20 гадоў — на МТФ “Копцеўшчына”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Наталля Іванаўна  СКАКУНОЎСКАЯ, аператар  машыннага даення ААТ “Гарадзея”:

— Зразумела, што мне спадалабася  ўрачыстае  мерапрыемства. Нас так цёпла прымалі… Паглядзелі добры канцэрт у Палацы Рэспублікі, пачулі шмат падзячных слоў у свой адрас. Радасна, канешне, быць у ліку лепшых працаўнікоў на такім значным юбілеі нашага рэгіёна. Спачатку, калі сабраліся ўсе дэлегаты ад Нясвіжчыны, трошкі сумелася: па-першае, з нашага акцыянернага таварыства  былі толькі я і дырэктар Мікалай Аляксандравіч Салавей, па-другое, з іншых гаспадарак прыехалі жанчыны такога паважанага ўзросту, з ордэнамі  за працу. Ну, а потым вырашыла: у мяне, 40-гадовай, яшчэ  ўсё наперадзе. Тым больш, што ў 2016 годзе па выніках пяцігодкі мяне ўзнагародзілі медалём “За працоўныя заслугі”. Фатаграфію летась занеслі на раённую Дошку гонару. Гэта абавязвае да многага. Стараюся і далей дабівацца  добрых вынікаў. Так, у 2017 годзе на адну фуражную  карову надаіла па 9030 кілаграмаў малака, гэта на 195 кілаграмаў болей, чым было ў 2016-м. Валавы надой па групе дасягнуў 397,3 тоны (плюс 17,4 тоны).

Даяркай у сваёй гаспадарцы (а тады гэта быў СВК “Гарадзея”) я працую з 1998 года. Прыйшла на ферму “Копцеўшчына”, дзе на той час  даіла кароў і мая мама Юзэфа Мікалаеўна. Мы з ёю нават у адным кароўніку працавалі. Зараз яна на пенсіі, сёлета ёй  споўніцца 70. Так і жыве ў Копцеўшчыне, адна, тата мой памёр. А вось маёй сям’і ў тым жа годзе гаспадарка выдзеліла катэдж у Вялікай Лысіцы і падчас раённых дажынак кіраўнік вытворчага кааператыва М.А. Салавей урачыста ўручыў ключы. Гэта атрымалася хвалююча! Дзеці тады былі маленькімі. А сёння яны — дарослыя. Сыну Івану — 22. Закончыў Белдзяржуніверсітэт, стаў выкладчыкам фізічнай культуры, працаваў настаўнікам у СШ № 1 г. Нясвіжа. У лістападзе яго  прызвалі ў армію, служыць ва Уруччы ў войсках  спецыяльнага прызначэння. Дачка Ксенія на год маладзей. Пасля заканчэння  Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа па  спецыяльнасці “Турызм і гасціннасць” адпрацавала па размеркаванні ў Слуцкім цэнтры турызму, цяпер — у забаўляльным цэнтры “Бумеранг” ААТ “Гарадзейскі цукровы камбінат”. Завочна вучыцца ў Вышэйшай школе турызму БДЭУ.

А я кожны дзень, за выключэннем, вядома, выхадных,  спяшаюся ўсё на тую ж ферму “Копцеўшчына”. Раніцай там — з пяці да дзевяці гадзін, а другая дойка — з пятнаццаці да дваццаці вечара. У маёй групе 44 каровы. Стараюся, каб кожная  была дагледжаная, накормленая, добра выдаеная. За гады работы  прывыкла да сваіх абавязкаў і імкнуся выконваць іх бездакорна. А ў ліпені адзначу свой невялікі  юбілей — 20 гадоў працы на ферме.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Наталлі ЕРМАШЭНКА.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.