Праз мастацтва — да Бога

Свята Нараджэння Хрыстова для многіх несвіжан пачалося з начных літургій у храмах нашага горада. Працяг — літургіі ранішнія, канцэрты з удзелам выхаванцаў нядзельных школ Нясвіж-скага благачыння. Святочныя песнапенні і казачныя героі, узнёслыя вершаваныя радкі з вуснаў малечы ў гонар народжанага Хрыста і агульная радасць для ўсіх: дзяцей і дарослых. Але радасці, як і шчасця, падоранага іншым, не бывае многа. І ў гэтым упэў-ніліся жыхары нашага горада,  якія трапілі на канцэрт у Нясвіжскі раённы цэнтр культуры. Благачынны Нясвіжскай царкоўнай акругі протаіерэй Аляксандр Данчанка блаславіў усіх удзельнікаў канцэрта.

Песняй у гонар свята вітаў  прысутных пастаянны ўдзельнік калядных канцэртаў Ігар Дубешка, да яго музычнага віншавання далучыўся ансамбль храма Узнясення Гасподня пад кіраўніцтвам Ірыны Чысцяковай, радасна і ўзнёсла гучалі песні ў выкананні лаўрэата абласнога фестывалю духоўнай песні “За сонцам услед” народнага ансамбля песні “Млечны шлях” пад кіраўніцтвам Таццяны Казловай. А з вуснаў вядучых канцэрта — вядучага спецыяліста раённага цэнтра культуры Кацярыны Шустал і наведвальніцы гуртка “Юны журналіст” СШ № 4 г. Нясвіжа Карыны Язэпчык — ліліся пранікнёныя вершы сябра раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” Соф’і Любанец. Краналі за душу лірычныя творы ў выкананні спявачкі Алесі Сугак, трыа ў складзе Вольгі Александровіч, Валерыя і Жанны Чучман. Парадавалі святочнымі песнапеннямі ўдзельнікі дзіцячага хору Свята-Георгіеўскага храма г. Нясвіжа пад кіраўніцтвам Хрысціны Пятрэнка. Асабліва ўсцешылі ўсіх гледачоў самыя маленькія ўдзельнікі хору — Улада Чурак і Ксенія Пятрэнка. Яны чыталі вершы, спявалі разам з больш дарослымі дзецьмі. А маленькая Ксенія  паспрабавала сябе нават у ролі дырыжора. Зала праводзіла іх гучнымі апладысментамі, якія перайшлі ў авацыю.

Народны вакальны ансамбль  “Забава” праспяваў песню “Мой храм”. Падчас яе гучання на экране ішлі відэазапісы богаслужэнняў ў храмах Нясвіж-скага благачыння, падрыхтаваныя Кацярынай Шустал.  І кожны, хто прысутнічаў у зале, успамінаў свой храм. У кагосьці ён блізка, у кагосьці яшчэ вельмі далёка. Але жыццё ўсё расставіць на свае месцы, аб чым спявалі ўдзельнікі дуэта Жанна Чучман і Ігар Дубешка. Іх песня так і называлася —  “Жыццё”.

У свята Нараджэння Хрыстова зоркі на небе свецяць асабліва ярка. А ў зале іх запальвалі ўдзельнікі студыі “Мікст” пад кіраўніцтвам Таццяны Мароз. Падчас канцэрта адбылася і прэм’ера. Упершыню прагучала “Калыханка” ў выкананні аўтара —  пеўчай храма Узнясення Гасподня, сябра раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” Алены Шаблоўскай. Твор нашай зямлячкі, які суправаджаўся відэасюжэтам, цудоўна падабраным зноў жа Кацярынай Шустал, дапамог узнавіць у памяці гісторыю свята Нараджэння Хрыстова.

Многія выканаўцы сталі  пастаяннымі ўдзельнікамі духоўных канцэртаў. А для ўдзельнікаў тэатральнага гуртка “Агеньчык” СШ        № 4 г. Нясвіжа магчымасць выступіць падчас такога свята надарылася ўпершыню. Яны дасылалі свае па-святочнаму гумарыстычныя, але і глыбокія пажаданні ўсім прысутным: дактарам і святарам, настаўнікам і вучням, міліцыянерам, будаўнікам, прыхаджанам храмаў і сваім бацькам:

… Міласціваму — міласці,

Шчыраму — па шчырасці…

А шчырасці ў гэты вечар было многа. І яе падаравалі сваім гасцям не толькі ўдзельнікі канцэрта, але і многія супрацоўнікі Няс-віжскага цэнтра культуры: мастацкі кіраўнік свята Ганна Віннічак, гукааператар Міхаіл Ерахавец, відэааператар Валерыя Ані-     фер, рабочыя сцэны Аляксандр Іваноў і Аляксей Наумовіч. Мастацкае афармленне святлом дапамаглі зрабіць Андрэй Шынгель, Алена Івахніна і  Алена Хоміч.

Яны былі па-за кадрам, не схілялі свае галовы ў паклонах, адгукаючыся на бурныя апладысменты. Усім ім, як і іншым удзельнікам канцэрта, падзякаваў благачынны Нясвіжскай царкоўнай акругі протаіерэй Аляксандр Данчанка, а таксама ўсе гледачы, якія   падняліся са сваіх месцаў,  каб ушанаваць тых, хто ў такі вялікі дзень падараваў ім радасць. А пасля ніколечкі не спяшаліся дадому, хацелася працягу. Шмат гледачоў сабралася ля выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці, падрыхтаванай пад кіраўніцтвам загадчыка раённага цэнтра народнай творчасці Наталлі Богуш. Тут  былі прадстаўлены іконы Таццяны Бутрымовіч, Веры Мацневай, Алены Дубініч,  Алены Хоміч і Алены Івахнінай. Навагоднія ёлкі з розных матэрыялаў  Ганны Міхайлік, Вікторыі Лукашэвіч, Алены Хоміч, Алены Івахнінай, тэкстыльная лялька Наталлі Леўшынай, саламяны павук Ганны Міхайлік  вельмі спадабаліся дзецям і дарослым.

А што наконт працягу? Працяг абавязкова будзе. На кожнай літургіі, дзе мы будзем зноўку маліцца і дзякаваць за новы дзень, падараваны Богам.

Валянціна ШЧАРБАКОВА,

г. Нясвіж.

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.

 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.