Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 3 °C

Дакрануцца да дзіцячай душы

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

Пост опубликован: 02.02.2018

Заўтра ў школах раёна пройдуць традыцыйныя вечары сустрэч з выпуск-нікамі, падчас якіх былыя вучні будуць дзякаваць сваім настаўнікам за веды, увагу і клопат, якія яны ім падарылі, за ўсё тое, з чым  выйшлі на дарогу ў вялікае жыццё. І ўявіце сабе, колькі такой удзячнасці будзе прымаць настаўнік,    з-пад крыла якога амаль за чатыры дзесяцігоддзі самаадданай  працы ў школе выйшлі не адзінкі, не дзясяткі, а сотні вучняў?



Выдатнік адукацыі, настаўніца беларускай мовы
і літаратуры Сноўскай СШ Соф’я Іосіфаўна
Еўшаль са сваёй вучаніцай, пераможцай
рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове
і літаратуры Анастасіяй Верасоча

Адна з такіх, улюбёных у сваю справу педагогаў, — настаўніца беларускай мовы і літаратуры Сноўскай СШ Соф’я Іосіфаўна Еўшаль. Гэты навучальны год — 37-ы ў яе настаўніцкай практыцы.

Шлях Соф’і Іосіфаўны ў педагогіку пачаўся з прыгожай вёскі з не менш прыгожай назвай Уселюб, што ў Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці. Там яна вырасла, там і закончыла мясцовую школу. Вучылася вельмі добра, толькі атрымаць залаты медаль перашкодзіла чацвёрка па фізкультуры, што неспадзявана “закралася” ў адзнакі за 9-ы клас, а сярэбраныя тады не давалі. Зараз цяжка сабе ўявіць гераіню гэтага аповеду кімсьці іншым, але, па яе ўласным прызнанні, за кампанію з сяброўкай яна адразу завезла дакументы ў Баранавіцкі тэхналагічны тэхнікум, але ў прыёмнай камісіі, на шчасце для яе будучых вучняў, ёй сказалі: “З такімі адзнакамі вы не павінны ў нас вучыцца!..”

Лёгкае засмучэнне з-за неатрыманага медаля не перашко-дзіла таленавітай дзяўчыне здаць на дзве пяцёркі і дзве чацвёркі экзамены на філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта і прысвяціць сябе таму, чым яна ўсёй душой  захаплялася яшчэ ў школе — мове і літаратуры. Тагачасны філфак даваў вышэйшую адукацыю адразу па дзвюх мовах — рускай і беларускай. Па размеркаванні маладая настаўніца трапіла ў вёску Гудзевічы, што недалёка ад Гродна. Гэта быў 1981 год. Там якраз толькі што пабудавалі новую школу, ёй далі класнае кіраўніцтва ў 9-м класе, дзе давялося выкладаць рускую мову і літаратуру. Усё там падабалася, і, магчыма, Соф’я Іосіфаўна так бы і засталася ў той мясціне, аднак — сэрцу не загадаеш: пазнаёміўшыся з добрым хлопцам са Снова, яна выйшла за яго замуж і прыехала на радзіму мужа. Месца настаўніка адразу не было, і першыя тры гады ў Сноўскай школе прыйшлося папрацаваць бібліятэкарам, затым — выхавацелем групы падоўжанага дня з некалькімі гадзінамі мовы, а затым, калі вызвалілася месца настаўніка беларускай мовы, — поўнасцю прысвяціць сябе любімай справе. Было і такое, што ў адным і тым жа класе даводзілася выкладаць і рускую, і беларускую мову. Гэта было вельмі складана і ў той жа час вельмі цікава.

— Люблю сваю работу, — гаворыць Соф’я Іосіфаўна. — Вельмі люблю. І мне пашанцавала, што я трапіла ў такі калектыў. Ва ўсе часы, пры ўсіх кіраўніках, тут не было сумна ці нецікава. Мы пастаянна спасцігаем нешта новае, ідзём наперад. І браць прыклад было тут з каго. Марыя Аляксандраўна  Рымашэўская, Іосіф Віктаравіч Казадой, Іван Іосіфавіч Калоша — усё гэта Настаўнікі з вялікай літары, і я ў іх многаму навучылася. Шмат залежыць і ад кіраўніцтва — калі ідзеш на работу з добрым настроем і няма ў душы хвалявання, што вось зараз на цябе нехта накрычыць ці па-крыўдзіць — гэта вельмі важна. І дырэктар наша Галіна Васільеўна Радаман, і завуч Уладзімір Васільевіч Сарагавец — вельмі тактоўныя, добразычлівыя людзі. Калі трэба — паправяць, дапамогуць, падкажуць, як зрабіць лепш. У жыцці ж усякае бывае, ад памылак ніхто не застрахаваны. Галоўнае, што мы ўсе робім агульную справу — працуем для нашых дзяцей.

Першы выпуск С.І. Еўшаль (1995 год)

На пытанне, які прынцып галоўны ў яе рабоце, Соф’я Іосіфаўна з усмешкай адказала: “Любі, як душу, калаці, як грушу”. І дадала: “Я вельмі люблю дзяцей, вельмі. Але настаўнік я строгі. На ўроку ў мяне не пагуляеш. Калі пусціць дзіця на самацёк, нічога не атрымаецца”. Вось у гэтым мудрым спалучэнні любові і патрабавальнасці, напэўна, і ёсць галоўны сакрэт яе педагагічнага поспеху.

— Вядома, дзеці мяняюцца, — гаворыць вопытная настаўніца. — Сёння яны — дзеці навукі, дзеці камп’ютарных тэхналогій, і я стаўлюся да гэтага абсалютна нармальна! А як інакш? Гэта — жыццё! Галоўнае — што гэта людзі, гэта жывыя душы. І калі да іх дакранешся, хоць гэта і цяжка, зачэпіш іх за жывое, яны абавязкова адгукнуцца… Трэба патрабаваць у першую чаргу з сябе, а потым ужо — з дзяцей.

Вось так яна і працуе ўсе гэтыя гады — дзесьці ўгаворвае і растлумачвае, дзесьці здзіўляе, а дзесьці — і проста прымушае.

Напрыклад, аднойчы трое з яе выхаванцаў-шасцікласнікаў не прачыталі зусім невялікі твор. Была пятніца, Соф’я Іосіфаўна разумела, што дома на выхадных усё роўна не прачытаюць. І пакінула ўсіх траіх пасля ўрокаў. Сказала, што будуць чытаць усе разам. Адзін хлопчык круціўся-круціўся і заявіў, што не будзе     чытаць. “Не чытай, — сказала настаўніца. — Да пяці гадзін яшчэ далёка”. У рэшце рэшт прачыталі і выправілі свае двойкі на лепшыя адзнакі. А адзін са “штраф-нікоў” сказаў: “У жыцці больш не буду ў школе чытаць. Буду чытаць дома”. Што, уласна,  і патрабавалася.

Яшчэ адзін важнейшы прынцып гэтай настаўніцы — дзяцей трэба хваліць. Хоць якую драбніч-ку ў адказе ці ў рабоце знайсці, за якую можна пахваліць. Дзеці любяць, калі іх хваляць. Ды й хіба дарослыя добрага слова не любяць? А для дзяцей гэта — як паветра. Вось удыхнулі свежага — і далей за працу, яшчэ больш, яшчэ старанней.

Яшчэ ў Соф’і Іосіфаўны ёсць і такі асаблівы талент, як уменне адчуваць патэнцыял вучня. Гэта як маленькі кволы агеньчык распаліць да яркай зоркі — раз за-цікавіўся вучань нечым звыш меры, другі раз — і пайшла дадатковая праца, падрыхтоўка да алімпіяды.

— Алімпіяды — мая любоў, — прызнаецца настаўніца. — Вельмі люблю да іх рыхтаваць. Хоць гэта і дадатковая напружаная праца і для мяне, і для вучня, але якая цікавая! Алім-піяда — гэта не толькі мова. Гэта і літаратура: трэба добра прамовіць вуснае выказванне, зрабіць водгук на верш, што вельмі няпроста, таму што погляд на верш у кожнага свой, і невядома, як да твайго погляду паставіцца камісія. Да таго ж — гэта выдатная падрыхтоўка да ЦТ. Калі вучань добра валодае мовай, ён спакойна здасць і тэсціраванне.

Сапраўды, сярод вучняў Соф’і Іосіфаўны нямала пераможцаў і прызёраў алімпіяд раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Зусім нядаўна, 12 сту-дзеня гэтага года, Дыплом пераможцы рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры атрымала яе вучаніца, адзінаццацікласніца Анастасія Верасоча.

Многія яе вучні, захапіўшыся светлым прыкладам сваёй настаўніцы, таксама абралі педагагічны шлях, а некаторыя нават працуюць зараз побач з ёю ў школе. Гэта педагог-арганізатар А.В. Бахурынская, настаўніца пачатковых класаў А.А. Акулік, выхавацель групы падоўжанага дня І.Р. Літвіненка. Т.С. Ломская  працуе выкладчыкам у БарДУ, а Н.У. Хадакова (Пузанкевіч) стала дырэктарам Пагарэльцаўскай СШ. З першага разу паступілі ў педінстытут імя Горкага (на той час) і пяць вучняў з яе першага выпуску (1995 год), так званага “пед-класа”.

Што і казаць, як прыемна бывае чуць, калі былыя вучні на вечарах сустрэч расказваюць, што ў ВНУ ў іх пытаюцца: “А хто ў вас вёў беларускую мову?” І калі чуюць у адказ імя С.І. Еўшаль, гавораць: “А, ведаем, ведаем!”

Гэта само па сабе ўжо сведчыць пра высокі ўзровень працы настаўніка, і шматлікія Ганаровыя граматы раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню яшчэ раз пацвярджаюць гэта. А ў ліпені 2012 года Соф’і Іосіфаўне Еўшаль было прысвоена званне “Выдатнік адукацыі”.

Сама ж яна лічыць, што ўсе яе дасягненні сталі магчымымі ў многім дзякуючы падтрымцы сям’і —  мужа і сына, якія, кожны па-свайму, разумелі і падтрым-лівалі яе, як толькі маглі. І за гэта яна ім вельмі ўдзячна.

І сапраўды, без дзяцей і школы настаўніку па прызванні С.І. Еўшаль — як без паветра. Яна з імі і на ўроках, і ў паездках, а быў час — і на рэпетыцыях спектакляў, калі ў школе пад яе кіраўніцтвам дзейнічаў драматычны гурток. Зараз ён паспяхова працуе на базе Сноўскага СЦК, ператварыўшыся ў сапраўдны тэатр, якім кіруе А.А.  Дунчанка (выпускнік Сноўскай СШ), а некалі гэта таксама было яшчэ адным захапленнем Соф’і Іосіфаўны. І зараз яна імкнецца вывозіць сваіх вучняў у тэатры і музеі, у тым ліку — і ў музеі майстроў беларускага слова, каб яны з дзяцінства прывучаліся адчуваць сябе часцінкамі вялікай культуры — і сваёй, беларускай, і ўвогуле, культуры свету. Дзякуючы клопату агракамбіната “Сноў”, для гэтай добрай справы заўсёды ёсць транспарт.

А яшчэ не толькі як настаўнік, але і як класны кіраўнік, выхавацель юнага пакалення, Соф’я Іосіфаўна вельмі зацікаўлена духоўным выхаваннем дзяцей і падлеткаў. У рамках праграмы супрацоўніцтва з праваслаўнай царквой яна вядзе духоўную групу, якая рыхтуе тэатралізаваныя выступленні на Пакровы, на Каляды і Вялікдзень. Шмат працы яна прыклала і для пастаноўкі каляднага спектакля па матывах казкі “Маленькі прынц”, які напачатку студзеня быў паказаны ў Сноўскім СЦК для епіскапа Слуцкага і Салігорскага Антонія.

На пытанне, што, з вышыні свайго вопыту, яна пажадала б маладым педагогам, якія толькі прыходзяць у школу, Соф’я Іосіфаўна адказала: “Цярпення, умення слухаць дзяцей і чуць іх, вялікай самааддачы, гатоўнасці шмат працаваць над сабой, каб было што даць дзецям. Сёння проста стаяць і расказваць пра пісьменніка — гэта ўжо недастаткова. Трэба ісці ў нагу з навукай і тэхнікай, добра валодаць тэхнічным забеспячэннем, якое ў нашай, напрыклад, школе — на высокім узроўні. А самае галоўнае — памятаць, што калі медыцына  лечыць цела, то літаратура лечыць душу, і як ты навучыш гэту душу глядзець на свет, такі вырасце і чалавек. Вось гэта жадаю памятаць маладым настаўнікам!”

Мы далучаемся да гэтых мудрых слоў і жадаем, каб у нашых школах было як мага болей такіх педагогаў, як Соф’я Іосіфаўна Еўшаль, якая ўмее дзяцей і любіць, і вучыць.  А калі ўспомніць народную мудрасць, што жыццё настаўніка працягваецца ў яго вучнях, то цяжка будзе палічыць, на колькі яскравых непаўторных момантаў памножана жыццё гераіні нашага аповеду, колькі ў ім яшчэ наперадзе нязведанага і цікавага! Мы і не рызыкнём гэта палічыць. Няхай яно проста так будзе!

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!