Год закончыўся, справы працягваюцца

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

На апошняй камісіі па справах непаўналетніх 2017 года было разгледжана 10 матэрыялаў на непаўналетніх і іх бацькоў. Адзін з іх тычыўся пытання аб адлічэнні непаўналетняй з сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы, чатыры — адміністратыўных правапарушэнняў з боку непаўналетніх і іх бацькоў, тры — прамежкавых вынікаў выканання індывідуальных міжведамасных планаў абароны законных правоў і інтарэсаў непаўналетніх, якія прызнаны патрабуючымі дзяржаўнай абароны і былі адабраныя ў бацькоў згодна з Дэкрэтам №18, а таксама два матэрыялы на праблемныя сем’і.

Па першым пытанні камісія дала згоду на адлічэнне непаўналетняй жыхаркі аграгарадка Астроўкі з Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа, у які яна паступіла па накіраванні раённага аддзела адукацыі. Як гэта ні сумна, пасля амаль двух гадоў навучання дзяўчына заявіла аб расчараванні ў выбранай прафесіі і катэгарычна адмовілася працягваць навучанне ў каледжы, жадаючы вярнуцца ў сярэднюю школу. Ні бацькам, ні педагогам не ўдалося паўплываць на гэта рашэнне, і камісія вырашыла не перашкаджаць ёй ісці іншым шляхам, таму што працаваць з дзецьмі павінны толькі тыя людзі, якім гэта сапраўды трэба.

Дзве з чатырох спраў, аднесеных да другога пытання, тычыліся з’яўлення непаўналетніх на праезджых частках вуліц у цёмны час сутак без флікераў. Ім — навучэнцы Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа і навучэнцу абласнога аграрна-тэхнічнага каледжа — з улікам іх добрых характарыстык і чыстасардэчнага раскаяння было вынесена папярэ-джанне.

Адна справа была заведзена на 17-гадовую жыхарку вёскі Астроўкі, якая распівала піва ў грамадскім месцы ў Нясвіжы. Улічыўшы складаныя абставіны яе жыцця, камісія вынесла дзяўчыне папярэджанне.

Асобна ў гэтай групе стаіць справа, якая тычыцца нанясенення цяжкіх цялесных пашкоджанняў па неасцярожнасці. 12-гадовы вучань Ланскага НПК дз/с-СШ падчас уборкі школьнай тэрыторыі ненаўмысна нанёс удар ручкай грабляў у жывот свайму аднакласніку. Усё адбылося так імгненна, што настаўніца, якая, як і належыць, знаходзілася побач з дзецьмі, не паспела нічога прадпрыняць. Пацярпелы хлопчык адразу быў перададзены пад нагляд медыкаў, у выніку яму своечасова была зроблена складаная аперацыя і зараз ён ідзе на папраўку. Улічваючы чыстасардэчнае раскаянне віноўніка здарэння і добрую характарыстыку сям’і, яго маці было вынесена папярэджанне.

Па трэцім пытанні першай разглядалася шматдзетная сям’я з гарадскога пасёлка Гарадзея, дзе выхоўваліся пяцёра дзяцей. За тры месяцы перад пася-джэннем камісіі, пра якое ідзе размова, яны былі адабраныя ў бацькоў і  змешчаныя ў сацыяльны прытулак раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Прычынай паслужыла антысанітарыя ў доме і занядбанне маці (!) сваіх абавязкаў па доглядзе дзяцей. Яна магла, напрыклад, з’ехаць з дому і не з’яўляцца там некалькі дзён, будучы занятай сваім асабістым жыццём больш, чым дзецьмі. Бацькі нідзе не працавалі і не мелі пастаянных даходаў для ўтрымання дзяцей. Камісія адзначыла, што ў гэтай сям’і ёсць значныя зрухі ў справе вяртання да нармальнага жыцця: дарослыя працаўладкаваны, не ўчыняюць прагулаў, не маюць заўваг па рабоце, навялі дома парадак, кожны дзень наведваюць у прытулку сваіх дзяцей, абяцаюць надалей сур’ёзна ставіцца да іх догляду і выхавання. Вядома, яны папярэджаны аб пастаянным кантролі над сабой з боку адпаведных службаў і ў іх ёсць час, каб разабрацца з праблемамі ўзаемаадносін у сям’і, якія яшчэ існуюць.

Горш выглядае сітуацыя ў шматдзетных сем’ях з Новых Навасёлак і Астровак. Жыхары Навасёлак, якія, дарэчы, вельмі агрэсіўна ўспрымалі кантроль над сабой, прайшлі лячэнне ад алкагольнай залежнасці, але зноў прыняліся за старое. На момант пасяджэння камісіі наведалі сваіх траіх дзяцей адзін раз за два месяцы. Пра што думаюць маладыя людзі, якім адпаведна 31 і 33 гады, сказаць цяжка. Па ўсім відаць, наўрад ці пра тое, каб вярнуць сваіх дзяцей і клапаціцца пра іх, як належыць. У сям’і з Астровак сітуацыя не ўскладнена алкаголем, аднак пытанні застаюцца: сваіх чацвярых дзяцей яны наведваюць часта, але парадак у жыллі наводзяць марудна, а работы там яшчэ шмат. Дарослых папярэдзілі, што на стварэнне належных умоў для дзяцей у іх засталося 4 месяцы. Менавіта страшэнная антысанітарыя разам з жорсткім абыходжаннем з дзецьмі і паслужыла ў іх выпадку галоўнай падставай для адабрання непаўналетніх.

У пытанні аб прыняцці мер да праблемных сем’яў фігурыравала сям’я з вёскі Вялікая Лысіца. Як ні сумна, гэта ізноў-такі маладыя людзі — абодвум па 29 гадоў. У сям’і растуць чацвёра дзяцей — старэйшаму 9 гадоў, малодшаму — годзік. Гаспадарка дала новы дом, ёсць работа, здаецца — працуй, гадуй дзяцей, жыві ды радуйся. Аднак не. Галаву сям’і часта бачаць у нецвярозым выглядзе, “грашыць” гэтым і жонка. У доме, дзе ёсць усе ўмовы для жыцця, беспарадак і запушчанасць. Суседзі і зацікаўленыя службы забілі трывогу: у якіх умовах жывуць дзеці? Калі ў дом наведаліся праверкі, усё пацвердзілася. Маладыя бацькі папярэджаны, што, калі яны не возьмуцца ўсур’ёз за сваё жыццё, у іх адбяруць дзяцей. Сям’я ўзята пад пільны кантроль, ці зробяць дарослыя вывады з пачутага на камісіі — пакажа час.

Разгляд другой справы па гэтым жа пытанні па прычыне няяўкі сям’і перанесены на першае пасяджэнне раённай камісіі па справах непаўналетніх у надышоўшым годзе. Якім будзе працяг расказаных вышэй гісторый, пакажа час, і мы абавязкова пазнаёмім з ім нашых чытачоў.

Соф,я ЛЮБАНЕЦ.                           

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.