Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 11 °C

Дзевяноста гадоў споўнілася ветэрану з Несвiжа

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

21 студзеня ветэрану Вялікай Айчыннай вайны

 Рыгору Сяргеевічу Гарачкоўскаму споўнілася 90 гадоў

На яго долю выпалі самыя розныя жыццёвыя ролі. У гады Вялікай Айчыннай вайны — юны партызан, баец знішчальнага батальёна пры НКУС. У мірны  час — салдат Савецкай Арміі, камандзір-інструктар РК ДТСААФ, кіраўнік Нясвіжскага райхарчкамбіната, старшыня праўлення Нясвіжскага  райспажыўтаварыства. І ўсё, чым бы ні займаўся, рабіў грунтоўна, па-гаспадарску, з веданнем справы. Сам быў актыўны, нераўнадушны і паважаў такіх жа. Прызнаваўся: “Мне падабалася працаваць з людзьмі. Цаніў актыўных, думаючых, неабыякавых да справы”. Таму і было так шмат зроблена ў гандлёвай сферы Нясвіжчыны ў тыя гады, калі ён узначальваў рай-спажыўсаюз — з 1971 да 1987 года. У арганізацыі былі пабудаваны новае гароднінафруктасховішча, квасільна-засолачны, кансервавы, безалкагольны і кандытарскі цэхі. У 2 разы  павялічылі магутнасць халадзільнікаў. Адчынялі шматлікія  новыя гандлёвыя кропкі. Вялікая ўвага надавалася сельскаму гандлю. Цяпер кажуць, што пры савецкай уладзе ў магазінах нічога не было. Я б так катэгарычна не сцвярджала. Не заўсёды ж прылаўкі былі пустымі. Памятаю, сваё першае футра, вядома, штучнае, купіла іменна ў “старым універмагу”, які належаў райспажыўтаварыству.Там жа — модны на той час нейлонавы прашыты дамашні халацік, балгарскую камізэлечку са стрыжанай аўчыны, фінскія  зімовыя боцікі… А колькі трыкатажных вырабаў прыкупіла ў магазіне   № 20 у сваёй роднай  вёсцы Затур’я! Зімовае паліто — у магазіне суседняй вёскі Юшавічы, патрэбны  посуд — у Сейлавічах. А падчас паездкі па рэдакцыйных справах у Высокую Ліпу “адхапіла” ў мясцовай краме даволі прыстойны аўстрыйскі дзелавы касцюм. Кошт яго амаль раўняўся маёй месячнай зарплаце (з сабой столькі не было, калегі “паскраблі па сусеках”, выручылі), але задавальненне пакупка прынесла вялікае.



Тавараў было шмат і розных. Магчыма, і планавае размеркаванне з вобласці адыгрывала ў гэтым ролю, і, думаю, аўтарытэт Р.С. Гарачкоўскага, яго напорыстасць, хватка  — яшчэ ў большай ступені. Бо, як кажуць, пад ляжачы камень вада не цячэ.

За шматгадовую паспяховую работу Р.С. Гарачкоўскі быў удастоены медаля “Ветэран працы”. Ёсць у яго і залаты медаль Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР.

Дзелавітасць, уменне знаходзіць выхад з сітуацый, гаспадарлівасць — гэтыя дастойныя мужчынскія якасці выпрацаваліся ў характары Рыгора Гарачкоўскага з дзяцінства. У чатыры гады ён страціў бацьку, яго з сястрычкай гадавала маці, якой, падросшы, дапамагаў ва ўсім. У трынаццаць твар у твар сутыкнуўся са страшэннымі, крывавымі падзеямі Вялікай  Айчыннай вайны.

Праз іх украінскае сяло Падвысокае адступалі 6-я і 12-я савецкія арміі. Жыхары дапамагалі параненым чырвонаармейцам. А з захаду насоўваўся вораг. Рыгор пайшоў у партызаны. Збіраў кінутую зброю, потым перадаваў яе ў атрад імя Сталіна. Каб лягчэй гэта было рабіць, уладкаваўся пастухом да лесніка.

Калі, атрымаўшы цвёрды адпор на савецкай зямлі,  немцы адступалі на захад, у лясах заставаліся іх асобныя групкі. Для ліквідацыі пры НКАУС быў створаны знішчальны батальён. Рыгор Гарачкоўскі стаў яго байцом, нягледзячы на малады ўзрост — дарослыя цанілі яго смеласць і рашучасць. Там ён служыў з красавіка 1944 да красавіка 1945 года. Пасля адной з паспяхова праведзеных аперацый юнака прынялі ў рады камсамола.

Са свайго ваеннага юнацтва несвіжанін Рыгор Сяргеевіч Гарачкоўскі прыгадвае вось такі эпізод:

— Я з таварышам вяртаўся з разведкі. Да штаба заставалася хат 8 — 10. І раптам з парога адной хаты раздалася аўтаматная чарга. Віктара параніла ў правую руку. Я выхапіў пісталет і некалькі разоў стрэліў у адказ. Затым схапіў сябра за каўнер і мы схаваліся за вугал бліжэйшай хаты. Хутка  зноў пачулі стральбу. Я зразумеў: немцу прыбыла падмога. Але мы ўжо былі ў штабе. Я далажыў камандзіру аб тым, што адбылося. Партызаны знішчылі ворага. А мне і Віктару была аб’яўлена падзяка перад строем.

Рыгор Сяргеевіч узнагаро-джаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, медалямі “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.”, “Партызан Вялікай Айчыннай вайны”, “За працоўную доблесць у Вялікую Айчынную вайну”, юбілейным медалём да 100-годдзя з дня нараджэння маршала Г.К. Жукава.

Нарадзіўшыся ў Кіеўскай вобласці, жыхаром Нясвіжа  ён стаў у 1951 годзе. Тут абзавёўся сям’ёй, нарадзіліся дзеці, унукі, праўнукі. Тут у яго з’явіліся новыя сябры, таварышы. Тут праявілася і хобі Рыгора Сяргеевіча: ён шмат гадоў быў умелым, трапным паляўнічым, з цвёрдай рукой і зоркім вокам. І пачуцця страху пры сустрэчы з драпежнікамі ніколі не адчуваў — ці то ў вайну выпрацаваліся стрыманасць і смеласць, ці то ад нараджэння быў такім.

У маім журналісцкім архіве захоўваюцца паляўнічыя байкі Рыгора Сяргеевіча. Перакажу нашым чытачам адну гісторыю.

Ішоў другі пасляваенны год. Ва Украіне людзі галадалі, у пошуках хлеба некаторыя ад’язджалі ў Беларусь. Маці прапанавала і Рыгору ехаць у заробкі, каб не памерці з голаду. Юнак з надзеяй на здабычу пайшоў у лес, прыхапіўшы  рэвальвер, што застаўся з вайны. Пашчасціла яму падстрэліць арла. Буйнога, з індыка. Параненая птушка кідалася на хлопца, але ён злаўчыўся і палкай аглушыў яе. Дома маці запаліла печ, ашчыпала птушку і сказала: “Сячы на чатыры часткі, хопіць на чатыры дні. Цяпер ты, сынок, у Беларусь не паедзеш”. Стаяў сакавік, самы галодны час. Трэба было яшчэ з тыдзень пратрымацца. А пасля ўжо пайшлі крапіва, лебяда. Жалуды пачалі сабіраць і таўчы ў ступе. Знаходзілі ў полі мёрзлыя бульбіны, з якіх гатавалі клёцкі… Так арол выратаваў, можна сказаць, іх жыццё.

А ў Беларусь Рыгор Гарачкоўскі трапіў пазней, з другой нагоды: перавялі на службу ў нясвіжскі полк.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота з архіва рэдакцыі.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!