Меню
Курс $  3.26 | €  3.55 | ₽100  3.53 |
Погода 6 °C

Прэзентацыя календара «Ідыліі» адбылася ў Нясвіжскай бібліятэцы

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 1 0

У снежні мінулага года ў Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы адбылася прэзентацыя календара “Ідыліі”, прысвечанага творчасці нашага земляка, мастака Хведара (па пашпарту — Фёдара) Вініцкага, які нарадзіўся і жыў у вёсцы Малева Нясвіжскага раёна. Гэта чатырнаццаты каляндар з серыі “Маляўнічая Бацькаўшчына”. Яе заснавальнік і рэдактар Валер Дранчук так сказаў пра мастака: “Беларус-інтэлігент, адукаваны педагог і асветнік, мастак-самавучка Х. Вініцкі пакінуў годныя ўзоры самадзейнага мастацтва, перш-наперш жывапісу…  Дзякуючы краязнаўчаму пошуку педагога і краязнаўцы, культуролага Наталлі Плаксы, мы сёння маем каля 30 выяўленых твораў самабытнага майстра”.



У календары змешчаны не толькі рэпрадукцыі карцін Хведара Вініцкага, але і ўспаміны пра яго сваякоў, землякоў, вучняў.

Акрамя малявання, Хведар Вініцкі захапляўся яшчэ і тэатрам. Вольга Андрэеўна Плакса (Гаціла) успамінала, як яшчэ “за Польшчай” ладзіў мастак пастаноўку Купалаўскай “Паўлінкі”. Дзеля гэтага ён нават схадзіў у Ланскую гміну, каб дазволу па-прасіць на паказ. І Вольга Андрэеўна выконвала ў спектаклі нейкую ролю.

На сустрэчы таленавітага мастака ўспаміналі добрым словам сваякі і аднавяскоўцы, цёпла выказаліся аб яго творчасці гісторык, прафесар Міхаіл Гурын, пісьменнік  Уладзімір Бруй і ініцыятар стварэння календара Наталля Плакса. Аб значнасці падзеі гаварылі галоўны рэдактар газеты “Наша слова” Станіслаў Суднік, сябра раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” Зоя Кулік, унучатая пляменніца Надзея Панкова (Крыўко), настаўніца Карцэвіцкай школы Станіслава Вальчык.

Я не выпадкова трапіла на прэзентацыю. Гэта падзея стала найвялікшым падарункам для мяне і маёй шматлікай радні ад стваральнікаў календара, таму што Хведар Вініцкі — мой стрыечны дзядуля, родны брат майго дзеда па бацьку. І не трэба, думаю, гаварыць, што з першых хвілінаў гэтай імпрэзы прыйшлося змагацца з сабой, сваімі пачуццямі, утаймоўваць непаслухмяныя слёзы.

Заснавальнік
і рэдактар серыі
календароў
“Маляўнічая
Бацькаўшчына”
Валер Дранчук

…Мне ўспамінаецца шчаслівае лета ў Малеве, калі я яшчэ не ведала страт і ўсё здавалася вечным і трывалым, здавалася, што гэтаму ўсяму не будзе канца. Ля хаты пад акном сядзелі кус-ты позніх півонь. Бутоны ўжо наклюнуліся і шчасліва чакалі свайго нараджэння. Мне — гадоў пяць. І так нецярпліва хочацца сарваць хоць колькі нераспушчаных кветак! Што я буду з імі рабіць, яшчэ не ведаю. Заходжу ў кветнік і здзяйсняю задуманае злачынства. Але нечакана трапляецца бабуля і просіць мяне кудысьці з ёй пайсці. Я хаваю бутоны за спіну, а пасля, калі яна ідзе ззаду, нясу іх перад сабой на выцягнутых руках…  Далей усяго не памятаю, але помніцца, што мы сядзім ужо ўсе разам у хаце: я, баба Ядзя і дзед Хведар. Нераспушчаныя бутоны стаяць у шклянцы з празрыстай калодзежнай вадой.

— Бачыш, — гаворыць дзед Хведар, — яны б маглі расцвісці і стаць прыгожымі кветкамі, мы любаваліся б імі праз акно і кветкі доўга радавалі б вока, а так заўчасна загінуць…

У гародчыку расцвілі кусты півонь. Ружовыя і чырвоныя, яны вельмі мне падабаліся, а ў шклянцы на тэлевізары стаялі  ледзь распушчаныя бутоны. Мяне мучыла сумленне. Але і сёння я задумваюся, калі мне хочацца сарваць кветку. Да дзедавай навукі я дадаю яшчэ словы Аркадзя Куляшова : “Я ў лузе кветкі не сарваў ніводнай…” і любуюся імі, шкадуючы нарваць букет.

Самае цікавае ў гэтай гісторыі тое, што мяне не пачаставалі за гэта “бярозавай кашай” і нават не насварыліся. Увогуле, бабуля і дзядуля ў патрэбны момант знаходзілі патрэбныя словы і шкоднічаць ужо не хацелася.

Дзед Хведар… Яго родны брат, бацькаў тата, дзед Мікалай, — удзельнік Першай сусветнай вайны, памёр ў 1953 годзе, калі майму бацьку было чатыры гады. Дзед Мікалай падчас службы трапіў пад нямецкую газавую атаку, што вельмі падарвала яго здароўе. А таксама ў нямецкі палон, адкуль, кажучы словамі бацькі, “праз папоў і ксяндзоў дадому прыйшоў”.

— Чаму праз папоў і ксяндзоў? — пытаюся.

— А астатнія выдавалі палонных уладам, вярталі да былых гаспадароў.

“Спатканне на Дунайцы”. Карціна Хведара Вініцкага

І ўспамінаюцца мне Брылёў-скія “Птушкі і гнёзды”. Аднаму з герояў гэтага твора так і не ўдалося вярнуцца дадому. І ці аднаму пакутніку тых часоў лёс наканаваў памерці на чужыне?

Пасля смерці брата Мікалая Фёдар выхоўваў яго дзяцей. На той момант яму было пяцьдзясят чатыры гады. Сваёй сям’і ён не меў, жыў у бацькоўскім доме, у сям’і брата.

Нядаўна, ужо пасля прэзентацыі календара, даведалася ад сваячкі Ліліі Пялюшка (Крыўко), што быў дзед Хведар закаханы ў акторку Радзівілаўскага тэатра. Яна пасля з’ехала ў Вільню, а Хведар пасяліў у сваім сэрцы вечны сум. Як успамін аб тым няспраўджаным каханні стала карціна “Адаліска”, перамалёўка класічнага сюжэта. Але ў гэтую работу ён уклаў свой смутак і сваё сэрца. Жанчына ўзвышаецца на пляцы над горадам. Прыгожая і незалежная, яна ўзвышаецца па-над часам і прасторай, падуладная толькі сваім думам і марам. Па ўспамінах сваячкі, карціна ніколі не вісела ў дзедавым пакоі. І мне здавалася, што яна прысвечана бабулі, над ложкам якой ганарліва ўзвышалася.

Нядаўна мой муж знайшоў паслужны спіс бацькі дзеда Хведара, дзе было пазначана: “Вініцкі Аляксей Станіслававіч, радавы. Прыняты ў службу Слуцкім паветам па вайсковай павіннасці 1 студзеня 1877 года. “Исповедания православного, грамотен, холост”. Служыў у 120-м Серпухоўскім палку. Службу скончыў 17 лістапада 1879 года. Мае бронзавы медаль у памяць аб вайне 1877-1878 гг. і Румынскі жалезны крыж. А ў наступным дакуменце пазначалася, што радавы Аляксей Станіслававіч Вініцкі абвянчаўся з жыхаркай вёскі Альхоўка Фёклаю Сымонаўнай Чыкун 1 чэрвеня 1881 года. Роўна праз 18 гадоў пасля вянчання, 1 чэрвеня 1899 года, у іх сям’і і нарадзіўся трэці сын — Хведар. Яшчэ ў сям’і было шэсць дачок.

Хведар змалку любіў маляваць. А калі ў Малеўскай царкве мастакі малявалі іконы, аздаблялі золатам аклады, хлопчык назіраў за іх працай, падоўгу за-трымліваючыся ў храме.

У 1921 годзе Хведар Вініцкі скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Працаваў настаўнікам у Качановічах, Грыцкевічах, Малеве. Ведаю, што спрабаваў ён паступіць і ў Ленінградскую мастацкую акадэмію. Малюнак здаў, а лепка не ўдалася. Калі дзеду Хведару было больш за восемдзесят, ён яшчэ калі-нікалі ляпіў фігуру чалавека.

Ёсць даведка, што ў 1940 го-дзе ён сапраўды здаў усе экзамены і залікі за тры курсы гістфака завочнага аддзялення Бел- дзяржуніверсітэта. Яшчэ ў адной, ужо пазнейшай даведцы, датаванай 29 жніўня 1945 года, было пазначана, што Фёдар Вініцкі з’яўляецца студэнтам-завочнікам 1-га курса гісторыка-філалагічнага факультэта Баранавіцкага дзяржаўнага настаўніцкага інстытута, які, на жаль, яму не лёс быў закончыць. Брат Аляксей быў на той час ужо за мяжой, дзе заснаваў беларускую гімназію. З-за “нядобранадзейнага” сваяка  Хведар страціў працу, у роспачы спаліў у печы дыплом настаўніцкай семінарыі. А пасля быў нарыхтоўшчыкам зёлак, прадаваў саджанцы, маляваў карціны,  улетку фарбаваў вокны і падлогу ў мясцовай школе…

Жыццё кідала Хведара Вініцкага ў розныя крайнасці: яго паважалі і ганілі, ён перажыў выгнанне з працы, выключэнне з настаўніцкага інстытута, але ўсё жыццё ён не пераставаў быць настаўнікам, нават не лічачыся ім у афіцыйных установах, дапамагаў вяскоўцам. Яго вучань, доктар медыцынскіх навук, прафесар, магістр фізкультуры і спорту Тадэвуш Грыгель, жывучы ў Польшчы, заўсёды наведваў свайго настаўніка, калі прыяз-джаў на радзіму, слаў лісты, прывозіў падарункі, а пасля яго смерці прыязджаў на малеўскія могілкі, каб запаліць свечку на яго магіле. Да сённяшняга часу засталіся канверты ад яго лістоў. А пасланняў ацалела ўсяго некалькі. Адно  з іх пачынаецца словамі: “Гутарым на сваёй роднай мове і добра нам”.

Хведар Вініцкі паважаў сваю мову, яна лілася з яго вуснаў жывым струменем і тады, калі ён чытаў  вершы беларускіх паэтаў ці расказваў казкі, і тады, калі проста гутарыў.

Я вельмі радуюся таму, што паспела сустрэцца ў гэтым жыцці з дзедам Хведарам. Ён і бабуля Ядзя былі маімі першымі выхавацелямі, настаўнікамі. Ад іх я пачула  першыя словы на прыгожай роднай мове, ад дзеда Хведара — першыя вершаваныя творы Купалы і Шаўчэнкі, а першыя крокі я зрабіла таксама яму насустрач. І самае вялікае першае гора ў маім жыцці сталася тады, калі, неяк, прыйшоўшы са школы, доўга чакала бацькоў, якія ўсё не вярталіся і не вярталіся. Не вытрымала, патэлефанавала суседцы.

Яна сказала: “Ды яны ў Малева паехалі, там ваш дзед памёр…”

Болей я нічога не чула, плакала ў голас, што было сілы. Успом-ніла, як яшчэ ўлетку, гледзячы праз акно, як дождж палівае сваімі слязьмі аконныя шыбіны, дзед гаварыў: “Увосень я ад вас пайду”.

Памыліўся толькі на пятнаццаць дзён. Гэта здарылася ў снежні.

Сёння, амаль праз сто дваццаць гадоў пасля нараджэння, Хведара Вініцкага памятаюць і ўспамінаюць добрым словам. А пра тых, хто яго ганіў, у лепшым выпадку даўно забыліся. Таму што дабро не памірае, а духоўныя каштоўнасці заўсёды маюць адзінае вымярэнне і не змяняюцца з часам. Ва  ўсе часы трэба памятаць пра чалавечнасць і быць чалавекам.

Дзякуючы Наталлі Васільеўне Плакса, у сваякоў мастака з’явілася магчымасць сустрэчы. Хведар Вініцкі быў дзявятым дзіцем у бацькоўскай сям’і. Сям’я была дружнай, але з цягам часу многія сваяцкія сувязі былі страчаны. Аднак ніколі не позна выпраўляць памылкі.

На адной з карцін Хведара Вініцкага “Краявід з царквой і школай у Малеве” бачны  царква і школа, якія засталіся толькі на палатне мастака. Царква была разбурана ў савецкія часы. Але хто ведае, можа, і гэта памылка выправіцца з часам. Спадзявацца ж ніхто не забараняе.

Закончыць мне хочацца словамі Наталлі Плаксы, узятымі з апошняй старонкі календара: “Хведар Аляксеевіч Вініцкі. Яго карціны віселі па хатах, упрыгожвалі побыт, калі наўкол разбуралі цэрквы і будавалі ларкі. Віселі, каб радаваць вока, што ў чыстых пакоях, што ў кухні. Неслі дух творчасці і свабоды, таленту і красы. Няхай і гэты каляндар, шаноўныя сябры, нясе ў ваш дом духоўнае цяпло, нязводны дух нашай святой беларускасці, азораны святлом натхнення”.

Свята календара ў бібліятэцы стала святам для кожнага, хто ведаў мастака, а таксама для тых, хто пазнаёміўся з ім упершыню. Яно атрымалася прачуленым і ўзнёслым, абуджаючы жаданне новай сустрэчы. А хутка прэзентацыі календара “Ідыліі Хведара Вініцкага” пройдуць і ў вясковых бібліятэках. Да  сустрэчы!

Валянціна ШЧАРБАКОВА,

бібліятэкар І катэгорыі

Нясвіжскай цэнтральнай

раённай бібліятэкі

імя Паўлюка Пранузы.

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.

1 Comment

1 Comment

  1. Н.Плакса:

    Варта дадаць істотную дэталь. Каляндар як выданне, як праект адбыўся дзякуючы ўдзячнай памяці пра мастака яго землякоў, пераважна вясковых людзей. Гэта цалкам народны праект: людзі сабралі грошы талакой, каб хапіла на друк. Мы знайшлі салон «хуткі прынт», атрымалі добрыя зніжкі і грошай хапіла. З аднаго боку, тут мая ініцыятыва, з другога — энтузіязм людзей, якія падтрымалі ідэю календара, сталі паўнапраўнымі ўдзельнікамі праекта. Дзякуй ім за гэта! Я асабліва ўсцешана, што сярод «падпісчыкаў» шмат маладых людзей. Адгукнуліся цэлыя сем’і, замовілі для сябе і сяброў, часам іншагародніх, нават за межамі Беларусі… Мы працягваем серыю «Маляўнічая Бацькаўшчына» календаром-2019, ён мае пакуль рабочую назву «Невядомая Нясвіжчына». Далучыцца да нашай талакі можа кожны ахвотны. Каляндар здзівіць і парадуе.

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!