Паміж узнёслым і празаічным

Поделитесь с друзьями
  • 1
  • 18
  •  
  •  
  •  
  •  

Жыццё — з’ява непрадказальная. То ўздымае да небакраю, то кідае на дол. Паэт з Нясвіжа Уладзімір Жылко ўпэўніўся ў гэтым яшчэ ў юнацкія гады. Залаты медаліст, ён без цяжкасцей паступіў на фізічны факультэт БДУ. І быць бы Уладзі-міру Трафімавічу добрым фізікам, але… Падчас спартыўнай трэніроўкі атрымаў цяжкую траўму і студэнцкую аўдыторыю змяніў на бальнічную палату. Затым — хатні рэжым на цэлыя два  гады. Можна было ўпасці ў роспач. Але выратавала спачатку бацькава  настойлівасць, а пасля праца, якая, калі верыць народнай мудрасці, шмат каго давяла да ладу. Акрыяўшы, Уладзімір Жылко працаваў грузчыкам, а затым слесарам на Нясвіжскім хлебазаводзе. Гэтыя дні ён успамінае як найшчаслівейшыя ў сваім жыцці.

А затым на завочным аддзяленні юрыдычнага факультэта БДУ  Уладзімір Трафімавіч атрымаў прафесію юрыста. Тут і пачаліся сапраўдныя складанасці, толькі  ўзяўся за гуж — не гавары, што не дуж. Працаваў у органах МУС, юрыстам упраўлення сельскай гаспадаркі, народным суддзёй, памочнікам, а пасля намеснікам пракурора. Цяжка. Але лёгкага хлеба яшчэ нікому знайсці не ўдалося. І дзе, спытаеце, адшукаць тут музу, не страціць душэўнай прыгажосці і раўнавагі? Шчасце, што гэтую самую музу ён сустрэў на сваёй больш чым празаічнай рабоце. Зоя Канстанцінаўна ніколі не скардзілася на жыццё, не папракала мужа, што прападае на  працы. Гадавала сыноў і ахоўвала сямейны ачаг, паспяваючы яшчэ і на сваёй рабоце спраўляцца.

Вершы Уладзімір Трафімавіч пісаў са школьных гадоў, а з цягам часу творы набылі глыбіню і філасофскі сэнс. Нездарма яго паэтычныя дасягненні добра ацанілі спачатку Паўлюк Прануза, а пасля і Рыгор Барадулін, які параіў не хаваць у стол такія сталыя радкі. У 1985 годзе Уладзімір Жылко ўпершыню выступіў у рэспубліканскім друку. Сёння яго творчасць добра ацэнена членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі Ірынай Карнаухавай, Юрасём Нератком, Уладзімірам Рунцэвічам, а паэтычныя радкі знайшлі пачэснае месца ў многіх абласных і раённых калектыўных зборніках.  Ён часты госць шматлікіх літаратурных імпрэз рознага ўзроўню, сябра абласнога народнага клуба кампазітараў і паэтаў “Жывіца”, раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі”. У 2011 годзе ў Нясвіжскай друкарні імя Сымона Буднага пабачыла свет яго першая кніга “Пасля нас зацвіце тое зноў…”, у якую ўвайшлі паэтычныя і празаічныя творы. І невядома, калі б на паліцах бібліятэк з’яві-лася другая, каб не ўважлівыя  адносіны Уладзіміра Трафімавіча да просьбаў і праблем бліжняга. Як часта я і мае калегі тэлефанавалі паэту і прасілі выступіць у бібліятэцы ці па-за яе межамі! А калі мы даведаліся, што Уладзімір Трафімавіч, акрамя дзяржаўных моў, ведае яшчэ і польскую, пачалі насядаць яшчэ з большым імпэтам. Так нарадзі-ліся цудоўныя пераклады вершаў членаў таварыства “Несвіжане” ў Рэспубліцы Польшча, ганаровага грамадзяніна нашага горада Станіславы Вятр-Партыкі, Вікторыі Жукевіч-Дзівоты, Тадэвуша Грыгеля. Падчас выступленняў Уладзімір Трафімавіч стараўся заўсёды чытаць штосьці новае са сваіх уласных твораў ці перакладаў, не любіў паўтораў, стараўся здзівіць і парадаваць слухача. Уладзімір Жылко адмаўляць не ўмее і таму новых твораў набралася шмат, акурат на зборнік “Прыходзьце да мяне”, які выйшаў зноў жа ў Нясвіжскай друкарні імя Сымона Буднага. У яго падрыхтоўцы вялікі ўдзел прыняла і супрацоўніца Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы Таццяна Байкаш. Працу па рэдагаванні зборніка ўзяла на сябе нявестка паэта, супрацоўніца “Настаўніцкай газеты”  Кацярына Жылко.

Прэзентацыя новай кнігі нясвіжскага аўтара адбылася 11 студзеня бягучага года. Яшчэ да яе пачатку для тых, хто прыйшоў раней, бібліёграф  Наталля Рыбакова правяла экскурсію па музеі бібліятэкі, расказала пра партнёрскія сувязі з гарадамі-пабрацімамі.

Затым ва ўтульнай зале гэтай установы сабраліся сябры раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі”, наведвальнікі гуртка “Юны журналіст” СШ № 4, вучні гэтай школы, ансамбль песні “Элегія”, у якім Уладзімір Жылко спявае больш за пяць гадоў,  і шмат яшчэ якіх добрых людзей. Але першай, пасля самога аўтара, выступала жонка паэта — Зоя Канстанцінаўна  Жылко. Менавіта яна з’яўляецца не толькі  слухачкай, але і  першым  крытыкам твораў Уладзіміра Трафімавіча.

Вершы і пераклады паэта прагучалі з вуснаў яго маладых калег, наведвальнікаў гуртка “Юны журналіст” Настассі Друшчыц, Максіма Пугача, Ангеліны Жураўскай,  Кацярыны Здзеравай, Карыны Язэпчык, Цімура Высоцкага, Артура Ігнатчыка. Да юных творцаў далучыліся  і сябры раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” Зоя Кулік, Алена Шаблоўская, Раіса Хвір. Яны не толькі чыталі вершы, але і выказалі свае ўражанні аб новай кнізе паэта.

Вельмі спадабаліся гасцям бібліятэкі пераклады з польскай мовы. Адзін з іх, верш Станіславы Вятр-Партыкі “Гэта дзіўна”, дзякуючы Уладзіміру Трафімавічу,  прагучаў падчас прэзентацыі на трох мовах — рускай, беларускай і мове арыгінала.

Добрым падарункам стала выступленне ансамбля “Элегія” пад кіраўніцтвам Аляксандра Гапановіча. Сярод твораў, якія прагучалі ў выкананні гэтага калектыву — аўтарскія песні іх першага кіраўніка  Тамары Прыгун. Парадаваў сваім выступленнем і сямейны дуэт Івана і Любові Шухно.

Зараз кніга нашага земляка знайшла пачэснае месца на паліцах бібліятэк раёна. У цэнтральнай бібліятэцы яна добра сябе адчувала на выставе навінак беларускай літаратуры, сярод твораў Міколы Мятліцкага і Міколы Маляўкі, Сяргея Давідовіча і Івана Муравейкі. А зараз кніга  пачала сваё далёкае падарожжа: чытачы перадаюць яе з рук у рукі.

Новы зборнік Уладзіміра Жылко прымушае задумацца над многімі жыццёвымі калізіямі, пра якія калісьці, да прачытання кнігі,  я, напрыклад, нават і не  задумвалася. Жыццё ж, як мы ўжо ведаем, няўдумлівых не паважае. Таму не абмінайце бібліятэкі і не забудзьцеся прачытаць кнігу з запрашальнай назвай “Прыходзьце да мяне”.

Валянціна ШЧАРБАКОВА,

кіраўнік раённага

літаратурна-музычнага

аб’яднання “Валошкі”.

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.

 


Поделитесь с друзьями
  • 1
  • 18
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.