Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 4 °C

Няхай сняцца каласы

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

Пост опубликован: 26.01.2018

На Нясвіжчыне Івана Іванавіча Горбача добра ведаюць. Тут праходзіла яго станаўленне як тэхнолага зямлі, кіраўніка калектыву. Бо прыехаў сюды адразу пасля заканчэння Беларускай сельгасакадэміі з дыпломам агранома. Практычнага вопыту, вядома, было мала. Сумняваўся, калі прызначылі загадчыкам аграхімлабараторыі, ці  «пацягне нялёгкі воз». Цэлымі днямі  «прападаў» у калгасах. Вызначалі хімічны састаў глебы, складвалі тэхналагічныя карты. Многія аграномы дзякавалі Івану Іванавічу за карысныя парады і  дапамогу.



Аднойчы яго выклікалі ў райкам партыі, прапанавалі пасаду галоўнага агранома ўпраўлення сельскай гаспадаркі.

—  Я даў згоду, хаця разумеў, што на плечы звальваецца яшчэ больш цяжкая ноша, — прыгадвае І.І. Горбач. — Тады якраз востра стаяла пытанне аб укараненні навукова абгрунтаваных севазваротаў, абнаўленні насенных фондаў збожжавых і прапашных культур. Ніколі не забуду, як аднойчы напярэдадні жніва на верталёце прыляцеў у раён першы сакратар ЦК КПБ Пётр Міронавіч Машэраў. Першы сакратар райкама партыі Кім Фёдаравіч Сінічкін сказаў, што і мне трэба ўдзельнічаць у аблёце палеткаў. Я вельмі хваляваўся, хаця здолеў высокаму начальству растлумачыць усё, што цікавіла, беспамылкова арыентаваўся, дзе і якія культуры пасеяны, які чакаецца ўраджай. Пасля аблёту Пётр Міронавіч прыязна ўсміхнуўся, паціснуў мне руку, сказаў Сінічкіну: «Ваш аграном на сваім месцы».

— Акрылілі гэтыя словы?

— Безумоўна. Хацелася працаваць з падвоенай энергіяй. У 70-я гады ў раёне ўжо збіралі па 40—50 цэнтнераў збожжа на круг. Я разумеў, што з кіраўнікамі гаспадарак, аграномамі трэба працаваць удумліва, тактоўна. Не толькі я вучыў іх, але і сам вучыўся. Нашы «ўпраўленцы» імкнулі-ся ўкараняць вопыт сноўскіх хлебаробаў і калгаса «Беларусь» (цяпер — ААТ «Грыцкевічы» — аўт.), дзе збіралі, ды і сёння збіраюць высокія ўраджаі сельскагаспадарчых культур.

— Вас было цяжка застаць у кабінеце за паперамі…

— Мяне больш цягнула туды, дзе вырашаўся лёс ураджаю, дзе працавалі механізатары, паляводы. Не хвалюся, але скажу, што ведаў у гаспадарках кожнае поле, кожны маленькі ўчастак. Я памятаў словы свайго старэйшага брата Міхася, які працаваў у роднай вёсцы Рассветная на Клеччыне брыгадзірам паляводчай брыгады: «Зямлю ніколі не падманеш. Яна вяртае доўг тым, хто на ёй шчыруе».

У той час у Нясвіжы пачыналася рэканструкцыя сажалак. Мы ў хімічнай лабараторыі правялі аналіз сапрапеляў. Аказалася, што яны могуць змяншаць кіслотнасць глебы. Падключылі дзясяткі аўтасамазвалаў з райсельгасхіміі і даставілі на палеткі сотні тысяч тон гэтага матэрыялу. Шмат каштоўнага мы ўзялі на ўзбраенне ад агранамічнай службы Радвілішскага раёна Літвы. Ездзілі туды, і яны да нас прыязджалі. Карысць была ўзаемная.

— Потым Вас «перакінулі» на пасаду дырэктара дзяржсортучастка.

—  Тут спецыфіка работы некалькі іншая. Невялікі калектыў выпрабоўвае і адбірае для размнажэння тыя сарты і гібрыды збожжавых культур, бульбы, якія выводзяць селекцыянеры рэспублікі. Справа тонкая, патрабуе захавання высокай тэхналогіі, навуковага абгрунтавання ўсіх аграпрыёмаў. Але ж я не быў дылетантам.  Менавіта наш калектыў шмат зрабіў, каб у гаспадарках раёна пачалі шырока ўкараняць перспектыўныя сарты азімых жыта і пшаніцы, ячменю, аўса, бульбы… Разам з тым, мы ўшчыльную заняліся ўмацаваннем вытворчай і сацыяльнай сферы. Пабудавалі дзесяць кватэр, склад для зерня на 500 тон, склад для мінеральных угнаенняў. Набылі шэраг сельгасмашын.

—  Потым Вас замяніў новы дырэктар…

—  Жыццё ёсць жыццё. Падышоў мой пенсійны ўзрост. Новы кіраўнік Уладзімір Мікалаевіч Хлябковіч прызначыў мяне сваім намеснікам. Мы хутка знайшлі ўзаемаразуменне. Ён быў чалавекам адукаваным, кандыдатам сельскагаспадарчых навук. На жаль, рана пайшоў з жыцця.

На пенсію І.І. Горбач выйшаў у 2003 го-дзе. Кажа, спачатку нярэдка бачыў у сне спелыя каласы…

Ён ганарыцца тым, што атрымаў два ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга. Адзін — у 1973 годзе, калі працаваў ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі. Другі — у 1986 годзе, калі ўзначальваў сортавыпрабавальную станцыю. Мае Ганаровую грамату Савета Міністраў БССР, дзве Ганаровыя граматы Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі.

Кажа:

— Я ніколі не зазнаваўся. Працаваў шчыра. Быў патрабавальны да сябе, да падначаленых. Мне не сорамна і перад сваякамі. Дапамагаў матэрыяльна пляменніцам-сіротам, калі яны вучыліся ў сельгасакадэміі. Дачка Іна пайшла па маім шляху, мае адукацыю агранома, працуе начальнікам аддзела на сортавыпрабавальнай станцыі. Сын Андрэй закончыў сельгастэхнікум. Дзеці жывуць асобна, сваімі сем’ямі.

Сядзіба Івана Іванавіча — гэта прыклад належнага гаспадарання. На яго  агародзе ро-дзяць цыбуля і памідоры. Радуе ўраджаем сад. Ёсць у ім прыгожая груша. Саджанец гаспадар прывёз з Масквы яшчэ ў 1981 годзе.

— Пасадзіў для ўнукаў, — гаворыць Іван Іванавіч. — Сорт «канферэнцыя», вельмі ўраджайны, збіраем з дрэва часам да 250 кілаграмаў пладоў. Захоўваюцца яны  доўга. І ў свой дзень нараджэння, 18 студзеня, частую імі сваіх родных і гасцей. Многія несвіжане бралі чаранкі на прышчэпы. Няхай людзі спажываюць на здароўе.

Вось і зараз, у дзень  яго 80-годдзя, сакавітыя жаўтаватыя грушы былі смачным пачастункам для ўнукаў.

Вясной Іван Іванавіч не нагледзіцца на багацце бела-ружовага цвіцення яблынь і груш.  Кожны вечар у цёплы час года выходзіць да лавачкі, сядзіць і любуецца зямлёй, яе шматлікі фарбамі, яе багатымі пладамі, удыхае яе пах — такі блізкі, такі родны.

І на зіму знайшоў занятак: гадуе курэй. Смяецца:

— Выйду на двор, крыкну ім: «Да мяне!» — і яны бягуць паслухмяна. Вось такі ў мяне клопат.

— А калі снег выпаў — сцежкі чысцілі, здароўе дазваляе?

— Чысціў, ды й дзеці дапамагаюць. Яны побач са мной жывуць.

А што снег выпаў — то гэта добра. Значыць, будзе ўраджай, душа земляроба радуецца. І хоць Іван Іванавіч даўно на  заслужаным адпачынку, але пра зямлю дбае, жыццём раёна цікавіцца, нашу газету чытае, у якой некалі і сам друкаваўся, рабіў аналіз спраў у раслінаводстве, даваў калегам слушныя парады.

Добрыя прывычкі становяцца рысамі характару, а ён не мяняецца. Нават у 80 гадоў.

З юбілеем, Іван Іванавіч!

Канстанцін ПРЫЁМКА.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота з сямейнага альбома

І.І. Горбача.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!