Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 8 °C

З канцэртам да суседзяў

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

Вядомае  выслоўе “не хлебам адзіным”  прадугледжвае  іншыя важныя моманты ў жыцці чалавека. І адным з іх , безумоўна, з’яўляецца настрой. Каб стварыць яго добрым і прыемным, патрэбны  песні ды жарты. Такім пастулатам і кіруецца  хор ветэранаў працы г. Нясвіжа  “Аптымісты”, у творчым багажы якога шмат выязных канцэртаў у працоўныя  калектывы горада і раёна. На гэты раз наша паездка адбылася  да суседзяў — на ўнітарнае прадпрыемства “Клецкі  вытворча-харчовы завод”. Адразу скажу, што ініцыятарам і натхніцелем яе стала нязменная вядучая  хору Г.І. Ярмалінская, якая пастаянна праяўляе творчы неспакой і наладжвае цікавыя паездкі з канцэртамі. У актавай зале хлебазавода сабраліся пекары, рабочыя, лабаранты на чале з дырэктарам  Ю.А. Баравіцкім. Ён коратка пазнаёміў нас са здабыткамі прадпрыемства, якое пастаўляе  сваю прадукцыю не толькі кляччанам, але і жыхарам Салігорска, Нясвіжа ды іншым спажыўцам. А яшчэ калектыў прымае ўдзел у розных конкурсах і выставах, на якіх заваёўвае дастойныя месцы. У прыватнасці, па выніках рэспубліканскага  агляду  хлебабулачных прадпрыемстваў за 2016 год   атрымаў пяць узнагарод, сярод якіх залатыя і сярэбраныя медалі. Журы высока ацаніла хлеб “Дэпутацкі”, “Магія”,” кекс “Сузор’е”, торт “Спакуса” і іншыя вырабы. І ў мінулым годзе клецкія майстры не здалі пазіцый, атрымаўшы чатыры залатыя медалі і Гран-пры за ўдзел у конкурсах. Уразілі камісію і кандытарскія вырабы: мудрагелістыя караваі, тарты, розныя фігуркі.



Прыемна выступаць перад такімі працавітымі людзьмі, вялікая група якіх і прыйшла да нас на канцэрт. А харысты-аптымісты пастараліся  даставіць ім радасць добрымі песнямі. Гучалі  ўсім вядомыя і прыгожыя творы: “Малінавы звон”, “Гуляць дык гуляць”, “Сонца ў азерцы”, шчымлівая “Сустрэча з домам”. Гледачы актыўна апладзіравалі, многія падпявалі. Ажыўлена рэагавалі яны на вясёлую песню “Перевоз Дуня держала”, у канцы якой саліст  В.К. Раманчук па-мастацку выканаў салаўіны свіст. “Заводзілі” прысутных  і гарэзлівыя прыпеўкі ў выкананні Т.П. Сіраш і А.В. Гапановіча. Шмат  заслужаных апладысментаў выпала на долю 88-гадовага ўдзельніка хору М.У. Сарычава, які праспяваў сваю каронную песню “Мне за семдзесят  ужо”. Разнастайнасць канцэртнай праграмы спадабалася хлебапёкам, што парадавала артыстаў. Важкая заслуга ў тым кіраўніка  “Аптымістаў “ І.К. Латушка. А чытальнік хору “Аптымісты” М.М. Петручэня пранікнёна  прадставіў  слухачам верш “Шклянка малака”.

Вядучая Г.І. Ярмалінская ад усіх нас павіншавала эканаміста прадпрыемства В.А. Паўленка  з днём нараджэння і пажадала працоўных поспехаў, здароўя ды шчасця.

Напрыканцы дырэктар УП “Клецкі  вытворча-харчовы завод” Ю.А. Баравіцкі падзякаваў харыстам за добрае выступленне і створаны прыўзняты настрой для людзей. Нам было прыемна.

 Раіса ХВІР,

удзельніца хору ветэранаў працы 

г. Нясвіжа “Аптымісты”.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!