы, жыхароў Мінскай вобласці. У Маладзечне ў парку Перамогі М.М. Худая пасадзіла дрэва Дружбы, Міру і Згоды. А колькі ўсяго дрэў  пасаджана ёю ў раёнах Міншчыны! Выхоўваць высокую  экалагічную культуру ў моладзі, у прыватнасці, і ў насельніцтва ў цэлым — такую мэту яна ставіла і ажыццяўляла яе.

Заснавала пераходны прыз  “Экалагічны глобус Худой Марыі Мікалаеўны” для лепшай  аргані-зацыі Нясвіжчыны па прапагандзе экалагічных ведаў, за ўласныя сродкі заказаўшы хрустальны глобус на Барысаўскім хрустальным заводзе. А Нясвіжская раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя  і аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама распрацавалі Палажэнне аб “Экалагічным глобусе”.

Будучы дэпутатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Марыя Мікалаеўна шмат  рабіла для простых людзей. Да яе на прыём прыходзілі з самымі рознымі праблемамі, просьбамі, пытаннямі. І яна кожнага старалася падтрымаць, па магчымасці дапамагчы. Яе можна было бачыць і ў працоўных калектывах, і сярод дзяцей на навагодніх ранішніках, з роднымі загінуўшых воінаў-афганцаў і мамамі дзетак-інвалідаў. Яна з радасцю сустракалася і з ветэранамі, і з прадстаўнікамі маладога пакалення.

Першым настаўнікам на самастойным працоўным шляху Марыі Худой  быў старшыня калгаса “Ленінскі шлях” У.А. Дзідзевіч. Ён дапамагаў маладому спецыялісту. Пра што Марыя Мікалаеўна і цяпер успамінае з удзячнасцю.

— Галоўныя мае настаўнікі і аднадумцы — гэта кіраўнікі рэспубліканскага і абласнога ўзроўню: Пётр Міронавіч Машэраў, 100-годдзе якога будзем адзначаць 26 лютага 2018 года, — гэта чалавек, якога цэніць, паважае і памятае ўвесь беларускі народ; далей — Іван Яўсеевіч Палякоў, Уладзімір Андрэевіч Мікуліч, Анатолій Аляксандравіч Малафееў, Мікалай Андрэевіч Сухій,  Сяргей Сцяпанавіч Лінг, Альфонс Ільіч Цішкевіч, Пётр Пятровіч Пётух, Мікалай Фёдаравіч Дамашкевіч, Леанід Фёдаравіч Крупец, Барыс Васільевіч Батура, Сямён Барысавіч Шапіра, — працягвае Марыя Мікалаеўна. — А на Нясвіжчыне колькі было выдатных людзей — маіх настаўнікаў, старэйшых таварышаў, памочнікаў, аднадумцаў. Хочацца ўспомніць Анатолія Міхайлавіча Фаміча, які працаваў першым сакратаром РК КПБ у 1958 — 1961 гадах. А як шмат зрабіў для раёна першы сакратар райкама партыі ў 1976 — 1981 гадах Мяфодзій Мікалаевіч Бандарчык! Ён умела вырашаў  эканамічныя задачы. Дзякуючы яго намаганням, была пабудавана аб’язная дарога вакол Нясвіжа, горад разгрузілі ад лішняга транспарту, пазбавілі ад забруджанасці. Я за гэта яму вельмі ўдзячна, ды і ўсе жыхары райцэнтра, упэўнена, — таксама.

У пытаннях патрыятычнага і ідэалагічнага выхавання галоўным маім настаўнікам з’яўлялася Марыя Аляксандраўна Бабіч.

У гады маёй працы ў раёне было многа таленавітых, творчых кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый і калгасаў. У першую чаргу трэба назваць Рыгора Міхайлавіча Лазара, які вывеў Нясвіжскую райсельгастэхніку ў лепшыя ў СССР. Яна была ўзнагароджана ордэнам Леніна (мне казалі, адзіная ў Саюзе ў сваёй сістэме), чатыры разы занесена на Усесаюзную Дошку Гонару на ВДНГ СССР. Рыгор Міхайлавіч паспяхова вырашаў як вытворчыя, так і сацыяльныя пытанні. Яго плённая праца была адзначана  ордэнамі “Знак Пашаны”, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга і ордэнам Леніна.

Прыкметны ўклад у развіццё раёна зрабіў і кіраўнік міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі Міхаіл Ігнацьевіч Карвіга, кавалер ордэна Кастрычніцкай Рэвалюцыі.

Нясвіжская зямля ганарыцца Героямі Сацыялістычнай Працы старшынёй калгаса імя Калініна Якавам Васільевічам Аляксанкіным, свінаркай гэтай жа гаспадаркі Аленай Андрэеўнай Сцепановіч і слесарам райсельгастэхнікі Мікалаем Мікалаевічам Германам, Героем Беларусі Міхаілам Аляксандравічам Карчмітам, старшынёй агракамбіната “Сноў”. Далёка за межамі раёна было вядома імя  былога старшыні калгаса “Новае жыццё” Міхаіла Ва-сільевіча Саленіка, кавалера  ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Многа сіл і вопыту ўклалі ў свой час у развіццё сваіх прадпрыемстваў і раёна былы дырэктар ААТ “Гарадзейскі  цукровы камбінат”, заслужаны работнік прамысловасці Беларусі, кавалер ордэнаў імя Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга Аляксандр Георгіевіч Максімовіч, былы дырэктар Нясвіжскага завода кармавога біяміцыну, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Якаў Паўлавіч Случак, былы дырэктар Нясвіжскага дзяржплемпрадпрыемства  Міхаіл Уладзіміравіч  Сарычаў, былы дырэктар ААТ “Нясвіжскія Астроўкі”, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі Людміла Георгіеўна Гутнік, слесар раённага аб’яднання “Сельгастэхніка”, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, кавалер ордэна “Знак Пашаны” Міхаіл Міхайлавіч Чырко, які працягвае працу ў сваім калектыве. Упэўнена кіруе праслаўленым агракамбінатам “Сноў” член Савета Рэспублікі, дэпутат Мінскага абласнога Савета дэпутатаў, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі Мікалай Вячаслававіч Радаман, кавалер ордэна Айчыны III ступені; а ААТ “Гарадзея” — заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі Мікалай Аляксандравіч Салавей, кавалер ордэна пашаны.

У сферы адукацыі ўсім вядомыя прозвішчы цудоўных педагогаў, кіраўнікоў устаноў адукацыі  Ганны Фёдараўны Воранавай, Вікторыі Іосіфаўны Рымашэўскай, Сцяпана Адамавіча Крэмеза, у сферы аховы здароўя — Вольгі Дзям’янаўны і Мікалая Мікалаевіча Падгайскіх,  выдатных урачоў, справу якіх высокапрафесіянальна працягваюць дзеці і ўнукі.

У маёй памяці засталіся самыя дастойныя, паважаныя людзі — як натхняльнікі і яркія прыклады служэння высокім ідэалам, Бацькаўшчыне і сваёй справе. Яны шмат зрабілі для Нясвіжчыны, для Мінскай вобласці, заклалі добрыя традыцыі, якія дастойна працягвае новае пакаленне.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота з архіва М.М. Худой.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!