Проза, вершы і… шчырасць

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Гэтымі трыма словамі можна ахарактарызаваць новую кнігу Зоі Капусты “Капыльская містэрыя”, якая ў канцы 2017 года выйшла ў Нясвіжскай друкарні імя Сымона Буднага.

Творы Зоі Мікалаеўны Капусты (сапраўднае прозвішча — Кулік) ужо вядомыя нясвіжскаму чытачу. Яе вершы друкаваліся ў раённай газеце “Нясвіжскія навіны”  і іншых выданнях Беларусі, а ў канцы 2016 года тут жа, у Нясвіжы,  выйшаў яе першы зборнік прозы і паэзіі “Перад табой стаю”. Асобныя творы Зоі Капусты неаднаразова друкаваліся ў Вільнюсе, у суседняй Літве, дзе выдавала свае альманахі паэтычнае аб’яднанне “Мір”.

У новую кнігу самабытнай аўтаркі  ўвайшла аповесць “Капыльская  містэрыя” і падборка вершаў, напісаных з 2007 па 2017 год.

Аповесць, прысвечаная славутаму Лаўскаму бою, які адбыўся на суседняй Капыль-шчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны і стаў апошнім для 18 маладых партызан, атрымалася на дзіва  пранізлівай і нечаканай. Аўтару ўдалося паказаць свой, асабісты, погляд на ваенны час і так тонка  і пераканаўча сплесці ў адзіны захапляльны ўзор трагічнае мінулае і мірную сучаснасць, што гэты твор зазіхацеў тымі самымі дарагімі і чыстымі дыяментамі, якія называюцца “слёзы чытачоў”. Хтосьці можа іх стрымаць, хтосьці — не, але, безумоўна, раўнадушным не застанецца ніхто.

Вершы, размешчаныя ў другой частцы кнігі, прысвечаны каштоўнасцям, дарагім кожнаму чалавеку — каханню, сяброўству, родным людзям, Радзіме, вобразу Жанчыны як адной са  стваральных сіл Сусвету. Думаецца, што кожны чытач знойдзе ў іх нешта  асабістае, блізкае менавіта яму.

Кніга Зоі Кулік “Капыльская містэрыя” ў хуткім часе з,явіцца ў фондзе цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.