“І не знікаць паэтам вечна…”

У Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы адбыўся конкурс юных чытальнікаў “І не знікаць паэтам вечна”, прымеркаваны да 135-годдзя з дня нараджэння славутых песняроў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. З урокаў літаратуры мы ведаем, што гэтыя пісьменнікі — знакавыя постаці для Беларусі. Яны вучылі любіць свой край, сваю мову. Іх бессмяротныя радкі хвалююць і нікога не пакідаюць абыякавымі.

Вельмі спадабалася гасцям і ўдзельнікам конкурсу выступленне тэатральнага гуртка “Агеньчык” СШ № 4 г. Нясвіжа. Яны праінсцэніравалі вершы Янкі Купалы “Бай” і “Юрачка”. У ролі Юрачкі выступіў вучань 2 “В” класа Павел Усеня. Узяцца за розум яго ўгаворвалі Каця Здзерава, Ксенія Лагун і Каця Бутрымовіч. Здаецца, угаварылі. І Юрачка паабяцаў, што будзе вучыцца.

У конкурсе прынялі ўдзел адзінаццаць вучняў з усіх школ горада. Самая юная ўдзельніца, вучаніца 1 “А” класа  Ксенія Іюль-ская, разам з мамай Кацярынай Алегаўнай інсцэніравалі верш Якуба Коласа “На рэчцы зімою”. Добра ацаніла журы ў складзе сяброў раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” Раісы Хвір і Зоі Кулік і загадчыка аддзела па рабоце з дзецьмі райбібліятэкі Алёны Чухлей  выступленні  вучняў СШ № 4 Ангеліны Жураўскай, Ганны Неупакоевай, Максіма Пугача, Кацярыны Здзеравай, Ксеніі Лагун, Кацярыны Бутрымовіч.

А пераможцамі конкурсу сталі другакласнік з гімназіі Дзмітрый Туроль, вучаніца 9 “Б” класа СШ № 3 Валерыя Крыцкая, вучаніца 8 “Б” класа гэтай жа школы Паліна Кавалеўская. Усе пераможцы і ўдзельнікі атрымалі дыпломы і граматы, а таксама салодкія падарункі.

Вядучымі на конкурсе былі наведвальнікі гуртка “Юны журналіст” СШ № 4 г. Нясвіжа  Максім Пугач, Кацярына Здзерава і аўтар гэтых радкоў.

Карына ЯЗЭПЧЫК,

удзельніца гуртка

“Юны журналіст”,

вучаніца 6 “Б” класа

СШ № 4 г. Нясвіжа. 

 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.